Вера Касцёла – не шведскі стол!

Слова рэдактара

Нумар 4 (297), 28 лютага 2010 года
Напэўна, многія з вас былі на прыёме гасцей, дзе гаспадары падавалі стравы на так званым шведскім стале. Такая форма арганізацыі прыёмаў гасцей дазваляе ім, улічыўшы ўласны кулінарны густ, выбраць для сябе самае лепшае. Запрошаныя ходзяць ад стала да стала і самі сабе выбіраюць тое, што ім найбольш за ўсё падабаецца са страваў.
    Вельмі часта аналагічнае “вандраванне” можна сустрэць у жыцці верніка, у гісторыі пілігрымуючага Касцёла, да якога кожны з нас належыць. Мы, забываючыся пра Божыя і касцёльныя запаведзі і колькі іх ёсць, пачынаем ствараць уласны жыццёвы катэхізм. Жыццёвы дэвіз тыпу: менш пакуты і цярпення, а больш задавальненняў служыць часцей за ўсё крытэрыем выбару запаведзяў.

Сённяшні свет прапагандуе такі спосаб мышлення рознымі сродкамі мас-медыяў. Асабліва цяпер у перыяд Вялікага посту не аднаму з нас, напэўна, цяжка зрабіць пастанову, а яшчэ складаней як найдаўжэй вытрымаць у добрых намерах, цяжка суцішыцца ў жыццёвай гонцы і больш часу прысвяціць Таму, Хто памёр за кожнага з нас на крыжы. Мы пачынаем па-рознаму апраўдвацца, выбіраючы толькі тое, што б нам адпавядала, забываючыся пра Божы голас і пра тое, што гэта Ён паказвае нам наш шлях у неба. Велікапосная пакута і навяртанне нясуць для кожнага з нас сапраўдную радасць Збавеннай Ночы.
    Мы не знойдзем ні аднаго месца ў Бібліі, дзе б Езус пераконваў нас часткова выбраць запаведзі ці падзяліць іх на больш і менш прыемныя. Езус нагадвае: “Калі Мяне любіце, захоўвайце прыказанні Мае” (Ян 14, 15). Памылковае мышленне: калі чалавек думае, што жыццё – гэта толькі пост і пакута, а запаведзі толькі забараняюць. Гэта - не праца, якая абмяжоўвала б нашую свабоду. Божая любоў дапамагае кожнаму з нас атрымаць сапраўдную радасць і надае сэнс нашаму жыццю. Жыццё павінна быць прасякнута паслухмянасцю Богу і Яго навуцы.
    Кожны з нас, робячы рахунак сумлення, не выбірае толькі тое, што найбольш яму падабаецца і для яго паводзінаў. Кожны вернік павінен цалкам прыняць навуку Хрыста. Мы не выбіраем тое, што любім, але паглыбляем нашую веру, развіваем Божыя Дары для ўласнага збавення - такая пастава верніка ўзбагаціць яго і ўвесь Касцёл.