Крыжовы шлях

Семінарыйная газета

Набажэнства Крыжовага шляху найбольш рэка­мендуецца Апостальскай Сталіцай. Пан Езус гаварыў св. Фаўстыне: “Адна гадзіна разважання маёй балючай мукі мае большую заслугу, чым цэлы год бічавання сябе ажно да крыві, разважанне маіх балючых ран з’яўляецца для цябе вялікай карысцю, а мне прыносіць вялікую радасць” (Дз. 369). У пабожнай практыцы Крыжовага шляху ўзнаўляецца напамінак пакут, якія Збаўца перажыў падчас шляху ад Прэторыя Пілата, дзе быў асуджаны на смерць, ажно да ўкрыжавання і смерці для нашага збаўлення.
    Разважанне мукі Пана – гэта, паводле св. Тамаша з Аквіну, “школа ўсякіх цнотаў”. Набажэнства Крыжовага шляху з’яўляецца вельмі дабратворнай, дзейснай і прыемнай Богу практыкай. Яно ўзгадвае нам аб велічы нашай бессмяротнай душы, для якой Збаўца ў страшэнных пакутах аддае сваё жыццё. Яно адкрывае неспазнаную бязмежную любоў, дабрыню і міласэрнасць Бога, які для таго, каб выратаваць чалавека, не шкадуе ахвяры.
Адпраўляй Крыжовы шлях часта! Вучыся ў Збаўцы цнотам: цярплівасці, пакорнасці Божай волі, прабачэнню, жалю і любові да Бога і бліжняга. Бл. Ганна Кацярына Эммерых была сведкай наступнага: “Калі Пана Езуса вялі да Ірада, Ян з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і Магдаленай абышлі ўсе месцы, якімі ішоў Езус. Найсвяцейшая Маці часта кідалася на зямлю і цалавала тыя месцы, на якіх падаў Яе Сын. Такі быў пачатак Крыжовага шляху і пашаны, аддаванай Маці Езуса, перш чым яна была здзейснена”. Так Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Езуса, адкрыла Касцёлу новую крыніцу збірання заслуг Яе Сына, нібы дарагіх камянёў ці найкаштоўнейшых кветак, каб магчы ахвяраваць іх Спрадвечнаму Айцу за ўсіх людзей. Гэтай крыніцай з’яўляецца Крыжовы шлях. Вернікі, якія з пакорным сэрцам адпраўляюць Крыжовы шлях, паасобна ці супольна, атрымліваюць ласку поўнага адпусту.
    У першую пятніцу Вялікага посту набажэнства Крыжовага шляху ў катэдральнай базіліцы адпраўлялі клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Маліліся за людзей, залежных ад розных дрэнных звычак. Набажэнства было адплатай Пану Богу за грахі людзей, зняволеных п’янствам, наркотыкамі і амаральным жыццём. Я першы раз удзельнічаў у набажэнстве Крыжовага шляху ў катэдры. Касцёл быў перапоўнены вернікамі, пераважна сем’ямі залежных асоб, якія з глыбокай верай прасілі Пана Бога аб міласэрнасці для сваіх блізкіх, аб прабачэнні він і вызваленні ад залежнасцей.
    Я быў узрушаны, што столькі маладых людзей прыняло ўдзел у разважанні мукі Хрыста, ідучы па крывавых слядах Збаўцы, каб змякчыць Яго боль, які прычынялі натоўпы, што ішлі за Ім. Тых, хто спачуваў, было няшмат: Вераніка, заплаканыя жанчыны і Ян, большасць жа здзекавалася і высмейвала Асуджанага. Падчас гэтага Крыжовага шляху маё ўяўленне дазволіла мне быць побач з пакутуючым Езусам, але не ў якасці таго, хто спачувае, як Вераніка, а ў якасці салдафона, які здзекаваўся над церпячым Езусам. Здавалася, што я – гэта той жаўнер, які прыбівае Хрыста да крыжа, я быў тым страшным цвіком. Адначасова мне здавалася, што я – той асуджаны, які просіць Пана Езуса аб прабачэнні. Я таксама адчуў сябе ў ролі цэнтурыёна, які, каб праверыць, ці Пан Езус яшчэ жывы, прабіў бок Збаўцы, з якога выплылі кроў і вада... а затым упаў на калені і з верай прызнаў: “Гэта сапраўды быў Божы Сын”. І ў маім жыцці быў такі момант, калі я зразумеў, што не магу надалей абражаць Бога сваім грэшным жыццём, і са слязамі ў вачах я прасіў аб Божай міласэрнасці. Я адчуў яе, і Пан Езус паклікаў мяне ў семінарыю. Я прагну стаць святаром паводле Сэрца Езуса.