Родная прыёмная мама

Актуальна - З жыцця Касцёла

У вёсцы Багданава, якая ляжыць амаль на самай мяжы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі, жыве не зусім звычайная сям’я. Гэта мама Алена Дварэцкая, якая належыць да Інстытута кансэкраванага жыцця св. Тэрэзы, і 12 яе прыёмных дзяцей. Яшчэ ў 2001 годзе с. Алена нават не думала, што некалі з вялікай цеплынёй і любоўю прытуліць да сябе чужых хлопчыкаў і дзяўчынак і падорыць ім радасць сямейнага жыцця, але менавіта так аднойчы і сталася. Зараз прыёмная мама сваё рашэнне тлумачыць коратка і сціпла: “А хіба ж можна было інакш?”.
Шляхі Гасподнія невыведныя
    Распачынаючы свой аповед, с. Алена падкрэслівае, што ніколі не планавала такога жыцця, якім жыве зараз. Яна нават не ведала, што на мапе Беларусі ёсць такая вёска Багданава і што лёс некалі яе туды закіне.
“У Багданава я прыехала па просьбе аднаго знаёмага святара. Ён абяцаў дагледзець паралізаваную бабулю, але мусіў выехаць з Беларусі, таму папрасіў мяне дапамагчы, – распавядае с. Алена. – Я ехала ў гэтую вёску ўсяго на месяц, але, як бачыце, ён цягнецца па сённяшні дзень. Нездарма кажуць, што калі хочаш насмяшыць Пана Бога, распавядзі Яму пра свае планы. Бабуля, якую я даглядала, у хуткім часе памерла, але ў вёсцы была яшчэ адна старэнькая жанчына, пра якую трэба было б паклапаціцца. Толькі мяне ўвесь час адольвалі сумненні: ці варта тут заставацца дзеля яе адной…”.
    С. Алена не ўяўляла сябе ў ролі сядзелкі, не бачыла сэнсу жыць у напаўразбураным доме. Яна была разгублена і шмат малілася, прасіла Бога, каб адкрыў жыццёвы план для яе, падказаў, што рабіць далей, паколькі сястры было важна не размінуцца з воляй Усявышняга. І Бог яе пачуў.
    “Аднойчы я ішла ў магазін і ўбачыла дзяўчынку. Яна выглядала жудасна: запэцканая, худая, у старой паношанай сукенцы. На нагах у гэтага няшчаснага дзіцяці было нешта накшталт красовак, але без падэшваў. Мясцовыя прадаўшчыцы адразу перасцераглі, што падыходзіць да дзяўчынкі не варта, бо яна вашывая ды можа разносіць усякую заразу. Але я не прайшла міма, запрасіла небараку да сябе дадому, – узгадвае. – Там мы разам селі абедаць. Я наліла ў талерку суп, і дзіця, замест таго каб узяць лыжку, пачало чэрпаць яго рукамі. Я шмат чаго бачыла ў жыцці, але гэтая карціна выклікала ў мяне сапраўдны шок. Стала цікавіцца ў дзяўчынкі, дзе яе бацькі, дзе яе дом. Тая адказала, што маці недзе бадзяецца, бацькі няма, а бабуля яе моцна крыўдзіць, таму прыйшлося ўцячы і пасяліцца, як зайчыку, пад елкай. Потым мы разам пайшлі паглядзець на месца яе прытулку. Недалёка ад вёскі пад вялікай елкай я сапраўды ўбачыла невялікі шалаш, зроблены з кардонных скрынак і старой вопраткі. Дзяўчынка спала ў такіх нечалавечых умовах нават зімой, пра што выразна гаварылі сляды абмаражэння на яе целе”.
    Сястра падкрэслівае, што, згодна з апавяданнямі мясцовых жыхароў, небарака прыходзіла ў вёску да людзей, каб папрасіць паесці. Дзяўчынка ніколі сама не ўзяла нічога чужога, перабівалася тым, што дадуць: бульбай, хлебам, салам. Самае страшнае, што ўсе навокал ведалі пра трагедыю гэтага маленькага чалавечка, шкадавалі, казалі, якая дзяўчынка бедная і няшчасная, але не прымалі ніякіх мер.
    “Пасля нашай першай сустрэчы мы з Алесяй больш не расставаліся. Я пакінула дзяўчынку ў сябе, хоць не мела на той момант ні матэрыяльных, ні бытавых умоў, – падсумоўвае сястра. – Першае, што зрабіла, прывяла яе ў нармальны выгляд, хоць гэта было не зусім проста, бо калі першы раз купала Алесю, яна мяне ўсю скусала. Склалася ўражанне, што дзяўчынка страшэнна баіцца вады і што яе ніхто ніколі не мыў. 1 верасня мы пайшлі ў школу. Алесю было не пазнаць: з вялікім бантам на галаве, у акуратнай сукеначцы, з прыгожым букетам яна прыйшла на сваю першую лінейку. Настаўнікі і бацькі глядзелі з вялікім здзіўленнем. Ім цяжка было паверыць, што гэта тая ж Алеся, ад якой усе шарахаліся, калі сустракалі на вуліцы”.
    З таго дня пачалося чарговае хаджэнне па пакутах гэтага дзіцяці. Пасля школы яна вярталася са слязамі, скардзілася, што дзеці з яе насміхаюцца, дражняць. Алеся была зусім не прыстасаваная да жыцця. У яе быў бедны слоўнікавы запас, не магла назваць словамі самыя элементарныя рэчы: ложак, кубак, дзень, ноч... С. Алена ўзгадвае, што калі ўпершыню дала ёй размалёўку, дзяўчынка ўсё цалкам замазала чорным алоўкам, і такім чынам адлюстравала сваё жыццё.
    “Калі я ўзяла Алесю, то не задумвалася, што будзе далей, не здагадвалася, што ў маім жыцці пачынаецца новы этап, мая новая місія, – гаворыць сястра. – Літаральна праз месяц да мяне ў дзверы пастукаліся яшчэ 2-ое дзяцей. Дзяўчынцы Ані было 13 гадоў, а яе брату – 4. Мала таго, што яны жылі на вуліцы, дык яшчэ з’яўляліся грамадзянамі Расіі. Тут мы сутыкнуліся з сур’ёзнай праблемай: Аню не хацелі прымаць у школу з-за адсутнасці дакументаў. Прыйшлося напісаць цэлы стос папер і паручальніцтваў, каб вырашыць гэтае пытанне. Тым часам нас у доме станавілася ўсё больш: я, бабуля і 3-ое дзяцей. Трэба было неяк арганізоўваць свой быт, думаць, чым усіх накарміць, у што абуць і адзець. Праз некалькі месяцаў да нас прыйшло яшчэ некалькі бабуль. У доме ўжо катастрафічна не хапала месца, а наша паўсядзённасць складвалася з пошуку адказаў на пытанні “Што есці?”, “Дзе спаць?”. Ведаеце, я не веру ў цуды, але тое, што адбылося пазней, па-іншаму назваць нельга. Былі такія сітуацыі, што мы клаліся ўвечары спаць, а я не магла заснуць, бо не ведала, чым заўтра накарміць усіх гэтых людзей. Аднак пасля зразумела, што калі даверыцца Богу, Ён учыніць неверагодныя рэчы. Невядома адкуль прыходзілі незнаёмыя людзі, прыносілі ахвяраванні. Сапраўды, многае трэба было перажыць, каб выйсці на той узровень, на якім мы зараз знаходзімся. Патрэбна была як ахвяра дзяцей, так і мая ахвяра. Хрыстос, пакуль прынёс нам збаўленне, памёр на крыжы, і ў нашым выпадку таксама трэба было адпакутаваць, каб пачалася светлая паласа”.
 Такім чынам, у доме с. Алены Дварэцкай напоўнілася новым сэнсам жыццё 16-ці дзяцей, сустрэлі сваю старасць 9 бабуль, якіх яна ўзяла пад сваё крыло.
   
   Усё, як у сям’і
    Калі с. Алена разважае пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца падчас выхавання дзяцей, то адзначае, што яе галоўная задача – прыкласці ўсе намаганні, каб сэрцы маладых людзей адагрэліся, адкрыліся на любоў і добразычлівасць.
    “Дзеці, з якімі я мела дачыненне, былі пакалечаны маральна, псіхалагічна і нават фізічна, – распавядае сястра. – Яны прыходзілі злосныя, агрэсіўныя, пакрыўджаныя. Гэтыя негатыўныя эмоцыі трэба неяк перамагаць. Акрамя таго, дзеці з неблаганадзейных сем’яў маюць скажоны вобраз сям’і. Там іх не любілі, здзекаваліся, там яны былі лішнімі. І мне трэба паказаць, што можа быць інакш. Да кожнага трэба падабраць ключык, знайсці падыход, каб маленькі чалавек табе адкрыўся, паверыў. Я называю гэты працэс чарапашымі крокамі, бо, каб вылечыць душу, патрэбен ні дзень, ні месяц, і нават ні адзін год. Але я ўпэўнена, што ўсё цёмнае можна перамагчы, калі базіраваць жыццё на Богу і Яго любові. Толькі Ён зможа выраўняць, нармалізаваць і супакоіць тую эмацыйную буру, якую давялося перажыць чалавеку”.
    Сястра падкрэслівае, што ўсе дзеці, якія да яе трапляюць, атрымліваюць сакрамант хросту, кожнага з іх яна прыводзіць да Бога. “Касцёл у нас праз дарогу, таму ў святыню ходзім усе разам, – гаворыць с. Алена. – Лічу, што без веры і Бога гэтым дзецям не ўдасца дапамагчы. Дома ў нас ёсць капліца, дзе молімся. Пачынаем і заканчваем дзень малітвай, нават самыя маленькія, якія яшчэ не ўмеюць гаварыць, прыходзяць разам з намі. Штодня адгаворваем Ружанец і Вяночак да Божай міласэрнасці. Таксама маем спецыяльную шкатулку, дзе складваем карткі з імёнамі людзей, якія нам дапамагаюць. За іх таксама молімся. Такім чынам дзеці вучацца ўдзячнасці. Акрамя таго, стараемся практыкаваць веру ў справах. Напрыклад, падчас Адвэнту выцягваем паперкі з імёнамі дзяцей, якія жывуць у неблаганадзейных сем’ях. На працягу посту молімя за іх і збіраем падарункі.
    Пасля ўсе разам сядаем у машыну і едзем да гэтых дзяцей, каб павіншаваць са святам Раства. Лічу, што гэта вельмі добрая традыцыя. Дзеці вучацца клапаціцца пра іншага чалавека, прыкмячаць, што вакол іх ёсць тыя, каму неабходна дапамога і падтрымка”.
    С. Алена Дварэцкая таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што іх жыццё працякае па прынцыпе “Мы – сям’я”; што дом, у якім яны жывуць – гэта не месца часовага прытулку, а нібыта порт, куды заўсёды можна вярнуцца, дзе ў любы час дня і ночы чакаюць, любяць, прымаюць такім, які ты ёсць.
    “Афіцыйна дзеці павінны тут жыць да моманту заканчэння школы, – гаворыць сястра. – Пасля яны пераходзяць на дзяржаўнае забеспячэнне. Але на практыцы ўсё інакш. Дзеці прыязджаюць сюды, калі ім захочацца, ведаюць, дзе што ляжыць, паводзяць сябе тут, як у бацькоўскім доме, у якім выраслі. Тут застаецца іх ложак, паліца ў шафе, нейкія дробныя рэчы. Яны ведаюць, што іх праблемы – гэта мае праблемы. Калі яны вучацца, то я вучуся разам з імі, прысутнічаю на ўсіх бацькоўскіх сходах і ў школе, і ў каледжах. Калі наша Аня выходзіла замуж, я рабіла ёй вяселле, брала вялікі крэдыт у банку. Дзяўчына мяне не прасіла аб гэтым, мне самой хацелася, каб у яе засталіся светлыя ўспаміны, каб тыя цёмныя моманты, якімі было пазначана яе жыццё, растварыліся. Зараз вельмі цешуся, што ў яе склалася жыццё, што завітвае да нас у госці разам з мужам і дзеткамі. Заўсёды чакаю прыезду ўсіх сваіх дзяцей, я ім вельмі рада, з кожным з іх дзялюся тым, што маю сама. Некалькі дзён таму ў мяне быў Дзень нараджэння. Мае дзеці, тыя дарослыя, і гэтыя, што жывуць са мною, зладзілі для мяне сапраўднае свята. Увечары яны заехалі на падворак з сігналамі і светам фар так гучна, што чула, хіба, уся вёска. Хтосьці быў з тортам, хтосьці – з букетам. Яны так спявалі, што я расплакалася. Гэта быў знак, што ўсё не дарма. Цешуся і ганаруся, што з іх выраслі годныя людзі, што яны не растрацілі таго, што гадамі ў іх укладвалася, што самае прыгожае ў свеце слова «мама» для іх набыло станоўчы сэнс, напоўнілася цеплынёй, дабрынёй і радасцю”.
    Лічыцца, што быць прыёмнай маці – гэта праца. З тым нельга пагадзіцца, бо калі глядзіш на с. Алену Дварэцкую, разумееш: гэта сэнс яе жыцця. Выдатна, што знаходзяцца такія людзі, якія жадаюць падзяліцца сваёй любоўю і даць магчымасць стаць шчаслівымі пакрыўджаным лёсам дзецям, абагрэць іх сэрцы і дапамагчы вызначыцца ў жыцці.