У імя Езуса Хрыста

З жыцця Касцёла

Рось. Санктуарый Езуса Журботнага– Што такое экзарцызм?
    – У Касцёле вылучаецца экзарцызм у простай форме, які, напрыклад, здзяйсняецца над абранымі асобамі ў перыяд катэхуменату, у абрадах хросту дзяцей, якія “будуць падвяргацца спакусам гэтага свету і павінны будуць змагацца супраць хітрасцей шатана”, а таксама ў кожнай малітве за вызваленне з-пад уплыву зла. Аднак існуе яшчэ т.зв. урачысты экзарцызм (вялікі экзарцызм), які належыць да сакраменталій Каталіцкага Касцёла.
    Урачысты экзарцызм (гр. exorkizein “выклінаць”), які мае на мэце “выгнанне злых духаў ці вызваленне з-пад іх дэманічнага ўплыву моцай духоўнай улады, якую Езус даручыў Касцёлу”, з’яўляецца просьбай ці патрабаваннем, якое належыць да сферы сакраменталій. Здзяйсняць такі экзарцызм можа святар-экзарцыст або кожны святар, які атрымаў выразны дазвол ад свайго ардынарыя.

    – Хто такі экзарцыст?
    – Паводле Каталіцкага Касцёла, экзарцыст – гэта святар, якому ардынарый даручыў паслугу служэння малітвай-экзарцызмам.

    – У чым розніца паміж экзарцызмам і шаманізмам?
    – Шаман – гэта асоба, якая выкарыстоўвае сувязі і пэўныя сілы звышчалавечых істот, духаў продкаў ці дэманаў. У малітве-экзарцызме мы заўсёды звяртаемся ў маленні да Бога ў Тройцы Адзінага або ў малітве загаднай формы – да дэмана ў імя Езуса Хрыста. Кс. Чэслаў Паўлюкевіч, выпускнік ВДС у Гродне, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі

   – Магія, акультызм, варажба – гэта прысутнасць шатана ў нашым жыцці?
    – Можна сфармуляваць і такім чынам, але гэта хутчэй формы дзейнасці д’ябла. Калісьці некаторыя святары звярталі маю ўвагу на тое, што я шмат гавару пра д’ябла. Гэта пэўнае непаразуменне, таму што пра д’ябла дастаткова казаць і ведаць тое, што пра яго напісана ў Бібліі: што гэта наш ВОРАГ. І гэтага хапае. Але каб змагацца і перамагаць, патрэбна ведаць тактыку ворага, якая часта, а можа і заўсёды, з’яўляецца скрытай – акультыстычнай.

    – Ці існуе чорная магія? На чым яна засноўваецца? Наколькі яна небяспечная для бязвіннага чалавека?

    – Магія – гэта заўсёды магія. Некаторыя падзяляюць яе на чорную, якая мае на мэце пашкодзіць, і белую, якая заклікана “дапамагаць”. Але крыніца моцы, да якой мы звяртаемся праз магію, заўсёды ў нашым ВОРАГУ, а ён мае на мэце “з’ядзенне чалавека”, заўсёды!

    – У Беларусі папулярнае выказванне: “Медыцына бяссільная, ідзіце да «бабак»”. Як Вы ставіцеся да такога тыпу лекараў і так званых “бабак”?
    – Я не маю з імі ніякіх сувязей, затое кожны дзень сустракаюся з іх “пацыентамі”. Няма сумненняў, што Бог адорвае рознымі дарамі і харызматамі, у тым ліку і харызматам аздараўлення, не толькі святароў, але і свецкіх асоб. Але што датычыць гэтых т.зв. “бабак”, я яшчэ не сустракаў, каб яны толькі маліліся.
    Заўсёды да гэтага дадаюцца пэўныя магічныя “рытуальчыкі”, “замовы”, формулкі. А гэта ўжо зварот не да Езуса Хрыста, а да іншых сіл.

    – Сёння па тэлебачанні шмат рэкламы гіпноза і экстрасэнсаў. Як Вы ставіцеся да гэтых з’яў?
    – Вельмі негатыўна. Гіпноз нясе ў сабе вельмі вялікую небяспеку для чалавека, больш аб гэтым можна даведацца з кнігі Эрыкі Гібэлла “...і цяпер з’явілася шмат Антыхрыстаў...”, якую можна набыць у дыяцэзіяльнай кнігарні. Калі ж мы гаворым аб экстрасэнсах, ці біяэнергатэрапеўтах, то ўзнікае адно пытанне: якой моцай яны карыстаюцца і якой энергіяй маніпуліруюць? Св. Павел павучае нас: “вывучайце духаў” і, як сцвярджае руская прымаўка: “Не ведаючы броду, не сунься ў воду”.

    – Ці на самай справе жан­чыны больш падатлівыя на спакусы шатана? Ці, можа, пэўную ролю адыгрывае ўзрост?
    – Абапіраючыся на тое, што д’ябал выбраў не Адама, а Еву, можна зрабіць выснову, што жанчыны больш падатлівыя на спакусы. Але я ніколі не праводзіў статыстыкі падатлівасці. Адзінае, што я магу параўнаць, гэта колькасць жанчын і мужчын сёння ў касцёле. А гэта можа стварыць уражанне, што з часоў Адама і Евы сітуацыя змянілася.

    – Як у наш духоўны свет уваходзіць д’ябал? Наколькі ён можа зрабіць гэта? Ці справа тут толькі ў тым, ці падатлівыя мы на спакусу, або можа тут штосьці большае?
    – Мы не можам гаварыць аб уздзеянні д’ябла толькі на наш дух, ён уздзейнічае на ўсяго чалавека – на дух, душу і цела. А тое, у якой ступені ён можа ўздзейнічаць, залежыць ад многіх умоў. Чалавека можна параўнаць з домам, які мае фундамент (або не мае), вокны і дзверы. У якім стане ўсё гэта знаходзіцца. Д’ябал заўсёды “кружыць”, шукаючы ўсялякай магчымаці завалодаць домам. А тое, ці вокны і дзверы зачынены, ці дом пабудаваны на фундаменце, ці ахоўваецца ён мацней, залежыць ад самога чалавека. Мы часта шукаем аховы і абароны ад усялякага дрэннага ўплыву. А рэцэпт толькі адзін. Яго нам дае Езус, і да яго заклікае Касцёл – жыццё ў святасці.

    – Як адрозніць псіхічную хваробу ад апантанасці?

    – Ёсць шмат знакаў і адрозненняў, з якімі знаёмы экзарцыст. Часам ён павінен звярнуцца за дапамогай да псіхіятра, але і тады не можна стопрацэнтна сцвердзіць “так” ці “не”. Бо, як я ўжо ўзгадваў вышэй, д’ябал заўсёды ўтойваецца і можа ўтаіцца таксама пад псіхічнай хваробай.

    – Што павінен практы­каваць чалавек у якасці зброі супраць злых духаў?
    – Я ўжо казаў – гэта жыццё ў святасці. Але Марыя дае нам спецыяльную зброю – гэта пяць камянёў супраць Галіяфа:
    1. Ружанец – маліцеся сэрцам.
    2. Эўхарыстыя.
    3. Біблія.
    4. Пост.
    5. Споведзь раз у месяц.

    – Раскажыце, калі ласка, пра Рось. Да нас прыходзіць шмат лістоў аб аздараўленнях менавіта ў гэтым месцы.
    – З гісторыі Касцёла мы ведаем, што Бог для таго, каб аказаць асаблівую дапамогу сваім дзецям, выбірае людзей, месцы, а таксама абразы і фігуры. І яны як бурлівыя крыніцы Божых ласкаў. І такім месцам 400 гадоў таму Бог выбраў невялікую мясцовасць Рось, дзе ў маленькім касцёле невядомым чынам (дайшлі толькі легенды) апынулася фігура Пана Езуса Журботнага (Фрасаблівага).
    У парафіяльным архіве да сённяшняга дня захоўваецца “Кніга ласкаў і цудаў Пана Збаўцы нашага Езуса Хрыста Журботнага ў рымска-каталіцкай парафіі ў Росі”, у якой запісаны сведчанні многіх асоб, якія ў сваім жыцці адчулі звышнатуральны Божы ўплыў у гэтым месцы. Аб многіх падзеях сведчаць воты, змешчаныя каля фігуры Езуса ў галоўным алтары. Шмат аб атрыманых ласках расказваюць жывыя сведкі даваенных і пасляваенных часоў, калі на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа тут збіраліся тысячы вернікаў з недалёкіх і аддаленых парафій. А цяпер адбываецца толькі адраджэнне таго, што было знішчана ў часы атэізму. Ужо з 2004 года арганізоўваюцца рэкалекцыі ў летні перыяд. З лістапада ў кожную другую суботу адбываюцца набажэнствы да Езуса Журботнага. Таксама шмат пілігрымаў прыязджае ў будзённыя дні, каб паспавядацца, перажыць св. Імшу перад цудадзейнай фігурай Езуса ці асабіста памаліцца аб заступніцтве. За апошнія гады было запісана і расказана вельмі шмат сведчанняў, з якімі, я спадзяюся, ужо хутка можна будзе пазнаёміцца на парафіяльнай інтэрнэт-старонцы.

    Дзякуй за размову.