Па Божай волі ўваходзім у Новы 2017 Панскі год. Кожны спадзяецца на добрыя змены і, канешне, на вяртанне жаданага супакою ў свеце, які ў апошні час быў парушаны тэрарыстычнымі актамі. Поўныя надзеі і веры, становімся з пустым начыннем, як тыя, што адпраўляюцца на пошукі скарбаў. Падчас гэтага падарожжа мы павінны напоўніць свае пасудзіны, і нават больш – мусім самі стаць імі, каб быць у руках Пана карыснымі інструментамі, праз якія праліваецца Яго ласка.
Кожны новы дзень, які дорыць нам Бог, – гэта выдатны шанс здзейсніць дабро, дбаючы аб сваёй душэўнай “глебе”. На ёй мусяць расцвісці цудоўныя кветкі – як прадвеснікі плёну, сабранага тут і ў вечнасці. Таму зараз стаім перад “шырокімі палямі”, якія дзякуючы нашым намаганням і супрацоўніцтву са Святым Духам павінны стаць шумнымі жытнімі палеткамі. Кожнае зярнятка існуе для таго, каб прынесці добры ўраджай, што надзвычайным чынам памнажаецца ад Божага позірку.
Дарагія Чытачы!
Жадаю кожнаму з Вас верна ісці за Панам, быць здольным на прабачэнне і цярпенне. Давайце навучымся славіць Бога, дзякаваць Яму за тое, што нам дае, а найперш за магчымаць нястомнага святкавання новых часоў. Абудзім у сэрцах патрэбу братэрскай зычлівасці. Паціснем руку і перададзім адзін аднаму пацалунак супакою. Няхай любоў аб’яўляецца не толькі ў словах, але і праз учынкі. І гэты навагодні старт стане прыгожай адпраўной кропкай чарговага прыпынку ў шчырай любові да бліжняга.