Трывайма ў падзяцы

Слова рэдактара

20-455-pdf byЛістапад мае для Гродзеншчыны асаблівае значэнне. У гэтым месяцы прыпадае ўрачыстасць заступніцы дыяцэзіі – Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці.
    Выбар апякункі нашых земляў невыпадковы. Разам з узнікненнем дыяцэзіі быў прызначаны яе першы біскуп Аляксандр Кашкевіч, які прыбыў у Гродна з Вільнюса, адкуль бярэ пачатак культ цудатворнага абраза. Распачынаючы сваю паслугу, ардынарый вельмі хацеў даручыць будучыню мясцовага Касцёла Вастрабрамскай Панне. І вось ужо на працягу 25-ці гадоў Маці Міласэрнасці вядзе нас па дарогах веры, прыходзіць на дапамогу, ахінае плашчом літасці і з’яўляецца, перш за ўсё, цярпліва слухаючай Мамай. Бо такое Яе заданне.
    Марыя па-асабліваму адчула міласэрнасць. За ўдзел у яе аб’яўленні Найсвяцейшая Панна заплаціла сваім сэрцам. Гэтая ахвяра цесна звязана з крыжом Сына, каля якога стаяла на Кальварыі. Там пазнала цану Божай міласэрнасці, наколькі яна вялікая.
Але міласэрная любоў Бога не затрымліваецца на Марыі, а праз Яе далей аб’яўляецца ў гісторыі Касцёла і нашай дыяцэзіі ўключна. Яе чулая апека над гродзенскім Касцёлам паспрыяла таму, што сёння маем сотні месцаў культу, дзе адпраўляецца Эўхарыстыя, старанных святароў, якія жывуць для Пана, манаскіх сясцёр, гатовых да найбольшай ахвяры, і шматлікіх вернікаў, што прагнуць ісці дарогай Божых запаведзей.
    Маці Божая ў Вастрабрамскім абразе стала блізкай вернікам Гродзеншчыны. Яна знайшла годнае і ганаровае месца ў многіх дамах. Стала “жыхаркай” шматлікіх сем’яў, якія прагнуць на Хрысце будаваць сваю сучаснасць і будучыню.
   
   Вастрабрамская Панна! Дзякуем Табе за нашу дыяцэзіяльную сям’ю, настолькі разнастайную і багатую рознымі традыцыямі і культурай. Дзякуем за нястомную дапамогу і апеку. Заклікаем, будзь побач са сваімі дзецьмі, калі ім неабходна Тваё заступніцтва і апека.