Папялец распачаў Вялікі пост – час для перамены жыцця

З жыцця Касцёла

Акт пасыпання галавы попелам з’яўляецца заклікам да пакаяння, пакуты і жалю за грахі

“Будзе больш споведзей і добрых абяцанняў – шмат скрадзеных рэчаў вернецца хутка. А ўсё распачнецца проста з Серады, і менавіта з попелу... з камячка, што брудзіць”.
(Кс. Ян Твардоўскі)
5 сакавіка каталіцкі Касцёл адзначаў Папяльцовую сераду. Святары пасыпалі вернікам галовы попелам на знак пакаяння і ачышчэння, прамаўляючы пры гэтым словы: “Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся” або “навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Гэтым самым распачаўся перыяд 40-дзённага Вялікага посту, які павінен падрыхтаваць вернікаў да самага важнага свята – свята Уваскрасення Пана.
    Кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, цэлебруючы ў гродзенскай катэдры ранішнюю св. Імшу, засяродзіўся над словамі: “Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам” (2 Кар 5, 20). Іерарх адзначыў, што перыяд Вялікага посту – гэта час асаблівага з’яднання з Богам і бліжнімі, час пакоры і пакуты, малітвы, міласэрнасці і міласціны. Кс. біскуп заахвочваў вернікаў да рэфлексіі і разважання над пытаннем: “Якія ў мяне адносіны з Богам?”.
    “Трэба праз малітву наладжваць з Богам жывы кантакт, каб гэта былі сапраўдныя адносіны са Стварыцелем, які з’яўляецца нашым Айцом і прымае кожнага з нас як сваё дзіця”, – сказаў кс. біскуп Аляксандр.
Гаворачы пра міласэрнасць і міластыню, гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што яны будуць магчымыя толькі тады, калі ў нас будуць уражлівыя і адкрытыя сэрцы, каб спяшацца з дапамогай да патрабуючых, мець жаданне дапамагаць ім.
    Біскуп Аляксандр пажадаў таксама ўсім вернікам, каб перыяд Вялікага посту быў напоўнены малітвай, міласэрнасцю, а таксама дабравольнай пастановай і самаахвярнасцю, тады гэтыя 40 дзён падрыхтуюць людскія сэрцы да вялікага свята Уваскрасеня Пана.
    Аб важнасці і прызначэнні Вялікага посту, як і аб значэнні Папяльцовай серады, гаварыў таксама кс. біскуп Юзаф Станеўскі, які цэлебраваў св. Імшу ў гродзенскай катэдры а 12-й гадзіне.
    “Калі мы глядзім на прах, якім святары пасыпаюць галовы вернікам, мы ўсведамляем, што чалавечае цела некалі падвергнецца разлажэнню, але ёсць яшчэ адна рэч, з якой у нас атаясамліваецца прах – гэта акт стварэння чалавека, – казаў іерарх. – У свой час Бог узяў прах і ўдыхнуў у яго жыццё, зляпіў, сфармаваў чалавека па сваім вобразе і падабенстве. А таму ў Папяльцовую сераду мы нанова можам перажыць акт стварэння новага чалавека ў кожным з нас – чалавека добрага, пабожнага, адкрытага. І таму пасыпанне попелам з’яўляецца для нас шансам, надзеяй, магчымасцю і жаданнем быць новым, лепшым чалавекам.
    Кс. біскуп Юзаф таксама адзначыў, што перыяд Вялікага посту з’яўляецца праверкай нашай духоўнай праграмы. Іерарх заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы ў сям’і, а таксама да ажыўлення ружанцовай малітвы: “У гэты Вялікі пост перад кананізацыяй папы Яна Паўла II давайце з надзеяй возьмем у рукі ружанец і паўторым за Папам “Totus Tuus”. Я таксама прашу вас, моладзь: не бойцеся і не саромейцеся, ахвотна маліцеся са старэйшым пакаленнем, бо акрамя малівы вы зможаце атрымаць добрую параду аб тым, як жыць, як умець папрасіць прабачэння, прабачыць, зразумець бліжняга. Няхай узнікаюць Ружанцовыя колы, бо ў нас столькі спраў, аб якіх трэба маліцца, столькі заданняў на гэтай зямлі, якія трэба па-божаму вырашыць”, – казаў кс. біскуп Юзаф.
    З упэўненасцю можна сказаць, што для ўсіх вернікаў Папяльцовая серада была крокам убок Бога, чарговым шансам пачаць жыццё нанова. Усе святыні ў гэты дзень былі да краёў запоўнены, вернікі маліліся да Святога Духа і пад Яго натхненнем складалі праграму на плённае перажыванне посту.