Спяшаймася любіць людзей...

Слова рэдактара

19-454-pdf byЧас пралятае вельмі хутка. Вось-вось распачнецца лістапад – месяц роздуму над сэнсам жыцця і яго мінучасці. А тое, будзе гэты роздум радасным і поўным надзеі ці сумным і прыгнятальным, залежыць ад нашай веры ў жыццё пасля смерці. Халодныя лістападаўскія дні звычайна атаясамліваюцца ў хрысціян з могілкамі, памяццю і малітвай за памерлых. Мы наведваем іх магілы, атрымліваем адпусты. Перад вачамі паўстаюць твары людзей, якіх ужо няма. Але ці сапраўды няма? Нават калі не побач, яны на самой справе ёсць і надалей будуць. Трэба толькі ў гэта паверыць і быць цярплівымі. Калісьці з імі абавязкова сустрэнемся.
Так ужо адбываецца, што мы заўсёды некуды спяшаемся, не здольныя спыніцца на хвіліну і адпачыць. Жывём у пастаянным бегу: школа, праца, сужэнства, абавязкі, барацьба за забеспячэнне лепшых умоў дзецям, апека над унукамі... Імкнёмся любой цаной рэалізаваць планы і пастановы, думаючы пра тое, што яшчэ трэба было б зрабіць. І толькі калі напаткае цяжкая хвароба, старасць ці смерць кагосьці блізкага, мы перастаём удзельнічаць у гэтай гонцы і пачынаем задумвацца: навошта ўсё гэта? Які яно мае сэнс? Варта задумацца над тым, што сапраўды самае важнае. Запаволіць тэмп і аглядзецца навокал, набліжаючыся да Бога, які ёсць Дарога, Праўда, Жыццё і Шчасце вечнае. Паспех нас губіць, бо з-за яго не маем часу на блізкіх. А калі ён і з’яўляецца, пытаем сябе: “Навошта, калі цяпер яго няма з кім правесці...”.
   Неабходна разумець, што смерць прыходзіць як няпрошаны госць, не пытаючыся, ці гатовыя мы. Таму трэба заўсёды быць падрыхтаванымі да сустрэчы з Панам “тварам у твар”. Пастараемся жыць так, каб смерць не спаткала нас знянацку і не прыйшла тады, калі яе не чакаем. Толькі ад нас саміх залежыць, будзе жыццё ярка ззяючай паходняй, якая дае святло і цеплыню тым, хто ідзе за ёй, ці ледзьве тлеючай свечкай, якая згасае і нават не пакідае пасля сябе следу.
   
   У першыя дні лістапада давайце схілімся над магіламі блізкіх. Хоць на хвіліну ўзгадаем іх твары, запалім свечкі на іх памяць. Нявяжна, добрыя ці дрэнныя гэта былі людзі.
    Толькі ў нас ёсць тая незвычайная моц – выпрасіць для іх у Бога ласку вечнага шчасця ў небе.