Я пачаў майстраваць яшчэ ў школе. Пасля спасціг асновы працы з дрэвам, стаў займацца разьбой і ўжо не змог спыніцца, – распавядае спадар Мікалай. – Канешне, у творчай прафесіі вялікае значэнне маюць прыродныя здольнасці, але на адным таленце далёка не заедзеш. Не трэба забывацца і пра карпатлівую працу, без якой немагчыма развіццё і самаўдасканаленне. Таксама павінна быць велізарнае жаданне, цяга да гэтага рамяства, а далей – практыка”.
На маё чарговае пытанне аб тым, чаму і калі з’явілася любоў да творчасці, суразмоўца паціскае плячыма і з усмешкай тлумачыць, што творчасць – даволі складанае паняцце, таму назваць нейкую канкрэтную дату ці прычыну цяжка. “Увогуле, стаць на творчы шлях – гэта як палюбіць чалавека, – адзначае разьбяр. – Калі ты кахаеш асобу, то табе падабаецца ў ёй усё: як размаўляе, як усміхаецца, як сядае ў крэсла і г. д. А калі нехта фармулюе канкрэтны адказ кшталту «я люблю чалавека за курносы нос, прыгожыя валасы», то гэта гучыць як абсурд. Калі ты кахаеш, то кахаеш абсалютна за ўсё. Так і з творчасцю – калі пачаў, то паступова акунаешся ў гэтую стыхію цалкам”.
Распавядаючы аб тонкасцях прафесіі, спадар Мікалай акцэнтуе ўвагу на тым, што з дрэвам не трэба “дамаўляцца”, яго трэба любіць, тады яно адкажа ўзаемнасцю. А калі падыходзіць да матэрыяла, з якім працуеш, па-хамску і выключна па-спажывецку, ён будзе супраціўляцца.
“Людзі захапляюцца, калі назіраюць за працай разьбяра, які працуе з жывым, пахучым матэрыялам. Гэта сапраўды цікавая праца, але і няпростая, якая патрабуе шмат ведаў, уменняў і, абавязкова, творчага натхнення, – распавядае майстар. – Кожны твор – гэта заўсёды новы сэнс, новы подых, новае жыццё. Спачатку трэба ўявіць, што канкрэтна хочаш выразаць, пасля ўсё дэтальна прадумаць і толькі тады пачынаць увасабляць сваю задуму. Але і тут не ўсё проста і гладка. Перад разьбяром стаіць сур’ёзная задача: пры дапамозе інструмента ажывіць кавалак дрэва, надзяліць яго характарам і індывідуальнасцю, удыхнуць жыццё. Пры гэтым не забывацца, што адным непрадбачаным рухам можна ўсё сапсаваць”.
Дрэва ажывае Мікалай Скляр гаворыць, што ў яго майстэрні рэдка калі гасне святло, а гук бензапілы, стук сякеры і іншых інструментаў сталі для суседзяў звыклым фонам. Ды і сам ён ужо не ўяўляе свайго жыцця без працы з дрэвам. “Гэта як для звычайнага чалавека дыхаць ці есці”, – адзначае майстар.
Пазнаёміўшыся з працамі спадара Мікалая, звяртаю ўвагу на тое, што ўсе яны зроблены з розных парод дрэва. Таму пытаюся, якім чынам адбываецца падбор матэрыялу і ці ёсць у майстра “фаварыты”.
“У ход можа пайсці любое дрэва: старое, сухое альбо толькі што спілаванае, з сучкамі, шчарбінкамі, паедзенае шкоднікамі альбо некранутае доўгімі гадамі, – адказвае разьбяр. – Варта зірнуць на матэрыял – і адразу разумееш, што з яго атрымаецца, а што – не. І, канешне, усё залежыць ад ідэі і задач, якія ставіць перад сабой майстар”.
Спадар Мікалай гаворыць, што для вулічных скульптур найбольш падыходзіць дуб. Драўніна гэтага цвёрдага і прыгожага дрэва менш за ўсё трэскаецца. А можна таксама разьбярыць з таполі, сасны, бука, граба. Што да прац, якія будуць упрыгожваць інтэр’ер, то яны пераважна выконваюцца з ліпы. Гэта вельмі мяккі і падатлівы матэрыял, які можна затаніраваць у патрэбны колер. Словам, у любога дрэва ёсць сваё прызначэнне і перавагі.
Сакральнае мастацтва Тэматыка драўляных скульптур Мікалая Скляра надзвычай шырокая: казачныя персанажы, міфалагічныя істоты, гістарычныя постаці, касцы, жнеі, музыкі, жывёлы, птушкі… Усе яны выкананы ў розных маштабах: ад мініяцюр да прац у чалавечы рост ці нават вышэй.
Варта адзначыць, што своеасаблівай візіткай майстра сталі анёлы, якіх з-пад яго рук выйшаў не адзін дзясятак. Кожны з іх – адзіны і непаўторны ў сваім родзе. Першы ўсміхаецца, другі смуткуе, трэці сарамліва адводзіць вочы ўбок, чацвёрты ўзнімае крыж, пяты застыў у малітве. А вось, склаўшы крылы, на жэрдачцы сядзяць яшчэ некалькі анёлаў, зусім як птушкі на галінцы перад адлётам у цёплыя краіны. Скульптура так і называецца – “У вырай”.
“Людзі ўсе розныя, дык чаму анёлы павінны быць аднолькавыя? – задаецца пытаннем аўтар. – Часам у іх вачах можна прачытаць пэўныя эмоцыі. Але вельмі часта я твар толькі абазначаю. Памятаю, на адной з выстаў да мяне падышла жанчына і сказала: «Як добра, што ў вашых анёлаў няма выразу твару. Я магу сама сабе яго прыдумаць». Вось чалавек купіў сабе такога анёлка і пасля прадстаўляе яго такім, якім яму хочацца, становячыся такім чынам нібы сааўтарам працы”.
Калі гаварыць пра іншыя сакральныя скульптуры аўтарства спадара Мікалая, то нельга не ўзгадаць фігуру і бюст св. Яна Паўла ІІ, Маці Божую Балесную, Езуса Журботнага, Распяцце, а таксама фігуры Трох Каралёў, св. Юзафа і Марыі з нованароджаным Хрыстом.
Гледзячы на гэтыя працы, разумееш, што ў таленавітых руках майстра дрэва можа не толькі ператварыцца ў прыгожую, густоўную рэч, але напоўніцца сэнсам, пачаць дыхаць, а нават стаць святым.