У гэты асаблівы час мы сутыкаемся з неабходнасцю “перастаноўкі” ў думках, словах і ўчынках. Справа ў тым, каб “навярнуцца да Бога ўсім сваім сэрцам” (Ёэл 2, 12). Да Бога, у якім усё мае пачатак і канец. Бога, які аддаў за мяне жыццё і прагне, каб я Яго пераймаў. Неабходна толькі моцна маліцца аб тым, каб дабрыня Стварыцеля перамагла наша супраціўленне, каб над руінамі эгаізму ўсё выразней ззяла святло Божай любові. Для гэтага нам патрэбна мужнасць Веранікі і моц Сымона Кірынэйца. Патрэбна чуласць заплаканых жанчын, якія выйшлі насустрач Езусу. Патрэбен давер Марыі, каб не хавацца ад пакут і крыжа, а наблізіцца да яго і вызнаць, што Езус – наш Пан. На парозе Вялікага посту варта ўсвядоміць сабе: “Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне” (Флп 4, 13).
Мы павінны адважна вырушыць у Крыжовы шлях, каб здолець з пакорай выслухаць несправядлівыя абвінавачванні. Убачыць падзенне – і першае, і кожнае чарговае. Даўжэй затрымацца пры асаблівай сустрэчы Сына і Маці – без слоў і жэстаў, перапоўненай любоўю. Сустрэць Вераніку і Сымона. Суцешыць жанчын, што плачуць. І нарэшце – узысці на Галгофу, стаць пад крыжом і сказаць на ўвесь свет: “Крыж Хрыстовы, будзь праслаўлены!”.
Дарагія Чытачы!
Разважаючы муку і смерць Езуса на крыжы, давайце вучыцца па прыкладзе Збаўцы выконваць Божую волю. Давярайма Яму ўсе цяжкасці, цярпенні і жыццёвыя выпрабаванні. Няхай пост, малітва, пакута і ўчынкі міласэрнасці, за якія возьмемся ў гэты час, падрыхтуюць нас да радаснага перажывання Велікоднай раніцы – таямніцы Хрыста Уваскрослага.
Ахвяруем сваё сэрца і думкі Адзінаму Богу. Убачым Яго там, дзе дагэтуль не бачылі, дзе не хацелі пачуць. Давайце кожны дзень імкнуцца сустракаць Пана ў сваім сэрцы, жыццёвых падзеях, святыні, Божым слове.
Будзьма вернымі Хрысту, ідучы за Ім па дарозе крыжа. І тады нам нанова будзе дадзены Божы свет – свет праўды і радасці. Будзьма добрымі вадзіцелямі свайго жыцця. Звяртайма ўвагу на знакі любові, адным з якіх з’яўляецца Вялікі пост. Усім жадаю добрай дарогі!