Падуя

Семінарыйная газета

Чым ёсць святасць? Кожны ведае, што яна з’яўляецца духоўнымі сталасцю і дасканаласцю. У гісторыі Касцёла можна сустрэцца з многімі рознымі святымі: адны з іх былі звычайнымі ў сваёй святасці, жылі проста, як мы, толькі ў іх было больш цнот, а шлях іншых быў годны здзіўлення, “рознакаляровы” з-за прыгод. Хоць аналагічна як і першыя, так і апошнія практыкавалі і мелі цноты ў дасканалай ступені, аднак, іх суправаджалі знакі асаблівай Божай прысутнасці ці цуды.
У якасці прыкладу святога, які жыў у XX ст., няхай паслужыць св. а. Піо. На працягу вякоў найбольш вернікі ўшаноўвалі св. Антонія Падуанскага.
Пры яго жыцці здзяйсняліся нязвыклыя рэчы, зрэшты, я адсылаю вас да цудоўнай і цікавай кнігі Гунермана В. “Антоній з Падуі” (ёсць у курыяльнай краме на рускай мове). Пашана да гэтага святога была настолькі вялікай, што гэта ёсць адзіны, праўдападобна, святы па-за Божай Маці, алтары якога аздаблялі дарагім адзеннем (як у Пабэрнардынскім касцёле ў Гродне). Шматлікія касцёлы, капліцы, алтары дзеля ўшанавання гэтага святога часта можна сустрэць на тэрыторыі Беларусі, а гэта пацвярджае, што ён з’яўляецца магутным заступнікам у Бога. Нават да сённяшняга дня клічуць на дапамогу гэтага святога, калі штосьці згубіцца, і шчыра кажучы, магу сказаць з уласнага досведу, што гэта вельмі эфектыўна. Чаму я пішу пра св. Антонія з Падуі? Таму што другім прыпынкам нашай клерыцкай пілігрымкі да стэлы апосталаў, была Падуя. На першы погляд Падуя здаецца спакойным і параўнальна прыязным месцам, дзе няма турыстычнага шуму. Прыемная атмасфера Падуі “прадзіралася” праз “панцыр” соннасці ранішняй гадзіны. Ад аўтобуснага прыпынку мы пайшлі ў бок базылікі св. Антонія. Дарога вяла нас цераз вялікую трыумфальную арку, прыгожы сквер, вакол якога праплывала невялікая рачулка, паўз цудоўных бела-мармуровых масткоў са статуямі чатырох бакоў свету, злучаючы гэты сквер з усім горадам. Базыліка св. Антонія – велізарная. У ёй ёсць шмат розных унутраных і знешніх аздабленняў. У святыні знаходзіцца магіла, дзе спачываюць астанкі св. Антонія, рэліквіі галасавых звязкаў, языка, манаскай расы. Сярод мноства мастацкіх шэдэўраў выклікала цікавасць скульптура шкілета з вялікімі крыллямі – такім арыгінальным спосабам мастак паказаў анёла смерці. Ксёндз Быкоўскі Валерый, выкладчык нашай семінарыі, пробашч парафіі з Адэльска, які вельмі ўшаноўвае св. Антонія, быў галоўным цэлебрантам Эўхарыстыі ў гэтым святым месцы. Святая Імша праходзіла ў невялікай сучаснай каплічцы, падрыхтаванай для нас, дзе знаходзіўся вельмі каштоўны вітраж, на якім была паказана смерць Езуса на крыжы. Пасля агульнай падзякі Езусу за Ахвяру Любові, напоўненыя ўражаннямі і перажытым, мы адправіліся да аўтобуса, каб прадоўжыць нашае паломніцтва.