Быць бацькам

З жыцця Касцёла

6 чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца дзень Бацькі. Гэта ёсць нагода для таго, каб задумацца над некаторымі праблемамі, якія звязаны з роллю мужчыны ў сям’і. Няма сумненняў у тым, што нягледзячы на час і змены гістарычных эпохаў мужчына-бацька застаецца апорай і заступнікам сям’і.
Раней бацька быў галоўным аўтарытэтам у сям’і, а нават, часам і адзіным выхавацелем сваіх дзяцей (асабліва хлопцаў). Мы ведаем пра гэта, прачытаўшы кнігі і паглядзеўшы многія фільмы па гістарычнай тэматыцы. Сучасны бацька дзеліць гэтую выхаваўчую ролю перш за ўсё са сваёй жонкай і выхаваўчымі ўстановамі: дзіцячым садзікам, школай. Выхаваўчая роля бацькі – незаменная. Няма іншай сталасці для мужчыны, як стаць бацькам. Безумоўна, бацькоўства не азначае толькі біялагічны ўдзел у перадачы жыцця, але перш за ўсё - удзел у стваральнай моцы самога Бога, які, адорваючы мужчыну бацькоўствам, дае яму ўдзел у стварэнні, фарміраванні новай асобы – дзіцяці, якое даверана яго апецы. Жаданне: мець дзіця дадзена Творцам і яно з’яўляецца натуральным тады, калі мужчыну і жанчыну злучыла сапраўдная любоў, калі паміж імі пануе згода і давер. Можна сказаць больш: жаданне плёну любові з’яўляецца мерай яе сталасці.
Я, падрыхтоўваючы гэты артыкул, спыталася ў маіх знаёмых: “Што значыць быць бацькам?” Яны мне адказвалі адзінадушна: “Мае дзеці – прадаўжэнне майго роду, з’яўляюцца маёй крывёй, целам, а нават, часткай душы. Я магу апекавацца сваім дзіцяткам у той час, калі з намі няма маёй жонкі, бо яна працуе. Я стараюся заўжды знайсці пяць мінут, каб прачытаць майму дзіцятку казку, каб паразмаўляць на тыя тэмы, якія яго цікавяць. Проста я люблю сваё дзіця!”. Любоў бацькі, яго моцныя і адначасова чулыя рукі з’яўляюцца апорай сямейнага жыцця і выхавання дзіцяці. Тады яно ідзе па жыцці бяспечна, знаходзячыся ў абдымках бацькі. А дзеці, пазбаўленыя гэтых моцных рук, такой апоры збіваюцца з правільнага шляху ці разгубліваюцца ў жыцці. Калі дзіця, якога з самага пачатку бацька не хацеў, каб яно нарадзілася, аднак, яно нарадзілася, то адбываецца так, што бацька забываецца ў рэшце рэшт пра тое, што ён не хацеў нараджэння гэтага немаўляці і любіць яго. Бацька можа глыбока любіць сваё дзіця. А сяброўства з бацькам гарантуе псіхічную раўнавагу дзіцяці і ўяўляе сабой ні з чым не параўнальны скарб. Усё часцей гаворыцца ў нашым грамадстве пра такую з’яву, як нечаканасць таго факту, што я буду бацькам. Але сама раптоўнасць не была б негатыўнай рэакцыяй, калі б за здзіўленнем прыйшло захапленне жанчынай, у якой паўстаў цуд новага жыцця і ўдзячнасць Творцу за дар жыцця. Найважнейшае, што мужчына можа стаць бацькам, толькі дзякуючы маці дзіцяці і самому дзіцяці. Можна крыху парадаксальна сказаць, што дзіця “нараджае” як маці, так і бацьку, бо з зачаццем немаўляткі яны пачынаюць быць яго бацькамі. Бацькоўства – гэта “даспяванне”, а мужчына сталее разам з дзіцяткам.
    А чым старэйшае дзіця, тым больш ёсць шансаў на ўсё больш глыбокую сувязь дзіцяці з бацькам. Дзіця абуджае ў мужчыне бацькоўскае сэрца, як бы прымушае яго быць чулым, выклікае пяшчотнасць сваёй бездапаможнасцю, а чуласць – гэта бескарыслівае пачуццё. Яно сведчыць аб чалавечай дабрыні, з’яўляецца знакам любові. Дзіця вучыць мужчыну быць бацькам і вызваляе ў ім любоў, так як жанчына, маці дзіця, вызваляе павагу, пяшчотнасць і любоў у мужа.
    Я памятаю пра вялікі дзень нараджэння першага дзіцяці ў свайго знаёмага Зыгмунта. Яго жонка, якой споўнілася ўжо 45 гадоў, нарэшце нарадзіла яму дзіця. Ён назваў яе Ганна. А цяпер дзіцятку – 8 месяцаў, а бацька апякуецца ім разам з цесцем і цёшчай, таму што жонка не можа аставіць сваю працу. Бацька ўваходзіць у жыццё дзіцяці, як бы са спазненнем, таму ён павінен навучыцца бацькоўству і выпрацаваць у сабе правільную паставу, якая неабходна для дальнейшага выхавання патомства, якое падрастае. Аднак часта з-за недахопу часу, неўмення ці нежадання некаторыя мужчыны аддаляюцца ад гэтага задання, што сур’ёзным чынам адбіваецца на выхаванні іхніх дзяцей. І тады ў падлеткаў з’яўляюцца агрэсія і несамастойнасць, яны ўцякаюць у розныя формы залежнасцяў ад дрэнных звычкаў, у іх з’яўляюцца разлады ва індывідуальнасці і ў грамадскім становішчы, якія нарастаюць, неадказнасць, няўменне вырашыць свае штодзённыя праблемы і г.д. Прыгадайце свае дзіцячыя гады, калі нам так хацелася разам правесці час са сваім бацькам, акружанымі яго клопатам і ўвагай, а не - з падарункамі з нагоды чаго-небудзь. Ні адзін сын, ні адна дачка не хацелі б толькі ў 16 гадоў пачуць ад свайго бацькі словы: “Я люблю цябе” ці раптам адчуць яго зацікаўленасць сваёй асобай з-за таго, што бацька даведаўся пра тое, што яго дзіця прымае наркотыкі ці парушае заканадаўства.
    Я памятаю свае дзіцячыя гады, калі мы з татам ездзілі на веласіпедах, адгаворвалі разам ружанец і хадзілі ў касцёл. Мяне цешыць тое, калі я бачу ў касцёлах гродзенскіх маладых бацькоў са сваімі дзецьмі, якія пасля св. Імшы паказваюць ім абразы святых і растлумачваюць, што азначае размаўляць з Богам. Я не сумняваюся, што сёлетняя пілігрымка бацькоў у Капцёўку ў санктуарый імя Яснагурскай Божай Маці, якая цярпліва нас слухае, на пагорак Надзеі сабярэ яшчэ больш мужчынаў, чым да гэтых пор. Яны ідуць туды са сваімі жонкамі і дзецьмі, таму што лічаць, што павінны вымаліць у Яснай Пані здароўе і шчасце для сваіх сем’яў, якім яны стараюцца быць сапраўднымі апекунамі. Няхай жа Яснагурская Божая Маці на пагорку Надзеі дасць ім для гэтага сілы.