Добры арганіст як дар для парафіі

З жыцця Касцёла

У жыцці кожнай парафіі вельмі важную ролю адыгрывае арганіст, які сваёй ігрой і спевам узвышае малітву, надае ўрачысты характар св. Імшы, узбагачае набажэнствы і іншыя касцёльныя ўрачыстасці. Як правіла, ён нябачны для вернікаў, бо працуе на хорах.
    У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” раскажам пра Антонія Вішнеўскага – аднаго з самых старэйшых арганістаў Гродзенскай дыяцэзіі. Спадар Антоній на працягу 60-ці гадоў выконваў сваю паслугу ў Мсцібаве, Росі, Лунне, і да сёння іграе ў Воўпе. У памяці людзей застаецца як вельмі адказны і высакародны чалавек.
Дарогі жыцця і шляхі творчасці
    Арганіст Антоній Вішнеўскі мае 78 гадоў. Належыць да парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе. Яшчэ будучы малым хлопцам, калі прыходзіў у касцёл, пазіраў на хоры, дзе стаяў прыгожы арган, і адчуваў жаданне зайграць на інструменце. Аднак тады нават падумаць не мог, што некалі гэта стане яго працай.
“Любоў да музыкі мне прывіў мамін брат, які іграў на гармоніку. Я вучыўся разам з ім, а будучы падлеткам сам іграў для моладзі, што збіралася вечарамі на вёсцы, – расказвае спадар Антоній. – Бачачы маю любоў да музыкі, мама, веруючая і богабаязная жанчына, прапанавала мне прафесію арганіста. Я баяўся, што не спраўлюся, але вырашыў паспрабаваць”.
    Так у 1955 годзе распачалася музычная прыгода спадара Антонія. На працягу 3-ох гадоў ён вучыўся асновам прафесіі ў мясцовага арганіста, а потым настаў час выпрабаваць здабытыя ўменні.
    “У 1958 годзе, падчас рэпатрыяцыі, многія жыхары навакольных вёсак выязджалі ў Польшчу, – узгадвае спадар Антоній. – Мой настаўнік даведаўся, што арганіст са Мсцібава таксама выязджае, і прапанаваў паспрабавацца на гэтае месца. Выпісаў мне адпаведны ліст, папярэдзіў, каб адразу не сядаў за інструмент, бо калі штосьці не атрымаецца, з мяне будуць смяяцца. У чарговую нядзелю я вырушыў у дарогу. Мясцовы арганіст адразу папрасіў зайграць. Я трохі хваляваўся, але адмовіцца не мог. Удалося добра. Адразу пасля св. Імшы мы пайшлі да кс. Казіміра Валентыновіча. Арганіст прадставіў мяне як свайго намесніка. Ксёндз са здзіўленнем паглядзеў на тады яшчэ вельмі маладога хлопца (мне адно споўнілася 18 гадоў), аднак у наступную суботу я ўжо іграў у мсцібаўскай парафіі на шлюбе. Праз 2 месяцы працы мы з маім настаўнікам памяняліся: ён паехаў у Мсцібава, а я застаўся працаваць у сваёй роднай парафіі ў Воўпе, пробашчам якой быў кс. Іпаліт Ядкоўскі. Часам ездзіў іграць у касцёл у Росі”.
    Антоній Вішнеўскі расказвае, што недалёка ад Воўпы, у вёсцы Эйсманты, жыў яго калега Гілярый Раманоўскі, які ахвотна дзяліўся з маладым арганістам сваім досведам, дазваляў перапісваць тэксты і ноты. “Тады ўсё пісалі ад рукі, нават нотных сшыткаў не мелі. Таму бралі спецыяльную прыладу, абмоквалі ў чарніла і малявалі на паперы пяцілінію, каб пазней запісаць ноты і тэкст, – распавядае спадар Антоній. – Гілярый прыязджаў да мяне кожны тыдзень. Мы разам ігралі і спявалі”.
    Арганіст узгадвае, што пасля смерці пробашча парафія ў Воўпе засталася без пробашча. Тады кс. Рышард Вербель прапанаваў яму сталую працу ў касцёле ў Росі. “Але мы баяліся, што воўпенскі касцёл могуць закрыць, таму вырашылі, што я буду прыязджаць на галоўную Імшу а 10-ай гадзіне ў Рось, а на 13.00 буду вяртацца ў Воўпу. Я меў ключы ад касцёла, адкрываў яго і праводзіў набажэнства. Нягледзячы на неахвоту з боку мясцовых улад, у святыні заўсёды збіралася вялікая колькасць вернікаў. На алтар мы клалі арнат і пачыналі малітву. Так адбывалася на працягу 22-ух гадоў”, – дзеліцца арганіст.
    Калі наступіў час рэлігійнай свабоды, Антоній Вішнеўскі працаваў у Росі і Лунне. Так пасля 20-ці гадоў працы ў гэтых парафіях ён вярнуўся ў свой родны касцёл у Воўпе, дзе да сённяшняга дня праз сваю ігру і спеў праслаўляе Пана Бога. Прызнаецца, што ва ўзросце 78-мі гадоў праца арганіста не даецца лёгка. Аднак, сядаючы за любімы інструмент, забываецца пра стомленасць. Арган, на якім іграе спадар Антоній, – гэта 9-галосны інструмент 1903 года, выкананы вядомай фірмай Вацлава Бярнацкага. “Ён ужо патрапаны часам, патрабуе аднаўлення, але іграць на ім – сапраўдная асалода”, – падсумоўвае арганіст.
   
    Больш чым ігра
    Разважаючы аб сваёй прафесіі, Антоній Вішнеўскі сцвярджае, што гэта не лёгкая праца, хоць на першы погляд так можа здавацца.
    Арганіст заўсёды павінен быць даступны: ранкам ці вечарам, у нядзелю ці ў будзень, а часам нават і па некалькі разоў на дзень. Выключэнне можа быць толькі з-за хваробы.
    Спадар Антоній падкрэслівае, што арганіст павінен не толькі граць, але і знаходзіць ключы да людскіх сэрцаў; праз музыку дапамагаць ім адкрывацца на Слова, на іншага чалавека і на Пана Бога. “Гэта вялізная адказнасць, – заўважае мужчына, – таму стараюся рыхтаваць песні загадзя і сам таксама рыхтуюся да св. Імшы. Я ўпэўнены, што добры арганіст – гэта не той, хто ведае ўстройства аргана і літургічныя песні, але, найперш, чалавек з непахіснай верай, вынесенай з роднага дома”.
   
    Бліжэйшы супрацоўнік
    Пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе кс. канонік Віктар Мыслюк адзначае, што ва ўсёй ваколіцы, хіба, няма чалавека, які б не ведаў спадара Антонія. “Ён ужо столькі гадоў праслаўляе Пана сваёй ігрой і спевам! Гэта вельмі заслужаны арганіст. Яго аўтарытэт бясспрэчны, паколькі ў складаныя для Касцёла часы спадар Антоній дапамагаў людзям захоўваць веру, – гаворыць кс. Віктар. – Цешымся, што ён служыць у нашай парафіі, таму што дзякуючы яго прысутнасці па-іншаму выглядае Эўхарыстыя. Спадар Антоній у касцёле кожны дзень. Нават калі трэба адправіць 2-ую св. Імшу, напрыклад, пахавальную, наш арганіст па магчымасці стараецца прыйсці”.
    Пробашч адзначае таксама, што Антоній Вішнеўскі на працягу многіх гадоў быў арганістам у яго роднай парафіі ў Росі. “Я пазнаёміўся са спадаром Антоніем асабіста, калі быў яшчэ малым дзіцём, – успамінае кс. Віктар. – Прыйшоў аднойчы разам з бацькамі ў касцёл і захацеў падчас св. Імшы стаяць на хорах. Мне так там спадабалася, што пачаў прыходзіць туды кожны раз. Памятаю, што калі праходзіў міма аргана, а спадар Антоній іграў Гадзінкі, заўсёды ўсміхаўся і схіляў галаву ў мой бок. А аднойчы даручыў мне напампоўваць паветра ў арган падчас урачыстасці. Гэтая падзея моцна адбілася ў маёй памяці. Спадар Антоній упрыгожваў сваёй ігрой шлюб маіх бацькоў, маю прыміцыйную св. Імшу ў 2001 годзе і шлюбы маіх братоў. У Росі яго вельмі шанавалі. Казалі, што нідзе ў ваколіцы няма такога арганіста, як спадар Антоній, паколькі мужчынскі голас у касцёле – сапраўды прыгожая традыцыя. Цешуся, што Божы Провід зноў злучыў нашы дарогі, што сёння я зноў супрацоўнічаю са спадаром Антоніем, каб разам славіць Пана. Такі чалавек і арганіст – вялікая радасць для парафіі. Шкада, што сённяшняя моладзь не выбірае гэты напрамак, калі задумваецца аб будучыні. Прафесія арганіста, можа, не такая захапляльная, як многія іншыя разрэкламаваныя прафесіі, але дазваляе чалавеку хваліць Бога, служыць Яму, упрыгожваць літургію і спрыяць паглыбленню літургічных перажыванняў. Невыпадкова гаворыцца, што той, хто спявае, двойчы моліцца, такім чынам ведучы душу да Бога. І гэта штосьці вельмі цудоўнае”.