Дыяцэзія развіталася з двума ксяндзам

З жыцця Касцёла

Сёлетні кастрычнік стаў апошнім для двух святароў, якія шмат гадоў служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі. І хоць яны адышлі па ўзнагароду да Пана, пакінулі пасля сябе маладых паслядоўнікаў, гатовых несці душпастырскую паслугу.
Адышоў у вечнасць першы пробашч адроджанай парафіі ў Смаргоні
    6 кастрычніка адышоў да Пана кс. Генрых Куляшэвіч, салезіянін, імя якога назаўсёды ўпісана ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Святар быў чалавекам глыбокай, моцнай веры і заўсёды неа ыдступна трымаўся найвышэйшых хрысціянскіх і нацыянальных вартасцей.
Кс. Генрых нарадзіўся 29 студзеня 1929 года ў Слабадзе Жаснянскай Мядзельскага раёна. Атмасфера сямейнага дома стварыла ўрадлівую глебу для плёну веры і выспявання святарскага паклікання. У доме Куляшэвічаў панавалі карані набожнасці, узорнай сумленнасці, працавітасці, абавязку і любові да Бога і Касцёла. Пачуўшы заклік Пана “Ідзі за Мной”, малады чалавек прыняў цвёрдае рашэнне ісці за Хрыстом – рашэнне, якому на працягу 62-ух гадоў святарства і 71-го года манаскага жыцця з Божай дапамогай застаўся верным да канца свайго жыцця.
    У 1990 годзе кс. Генрых прыбыў на місійнае служэнне ў Беларусь. Прыехаў у Смаргонь, дзе стаў першым пробашчам адроджанай парафіі св. Міхала Арханёла, а таксама дэканам дэканата Смаргонь.
    9 сакавіка 1990 года ўлады горада перадалі святару дакументы, дзе мясцовы касцёл з музея атэізму зноў стаў месцам Божага культу, дзеля якога і быў пабудаваны. З гэтага моманту святыня, якая праз 63 гады вярнулася каталіцкай супольнасці, зноў заззяла бляскам.
    Святар сваёй нязломнай паставай даваў захапляльны прыклад любові і рэалізацыі салезіянскага паклікання. Абапіраючыся на харызму св. Яна Боско, з апостальскім энтузіязмам, любоўю, вялікай адданасцю і радасцю браўся за чарговыя задачы, якія Бог ставіў перад ім. Вельмі любіў святарства. Быў удзячны Богу за яго.
    Кс. Генрых больш за ўсё любіў працаваць з міністрантамі. Быў іх бацькам і сапраўдным сябрам. У яго быў свой выпрацаваны гадамі стыль працы з хлопцамі. Прышчапляў ім прынцыпы веры, вучыў маліцца Брэвіярыем, а таксама ўсяму, што павінен умець міністрант, які служыць на св. Імшы. Заўсёды клапаціўся аб тым, каб літургія была прыгожай. Вольны час праводзіў з хлопцамі на стадыёне. Арганізоўваў для іх адпачынак, святы і фармацыйныя сустрэчы.
    На працягу ўсяго жыцця кс. Генрых клапаціўся пра святарскія, манаскія і місіянерскія пакліканні. Выхаванцамі кс. Куляшэвіча з’яўляюцца мноства святароў у Польшчы, а таксама, між іншым, кс. бп Аляксандр Яшэўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх з цеплынёй узгадвае былога пробашча, якому шмат чым абавязаны. “Памятаю, быў дзень, які ў нашай парафіі ахвяравалі Маці Божай Вастрабрамскай. Паспавядаўшыся, я падышоў пацалаваць стулу. Раптам пробашч пытае ў мяне: «Ці не хацеў бы ты быць міністрантам?». І, не дачакаўшыся адказу, гаворыць: «Ідзі ў закрыстыю. Там адзін хлопец ёсць – разам будзеце несці абраз Маці Божай Вастрабрамскай». Адчыняю дзверы і бачу свайго сябра, аднакласніка – сёння кс. Уладзіміра Кабака, таксама салезіяніна. Так мы з ім сталі першымі міністрантамі ў парафіі”, – распавядае кс. бп Аляксандр.
    Будучы юнаком біскуп заўсёды ўважліва назіраў за працай свайго пробашча і захапляўся: колькі сіл ён аддаваў моладзі! Менавіта гледзячы на яго адчуў перакананне: гэта тая сям’я, у якой павінен служыць. Праз год паехаў у Польшчу, каб авалодаць мовай. Пасля быў прыняты ў навіцыят да ксяндзоў салезіян. Пробашч кожны дзень маліўся аб умацаванні на абраным шляху для пакліканых з парафіі. “У тым, што я сёння выконваю біскупскае служэнне ў Беларусі, вялікая заслуга кс. Генрыха. Сваю ўдзячнасць, любоў і павагу да яго хацеў бы выказаць праз грыгарыянскую св. Імшу, ахвяраваную мной за светлай памяці кс. Куляшэвіча”, – зазначае іерарх.
   
Кс. Генрых Куляшэвіч SDB быў пробашчам у Смаргоні і дэканам дэканата Смаргонь у 1990–2001 гадах. Пахаваны ў Сувалках (Польшча).

   
    Адышоў у вечнасць будаўнік святыні і архітэктар людскіх сэрцаў
    13 кастрычніка адышоў да Пана кс. канонік Юзаф Ганчыц, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Святар адзначаўся надзвычайнай руплівасцю ў служэнні, а таксама чуласцю і спагадлівасцю да людзей.
    Кс. Юзаф нарадзіўся 3 ліпеня 1960 года. Паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне. Святарскае пасвячэнне атрымаў 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Быў, разам з сённяшнім дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім, адным з першых выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
    Пасля пасвячэння прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.
    З 10 ліпеня 1996 года да самай смерці выконваў абавязкі пробашча парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Дзякуючы яго намаганням у новым мікрараёне горада паўстала велічная святыня.
    За час служэння ў лідскай парафіі душпастыр паклапаціўся аб утварэнні мноства малітоўных груп. Шмат увагі і часу прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, фармацыі сем’яў. Па сённяшні дзень пры парафіі дзейнічае каталіцкая харызматычнавангелізацыйная супольнасць “Gloriosa Trinita”, духоўным правадніком якой ён з’яўляўся.
    У 2003 годзе кс. Юзаф скончыў навучанне на спецыялізацыі “тэалогія сужэнства” ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, а ў 2007 годзе – паслядыпломны катэхетычна-пастаральны курс у Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы. Сёлета святар адзначыў сваё 60-годдзе і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
    Кс. Юзаф пакінуў глыбокі след у сэрцах людзей, якія падкрэсліваюць, што для іх ён быў бацькам, братам, сябрам, духоўным кіраўніком, спаведнікам... Асабліва застанецца ў памяці клерыкаў, сваіх выхаванцаў.
    Семінарыст Валянцін Міхайлін падкрэслівае, што пробашч быў цудоўным і адкрытым святаром: “Ён шмат клапаціўся аб духоўным развіцці парафіян. Заўсёды знаходзіў патрэбныя для людзей словы… Я веру, што зараз ён будзе дапамагаць нам з дому Айца”. Кл. Андрэй Юхнік памятае свайго пробашча яшчэ з дзяцінства. Гаворыць, што быў для яго як родны чалавек. “У гэты сумны час прыходзяць на памяць толькі пазітыўныя моманты. Я ўспамінаю ранішнія размовы за кавай, яго настаўленні і парады. Для мяне, як, думаю, і для ўсёй парафіі, ён зрабіў шмат добрага. Жадаў дабра кожнаму чалавеку”, – дзеліцца кл. Андрэй і з упэўненасцю дадае, што кс. Юзаф быў сапраўдным пастырам.
    Клерыкі ўспамінаюць свайго душпастыра як чалавека з бясконцым аптымізмам i рознабаковымі зацікаўленасцямі, з якім можна было пагаварыць на любую тэму.
    “Кс. Юзаф добра ведаў гісторыю, любіў паэзію, любіў спяваць”, – узгадвае кл. Яўген Абрамаў. Семінарыст падкрэслівае, што пробашч заўсёды быў гатовы выслухаць, падтрымаць, даць мудрую параду, а часам, калі патрэбна, і справядлівую заўвагу.
    Цырымонія пахавання цела кс. каноніка Юзафа ГанчыцаНе дзіўна, што ў дзень пахавання развітацца з пробашчам прыбыло шмат людзей. Некаторыя прыехалі здалёк з падзякай Богу за яго святарскія рукі і сэрца, за ўсё дабро, якое ад яго атрымалі.
    На заканчэнне пахавальнай літургіі, згодна з традыцыяй, якую захоўваў у дзень сваіх імянін кс. Юзаф, а на гэты раз – у дзень яго нараджэння для Неба, усе атрымалі цукеркі, якімі частавалі міністранты парафіі.
    Лідская парафія пасля страты свайго руплівага пробашча з’ядналася ў супольнай малітве ў інтэнцыі спачылага. Вернікі нястомна ўзносяць да Бога падзяку за прыклад жыцця і служэння святара вялікага духоўнага фармату, будаўніка прыгожай святыні, але ў першую чаргу, архітэктара чалавечых сэрцаў.
   
Кс. канонік Юзаф Ганчыц пахаваны ля лідскага касцёла Святой Сям’і – той святыні, якую з руплівасцю ўзводзіў для Пана, каб вернікі мелі свой малітоўны дом.