Праца ў школе нялёгкая, але прыемная з-за таго, што настаўнікі знаходзяцца поруч з маладым пакаленнем, якому “аддаюць сябе”. Гэтую прафесію выбіраюць па пакліканні. З-за пачуцця прызначэння праца не ўспрымаецца інструментальна. Кожны дзень у школе становіцца цудоўнай прыгодай. Быць настаўнікам – значыць змяняць свет. Навучаючы дзяцей, настаўнікі ўплываюць на тое, якімі людзьмі яны стануць. Праз выхаванне супрацоўнічаюць з імі ў стварэнні сістэмы каштоўнасцей, падказваюць, як перамагаць слабасці, умацоўваюць іх веру ва ўласныя магчымасці.
На пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года, а таксама ў пярэдадзень Дня настаўніка хочацца падзякаваць усім работнікам сферы адукацыі – выкладчыкам, настаўнікам і выхавацелям – за тое, што яны з вялікай адданасцю рэалізуюць сваю місію. Адкрываюцца на выхаванцаў, спадарожнічаюць ім у сталенні і развіцці, уводзяць у прастору сучасных ведаў і тэхналогій, адначасова абапіраючыся на дасягненні і мудрасць папярэднікаў і пастаянна ўдасканальваючы ўласныя навыкі. Узгадваючы тое дабро, якое кожны з нас атрымаў ад сваіх настаўнікаў, хочацца пажадаць, каб яны і далей былі аўтарытэтамі, якія не толькі словамі, але і прыкладам уласнага жыцця паказваюць, як жыць годна.
Давайце ахінём сваімі малітвамі ўсіх, хто ўкладвае сэрца ў развіццё і выхаванне новага пакалення. Няхай яны і ў далейшым з адданасцю спадарожнічаюць маладым людзям і будуць сведкамі таго, што выбар адпаведнай іерархіі каштоўнасцей робіць чалавека шчаслівым.