Вуглі ў пекле ці хмаркі ў небе?

Слова рэдактара

Нумар 20 (289), 1 лістапада 2009 года Напэўна, розныя асацыяцыі выкліча гэтая назва, але ў чарговы раз я – бездапаможны ў пошуку універсальных адказаў на адвечныя пытанні. Божы слуга Ян Павел II падказвае, што ва ўсім трэба шукаць перш за ўсё Бога.
    Таямніца смерці і жыцця па-за магілай хвалюе кожнага чалавека і сёння. На гэты конт пануюць розныя погляды і меркаванні. Езус дае кожнаму з нас выразны адказ, які можна выразіць некалькімі словамі: “У доме Айца Майго жытла многа… іду прыгатаваць вам месца” (Ян 14, 2-3).
    Зямное жыццё з’яўляецца падрыхтоўкай да сустрэчы тварам у твар з Езусам, які павінен кожнаму з нас падрыхтаваць месца ў доме Айца. Мы павінны на гэта заслужыць. Чалавек можа выбраць, а Бог дазваляе яму на гэта: ісці Божым шляхам або сваім уласным, які нярэдка прапануе свет. Аднак трэба памятаць пра вынікі такога выбару. Можна зрабіць добры выбар – “хмаркі” або злы – “вуглі”.
Кожны з нас павінен усведамляць сваю грэшнасць, бо грэх выклікае духоўную смерць. Таму калі вы адчуваеце, што штосьці не так і хочаце якім-небудзь чынам упарадкаваць сваё жыццё, то пачніце з малітвы. Проста папрасіце Бога аб дапамозе. На сваім шляху, дзякуючы Божай Любові, мы можам не адзін раз вярнуцца, пачаць ізноў. Аднак толькі дзякуючы веры ў Езуса Хрыста мы атрымаем збаўленне. Многія людзі гэта ведаюць, але мала хто верыць у гэта. Вядомыя і невядомыя нам святыя зразумелі напэўна, які вялікі – Бог, а яны – малюткія і слабыя. Але з-за моцнай веры ў Божага Сына яны сталі вялікія. Сёння яны загадваюць нам таксама верыць у гэта і зразумець, пакуль не позна.
    У гэтыя дні мы можам асабліва ў гэта паверыць, збіраючыся ў выключным касцёле, чым ёсць могілкі. Сценамі гэтай нязвыклай святыні будзе магільны мур, дахам – адкрытае неба, а абразамі – надпісы на помніках. Гэтае месца - цалкам выключнае і мае сваю непаўторную атмасферу. Можа не адзін з нас у гэтыя дні малітваў за памерлых зразумее, што нашае жыццё тут на зямлі вырашае аб ўсёй нашай вечнасці. А таму мы маем дзве магчымасці і што выберам – гэта будзе залежаць ад нас. Толькі святы Аўгустын падказвае, што “Бог стварыў нас без нас, але збавіць нас без нас не можа”.
    Езус абяцаў выратаваць кожнага, хто звернецца да Яго па дапамогу. Ён збавіць усіх тых, хто прыйдзе да Яго. Той, хто далучыцца да Хрыста і прыме Яго збавеннае навучанне, той можа спакойна “ляжаць на хмарках”.