Для дзіцяці вельмі карысныя эмацыянальныя зносіны з маці, яе погляд, усмешка, гаворка. Ад нараджэння немаўля патрабуе, каб з ім размаўлялі, насілі на руках, люлялі, лашчылі, захапляліся, іншым словам – няньчыліся. Многія бацькі думаюць, што гэтым можна разбэсціць дзіця. Але мацярынская пяшчота патрэбна чалавеку ў любым узросце. Для гарманічнага развіцця вельмі важна пачуццё бяспекі. Яно даецца менавіта мамай. Дзіцятка насычаецца мацярынскай любоўю, і калі падрастае, ужо не мае патрэбы ў пастаянным тактыльным сілкаванні.
Жаданне і патрэба быць маці закладзена ў жаночай прыродзе. Варта штодня дзякаваць Богу за дар мацярынства. |
|
З часам варта ўключаць дзіця ў сумесную дзейнасць: памыць посуд, спячы печыва, паліць кветкі, сыграць у супольную гульню. Гэта таксама вельмі збліжае эмацыянальна. Галоўнае, не крытыкаваць і не прыспешваць яго, калі нешта выходзіць не так хутка і добра, як у дарослых.
Любіце сваё дзіця любым. Праводзячы з ім час, радуйцеся, таму што “дзіця – гэта свята, якое пакуль з табой”, – гаварыў урач і педагог Януш Корчак. Калі ў мамы атрымліваецца паспяхова ўзаемадзейнічаць з дзіцём, гэта дае ёй пачуццё задавальнення і ўсведамленне ўласнай бацькоўскай кампетэнтнасці. А дзіцяці такія зносіны з мамай дапамагаюць сфарміраваць падмурак для даверу і канструктыўных адносін з навакольным асяроддзем.
Гэта пацвярджае псіхіятр і глыбока веруючы чалавек Рос Кэмпбэл, які ўвёў паняцце “эмацыянальнага рэзервуара”, што азначае сукупнасць патрэб, якія задавальняюцца праз любоў, фізічныя дакрананні мамы, а таксама агульную атмасферу ў сям’і. Чым больш запоўнены гэты рэзервуар, тым лепш станоўчыя эмоцыі і паводзіны дзіцяці. “І дай нам Бог знайсці ў сабе сілы задаволіць патрэбы нашых дзяцей у эмацыянальнай ежы”, – гаворыць псіхіятр. Маці павінны старацца напаўняць дзяцінства сыноў і дачок клопатам і ўвагай. Чым больш адорваем дзіця станоўчымі эмоцыямі, увагай, цеплынёй, пяшчотнымі абдымкамі і пацалункамі, тым больш яно спакойнае і радаснае.
Усмешка, дотык, цяпло і клопат – гэта для дзіцяці лекі ад усіх бед. |
|
Пасля ІІ Сусветнай вайны ў выніку страшнай трагедыі засталося шмат дзяцей-сірот. Адкрывалася вялікая колькасць прытулкаў, у якіх былі арганізаваны добрыя ўмовы для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі, што засталіся без бацькоў, раслі. Аднак многія з іх часта хварэлі, адставалі ў псіхафізічным развіцці, а то і зусім не дажывалі да года.
Спачатку меркавалі, што дзецям проста не хапае харчавання. Потым падалося, што ўся справа ў інфекцыі. Праз некаторы час спецыялісты, якія займаліся гэтай праблемай, звярнулі ўвагу на вопыт аднаго з дзіцячых прытулкаў Германіі, дзе працавала няня, што вяртала да жыцця безнадзейных дзяцей. Як жанчыне гэта ўдавалася? Рабіла яна ўсё вельмі проста: прывязвала да сябе дзіця і цэлы дзень з ім не расставалася. Такім чынам маляня заўсёды было побач, што б ні рабіла няня. Яна дарыла яму сваё цяпло, размаўляла з ім, гладзіла па галаве. І паступова дзіця ажывала і ішло на папраўку.
Апісаны выпадак яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што ў дзіцяці ёсць жыццёва важная патрэба быць прывязаным да дарослага, які яго даглядае. Наіўна лічыць, што з парушэннем прыхільнасці сустракаюцца толькі дзеці, якія трапілі ў неспрыяльныя ўмовы развіцця. Такое можна назіраць і ў шчаслівых сем’ях. Нават калі ў дзіцяці ўсё ёсць: ад дарагіх цацак да лепшай адукацыі ў свеце, – гэта не паказчык. Дабрабыт дзіцяці залежыць не ад умоў, у якіх ён жыве, а ад адносін блізкіх людзей, з якімі знаходзіцца побач.
У сучасным свеце часта навязваецца меркаванне, што калі маеш дзіця, ты павінна цалкам у ім растварыцца. Нарадзіўшы, неабходна без рэшты ахвяраваць сябе на алтар мацярынства. Але трэба не баяцца дазваляць сабе заставацца асобай са сваімі інтарэсамі і патрэбамі. Варта ўсведамляць, што кожная мама мае патрэбу і права (!) на адпачынак. Ёй, як і ўсім, неабходна аднекуль чэрпаць новыя сілы, аднаўляць свае ўнутраныя рэсурсы. Каму спадабаецца вечна стомленая і раздражнёная жанчына? Выраз “шчаслівая мама – шчаслівае дзіця” цалкам апраўданы. Са старажытных часоў вядома, што псіхалагічны стан маці ўплывае на самаадчуванне дзіцяці і яго далейшае развіццё. Таму клопат пра сябе вельмі важны, бо ён спрыяе будаванню правільных, здаровых адносін з сабой і акружаючымі. |
|
Невялікі вопыт мацярынства прывёў мяне да разумення: усё, што цяпер трэба маленькаму дзіцяці, – гэта мая прысутнасць, любоў і спакой. Быць мамай не азначае дасканала валодаць пэўнымі навыкамі. Трэба адпусціць кантроль за тым, што я павінна ўсё рабіць правільна. Маё дзіця – асобны чалавек са сваімі перажываннямі, пачуццямі і эмоцыямі. Важна, каб яно адчувала сябе любімым, прынятым і абароненым, каб ведала, што мае на каго абаперціся. І яшчэ. Я ўпэўнена, што кожная мама – самая лепшая для свайго дзіцяці.