Перажыць праўдзівую радасць свят

Слова рэдактара

22-457-pdf byМы ўсё яшчэ трываем у адвэнтавым чаканні свят Божага Нараджэння. Перажываем асаблівы час ласкі, які дае нам Пан Бог. Дадзены перыяд служыць роздуму над пытаннем “што мы ўвогуле збіраемся святкаваць”, а таксама “як выглядае і куды накіроўваецца наша жыццё”.
    Час Адвэнту і Божага Нараджэння – гэта магчымасць усвядоміць і прыняць, што ні елка, ні падарункі, ні нават аплатка з сям’ёй не прынясуць шчасця: зямнога, а тым больш вечнага. Па-сапраўднаму ашчаслівіць чалавека здольны толькі Езус. Святы з’яўляюцца чарговым запрашэннем да таго, каб за “ўпакоўкай” – пакупкамі ды прыгатаваннем смачных страў – мы разгледзелі сапраўдны “падарунак” – жывога Бога. Варта разарваць тую абалонку, што так часта замінае ўбачыць рэчаіснасць, і перажыць праўдзівую радасць гэтай урачыстасці. І тады шыкоўны вігілійны стол ці дарагія сюрпрызы ад св. Мікалая будуць нічым у параўнанні з духоўным багаццем.
Разам з прыходам Пана нашыя сэрцы павінны напоўніцца любоўю і радасцю. Стварыцель свету аб’явіўся Чалавекам, каб быць як мага бліжэй да людзей, бачыць і раздзяляць іх турботы, радасці, клопаты і надзеі. Ён не хоча заставацца недасяжным і далёкім, але як нявіннае Немаўля запрашае стаць Божымі дзецьмі – паслухмянымі, якія без рэшты давяраюць апецы Айца.
    Сёлетняе святкаванне Божага Нараджэння не першае ў гісторыі Касцёла. Але ўсё яшчэ ўражвае цуд, які здзейсніўся больш за 2 тысячы гадоў таму і будзе трываць да канца часоў. Бог прыходзіць вельмі ціха: як у тую ноч у Бэтлееме. Найважнейшая таямніца адкрываецца тым, хто поўнасцю і бязмежна верыць. Зірнём на шопку і на Езуса, утоенага ў табернаклі – мы можам перажываць цуд Уцелаўлення падчас кожнага Пераісточання. Хрыстос у сваім хвалебным Целе прысутнічае таксама як Дзіця, у якім існуе такая ж паўната Боства, што і ў прыбітым да крыжа Богу-Чалавеку.
    У вігілійную ноч скіруем позірк на неба і першую зорку. Яна ўкажа нам дарогу і правядзе ў бэтлеемскі хлеўчык, як некалі накіравала мудрацоў з Усходу. Створым адпаведны клімат, каб Езус, прыйшоўшы, застаў дзверы нашых сэрцаў адкрытымі і сагрэўся ў іх – не толькі падчас сямейных, поўных радасці і прабачэння свят, але і на працягу ўсяго жыцця.
   
      Дарагія Чытачы!
    Вы трымаеце ў руках апошні нумар газеты ў бягучым годзе. З гэтай нагоды хацелася б падзякаваць за тое, што надалей застаецеся з намі, Сябры. Мы існуем менавіта для Вас, таму прыміце ад імя ўсёй рэдакцыі асаблівыя святочныя пажаданні. Няхай Хрыстос народзіцца ў Вашых сэрцах, а Яго любоў напоўніць супакоем. Дзіцятка Езус стане крыніцай глыбокай веры, нязломнай надзеі і гарачай любові. А Марыя Панна, якая схіляецца над яселькамі, выпрасіць усім бласлаўлення на надыходзячы 2017 год Панскі.