28 жніўня пяць манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначылі сярэбраны юбілей манаскага жыцця. Падчас урачыстай св. Імшы с. Марыяна, с. Галіна, с. Карытас, с. Нэрэуша і с. Іерэмія адспявалі Найвышэйшаму гімн “Te Deum” як удзячнасць за ласку паклікання і 25 гадоў манаскага жыцця, поўнага малітвы, ахвярнай працы, радасці, а часам цяжкасцей і цярпення.
Біскуп таксама адзначыў, што для акружаючых такі выбар можа здавацца дзіўным, незразумелым і пазбаўленым сэнсу. Некаторыя, асабліва тыя, хто не зусім блізка знаёмыя з жыццём Касцёла, часта глядзяць на манаскае пакліканне як на дзівацтва, своеасаблівы спосаб уцёкаў ад свету або нікому не патрэбнае адрачэнне ад асабістага шчасця. І толькі сама кансэкраваная асоба ведае (хоць і не разумее да канца таямніцу свайго паклікання), што гэта для яе адзіная дарога, на якой адшукае сапраўднае шчасце, сэнс жыцця і глыбокую радасць прыналежнасці да Хрыста.
“Асоба, якая выбірае манаскае жыццё, падобна да святога Паўла, які з прастатой і шчырасцю пісаў: «Для мяне жыццё – гэта Хрыстос» (Флп 1, 21). Кансэкраваныя асобы, якія з любові да Езуса бескарысліва прысвячаюць жыццё служэнню бліжняму, паказваюць нам усім, Касцёлу і цэламу свету, што такая пастава магчымая. Варта дзяліцца сабой, варта быць дарам для іншых”, – заўважыў гродзенскі ардынарый.
Пасля гаміліі сёстрыюбіляркі аднавілі манаскія абяцанні. На ахвяраванне прынеслі да алтара дары, дзякуючы за 25 гадоў манаскага жыцця, аддадзенага на выключную службу Найвышэйшаму.
Завяршэннем урачыстасці сталі цёплыя і сардэчныя словы, якія сёстры назарэтанкі скіравалі духавенству, манахіням з кангрэгацыі, а таксама бацькам, сябрам і ўсім, каго Пан паставіў на іх шляху і ад каго яны зведалі шмат дабрыні і зычлівасці. Юбіляркі склалі ўдзячнасць Богу за апеку і шматлікія ласкі, шчодра Ім дараваныя.
Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта – гэта міжнародная апостальская супольнасць, заснаваная ў 1875 годзе бл. Марыяй ад Пана Езуса Добрага Пастыра – Францішкай Сядліскай. Сёстры жывуць і служаць у 170-ці супольнасцях у 13-ці краінах на 5-ці кантынентах. Харызмай кангрэгацыі з’яўляецца супрацоўніцтва з Хрыстом і Яго Касцёлам у пашырэнні валадарства Божай любові паміж сабой і сярод іншых, а асабліва ў сем’ях. Дэвіз кангрэгацыі: “Fiat voluntas Tua” (“Будзь воля Твая”). |
|
З нашай групы сясцёр, сёлетніх юбілярак, я першая звярнулася ў супольнасць. Адразу пасля заканчэння школы пастукалася ў дзверы манаскага дома сясцёр назарэтанак у Гродне. Дарэчы, да ўступлення ў кангрэгацыю я ніколі не мела справы з манахінямі. Упершыню ўбачыла манаскую сястру падчас святых Місій у роднай парафіі. Тады і нарадзілася думка, каб пайсці ў кляштар і ахвяраваць сябе Пану Богу. Канешне, нялёгка ісці ў невядомае. Аднак любоў да Хрыста і жаданне накіроўвацца за Ім перамаглі.
Сёння, азіраючыся на 25 гадоў назад, я выразна бачу, што варта было пайсці за голасам паклікання, каб служыць Богу і людзям. Няхай мая паслуга і далей будзе цудоўным праслаўленнем Пана, а штодзённая праца прыносіць радасць, супакой і любоў.
Па меры сталення чалавек задумваецца над сэнсам жыцця і сваім прызначэннем. У пэўны момант я пачала прасіць Пана, каб даў мне нейкі канкрэтны знак, указаў тую дарогу, на якой я б змагла рэалізаваць сябе і сваё пакліканне. Паступова ўва мне выспела жаданне пайсці ў кляштар. Вырашыла далучыцца да Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, таму што асноўныя каштоўнасці, якімі жывуць сёстры, – гэта адданасць Касцёлу і служба сем’ям. А мне вельмі хацелася агарнуць сваёй апекай менавіта сем’і.
Пан Бог так пакіраваў маім жыццём, што я не магла прысвячаць большасць свайго часу малітве ў кляштары, хоць вельмі гэтага прагнула. Мне была даручана катэхізацыя. На працягу ўсіх гадоў сваёй паслугі старалася годна выконваць гэтую працу, і пры гэтым аказваць малітоўную падтрымку сем’ям, несці ім радасць, супакой і згоду.
Гаворачы пра манаскае жыццё, варта прыгадаць фрагмент з Кнігі Мудрасці Сіраха: “Сыне, калі ты намерваешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да спакус! Захавай супакой у сэрцы і будзь цвёрды, не губляй раўнавагу ў час смутку! [...] Бо золата правяраецца ў агні, а людзі, мілыя Богу, – у печы прыніжэння” (Сір 2, 1–2.5). Усявышні не абяцае лёгкага жыцця тым, каго заклікае да асаблівай сувязі з сабой. Нават наадварот, запрашае да “праверкі ў агні”. Такім “агнём” могуць быць цяжкасці з прыняццем волі настаяцеляў, міжчалавечыя канфлікты, сум па родным доме, праблемы з малітвай, сумненні адносна правільнасці выбранага шляху і мноства іншых. Такім чынам, кляштар з’яўляецца своеасаблівым фронтам у барацьбе за Божае Валадарства. Патрабуе адрачэння, сіл, просіць пакінуць блізкіх сэрцу людзей і рэчы. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца кансэкраваныя асобы, дарога манаскага жыцця цудоўная, таму што нараджаецца ў вольнасці з бясконцай любові Стварыцеля да свайго стварэння: “Я прыцягваў іх повезямі чалавечнасці, повезямі любові” (Ос 11, 4).
За 25 гадоў манаскага жыцця я прыйшла да высновы, што прысутнасць сясцёр у грамадстве адыгрывае важную ролю. Побач з намі людзі розных сацыяльных слаёў адкрываюць патаемныя закуткі сваіх душ, дзеляцца сваімі праблемамі, просяць парады. Часам мы натхняем іх зрабіць рахунак сумлення і прааналізаваць сваё жыццё. Але не менш важны і той факт, што людзі, якіх Бог ставіць на шляху, у сваю чаргу, натхняюць нас на пошукі шляхоў самаразвіцця. Таму юбілей манаскага жыцця – гэта не падвядзенне вынікаў, а ўсяго толькі чарговая прыступка на шляху ўдасканалення і рэалізацыі свайго паклікання. А асабіста для мяне гэта яшчэ і добрая нагода, каб у чарговы раз падзякаваць бацькам, брату, бабулі, якія праявілі разуменне і прынялі маё рашэнне пайсці ў кляштар. На працягу ўсіх гэтых гадоў мае блізкія не толькі раздзялялі са мной радасныя моманты, але і дапамагалі ў цяжкія хвіліны, аказвалі малітоўную падтрымку, былі мне апорай.
Гэта былі выключныя 25 гадоў майго жыцця, якія ніколі не паўторацца. Гады, напоўненыя энтузіязмам, радасцю, аптымізмам, закаханасцю ў Езуса. За гэты час Пан узмацняў мяне ласкай паклікання, выхоўваў, фарміраваў па-свойму. Бог пасылаў на мой шлях тысячы людзей, кожны з якіх па-свойму ўдзельнічаў у працэсе майго станаўлення. Я вельмі ўдзячна ўсім, каго сустрэла ў жыцці: святарам – за іх падтрымку, сёстрам з супольнасці – за любоў і разуменне, дзецям і моладзі, якіх я катэхізавала, – за тое, чаму навучылася ад іх.
Усё, што я маю і магу даць іншым, кім з’яўляюся, усе дары і таленты, якімі валодаю, паходзяць ад Езуса. Хвала Пану, што пасля столькіх гадоў манаскага жыцця я надалей застаюся шчаслівай назарэтанкай!