Быць святым

Семінарыйная газета

Валадар сярод нас, Хрыстэ!
Дарагія міністранты! Падчас Велікодных урачыстасцяў мы аддаёмся ўспамінам пра перамогу Хрыста над грахом і смерцю. Наш Настаўнік, Гаспадар жыцця, адкрыў усяму чалавецтву брамы неба, дзякуючы паўстанню з памерлых. Кожны чалавек можа стаць спадкаемцам Нябеснага Валадарства, калі толькі ён адкажа свайму Збавіцелю сваёй непахіснай верай і добрымі чынамі. Людская істота, а асабліва хрысціянін, прызвана ўжо тут на зямлі да святасці: “Будзьце святымі, бо Я – святы, Пан, ваш Бог!” – чытаем у адной з кнігаў Старога Запавету (Лев 19, 2).
    Ці магчыма ў XXI стагоддзі святасць? Каб адказаць на гэтае пытанне, я запрашаю Вас, дарагія сябры, да супольнага роздуму.
    Касцёл навучае, што святы – гэта чалавек, які любіць Бога звыш сваіх сілаў і згаджаецца з Яго воляй. Сучасны свет, развіццё цывілізацыі, пагоня за грашамі перашкаджаюць людзям імкнуцца да святасці. Сёння нам можа здавацца, каб стаць святым, трэба быць кімсьці выключным і мець дар ад Бога. Аднак гэта не да канца праўда. Ідэал святога змяніўся на працягу тысячагоддзяў. Несумненна, святымі былі наступныя асобы: св. Стэфан, св. Алексій, св. Францішак з Асыжу, нягледзячы на тое, што яны ішлі да Айца ў неба рознымі шляхамі. Яны былі святымі, бо святы – гэта чалавек, які згаджаецца з Божай воляй.
Хоць цяперашні час - выключна складаны, але мы сустракаемся няспынна са святымі. Гэта не толькі тыя людзі, пра якіх можна пачуць у мас-медыях, імёнамі якіх названы святыні і якіх узвысіў Касцёл. Вельмі часта гэта – звыклыя “шэрыя” святыя, якіх не заўважаюць людзі. Яна даказваюць сваім жыццём, што мы можам крочыць да сапраўднай святасці, незалежна ад акалічнасцяў і цяжкасцяў. Такімі святымі з’яўляюцца часта нашыя бабулі ці бацькі. Святы – гэта не толькі чалавек, які штодзённа ходзіць у касцёл і цалкам прысвячае свой час малітве, але святыя – таксама дзеці , якія не могуць яшчэ маліцца, але сваёй радасцю і святым энтузіязмам праслаўляюць Бога самым найлепшым чынам.
    Самым лепшым прыкладам сучаснага святога з’яўляецца папа Ян Павел II. Нягледзячы на тое, што ў яго была вялікая ўлада, ён быў сціплы, не ўзвышаўся па-над усімі. У сваёй душы ён збудаваў цудоўную святыню веры і любові да Бога. Ён і сёння здзіўляе людзей сваім уменнем прабачаць: нямногія з нас змаглі б прабачыць чалавеку, які спрабаваў бы нас забіць. Сучасны свет павінен быць такім, як Ян Павел II: ціхі, пакорны, служыць іншым і “самым меншым сярод найменшых”. Кожны чалавек павінен імкнуцца да святасці, таму што гэта робіць яго дасканалым.