Зразумець сэнс цярпення: экуменічная сустрэча да Сусветнага дня хворага ў Гродне

Актуальна - З жыцця Касцёла

Малітоўна-евангелізацыйная сустрэча да Сусветнага дня хворага ў Гродзенскім абласным шпіталі сабрала шмат хворых і медыцынскіх супрацоўнікаў. Да прысутных са словам звярталіся прадстаўнікі рыма- і грэка-каталіцкага Касцёлаў, а таксама евангельскай і лютэранскай Цэркваў. Скончылася экуменічная сустрэча св. Імшой, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч.
На пачатку малітоўна-евангелізацыйнай сустрэчы прыві­тальнае слова сказаў кс. Мікалай Ціхановіч, які ў некалькіх словах накрэсліў, чым для вернікаў з’яўляецца гэты дзень, асабліва для хворых і супрацоўнікоў службы аховы здароўя. Пазней слова ўзялі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, якія выступілі са сваімі дакладамі, а таксама адзін з выступоўцаў падзяліўся сведчаннем сваёй веры. На працягу экуменічнага спаткання гучалі прыгожыя спевы групы праслаўлення з царквы “Жывое слова”.
Пасля экуменічнай сустрэчы адбылася св. Імша ў шпітальнай капліцы на чале з кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам, які сказаў прывітальнае слова і папрасіў праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі ласку здароўя для ўсіх хворых. З казаннем выступіў кс. Алег Кудэрка, капелан абласнога шпіталя. Ён звярнуў увагу вернікаў на сэнс цярпення, яго разуменне:
    – Цярпенне – гэта найвя­лік­шая таямніца чалавецтва. [...] Чаму мы церпім? Я думаю, што, між іншым, для таго, каб звярнуць увагу чалавека на тое, што з’яўляецца найважнейшым у жыцці. [...] Каб адкрыць сапраўдны сэнс цярпення, трэба скіравацца на Божае аб’яўленне любові. Адказ нам дае Бог у Крыжы Езуса Хрыста. Цярпенне – гэта следства першароднага граху. Яно знаходзіць новы сэнс у справе збаўлення Езуса Хрыста. Праз сваё цярпенне Хрыстос перамог зло, і тым самым зрабіў нас здольнымі для перамогі над гэтым злом, праз тое, што ўзяў грахі ўсяго свету, – казаў святар.
    Падчас св. Імшы пасля казання прысутным хворым ксёндз біскуп удзяліў сакрамант намашчэння хворых. Пазней кс. Мікалай Ціхановіч падзякаваў усім, хто прыняў удзел і спрычыніўся да арганізацыі малітоўна-евангелізацыйнай сустрэчы, асабліва за прысутнасць на Эўхарыстыі кс. біскупу Алясандру Кашкевічу. Яго Эксцэленцыя таксама падзякаваў усім за такую форму ўшанавання Сусветнага дня хворых.