Папа Францішак да моладзі ў Вільнюсе: “Не бойцеся рабіць стаўку на Хрыста!”

З жыцця Касцёла

22 і 23 верасня папа Францішак з апостальскім візітам знаходзіўся ў Літве, наведваючы Вільнюс і Каўнас. Пантыфік быў зусім блізка – за 169 км ад Гродна, што нават бліжэй, чым Мінск.
Стаць апосталамі, каб перадаць змест пачутага ў свет
    З Гродзенскай дыяцэзіі на сустрэчу са Святым Айцом у Літву выехала шматлікая група пілігрымаў: біскупы мясцовага Касцёла Аляксандр Кашкевіч і Юзаф Станеўскі, маладыя людзі з розных парафій дыяцэзіі на чале з адказным за душпастырства моладзі кс. канонікам Антоніем Грэмзам, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі, а таксама святары і кансэкраваныя асобы.
“Папа вельмі людскі, прыветлівы і радасны. Ён умее слухаць і гэтым пакарае сэрцы”, – падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх даў нават адмысловы наказ той частцы каталіцкай моладзі з Гродзеншчыны, якая змагла пабачыць наступніка св. Пятра на свае вочы: “Усё, што пачулі тут, вы павінны таксама занесці іншым. Не толькі самім наталіць сваё сэрца духоўным словам, але і стаць апосталамі, каб перадаць змест пачутага ў свет”. Біскуп Юзаф прызнаўся, што лічыць гэтую пілігрымку “лекцыяй па рэлігіі”, якую трэба запомніць на ўсё жыццё, а асабліва высновы з гэтай лекцыі.
   
    Не пераблытаць дарогу з лабірынтам
    Падчас сустрэчы з літоўскай моладдзю ў Вільнюсе, дзе былі таксама і асобныя групы пілігрымаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Пантыфік падтрымаў маладых людзей словамі: “Вера ў Хрыста часта патрабуе высілкаў, каб зрабіць «скачок у невядомасць», што заўсёды страшна. Але будзьце адважныя!”.
    Папа Францішак адзначыў, што жыццё – гэта заўсёды дарога, на якой чалавек шукае ўласны накірунак, не баючыся павярнуць, калі зробіць памылку. “Самае небяспечнае – пераблытаць жыццё з лабірынтам: з бессэнсоўным блуканнем па крузе, вакол саміх сябе, замест таго, каб шукаць дарогу, якая вядзе наперад. Не будзьце моладдзю ў лабірынце, з якога цяжка выйсці, але моладдзю ў дарозе, якая мае трывалы арыенцір – Хрыста, – заклікаў Святы Айцец. – Не бойцеся зрабіць стаўку на Хрыста, прыняўшы Яго справу – справу Евангелля. Ён ніколі не сыйдзе з чаўна вашага лёсу, заўсёды будзе стаяць на скрыжаваннях жыццёвых дарог, ніколі не перастане змагацца за вас, нават калі часам самі стараецеся сябе знішчыць”.
    Нібы рэфрэнам гучалі словы Пантыфіка на развітанне: “Многія будуць хацець заняць вашыя сэрцы, засадзіўшы палеткі імкненняў пустазеллем, але памятайце, што ў выніку, калі аддамо жыццё Хрысту, заўсёды пераможа добрая пшаніца”.
   
    Пілігрымы пра ўражанні ад сустрэчы
    Ганна Карчэўская, як і яе сяброўка Алена Цыбулька, прыехалі ў Вільнюс у складзе групы пілігрымаў з Гродна, з катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя. “Мне вельмі хацелася сустрэцца з Папам, пачуць штосьці менавіта для сябе, – адзначае Ганна. – Хоць я ніколі не бачыла яго ўжывую, мела ўражанне, што сустракаюся з родным чалавекам. Заўсёды сачу за выказваннямі Святога Айца, Пантыфік увесь час прамаўляе глыбока ў сэрца. Вельмі рада за літоўскую моладзь і крыху нават зайздрошчу:
    сам Папа прыехаў на сустрэчу да яе! Вось бы і нам так!”. Алена з усмешкай дадае: “Гродна мог бы таксама прыняць Папу. Увогуле, калі выбіраць месцы для пілігрымкі Пантыфіка на беларускую зямлю, то, мяркую, Гродна і Будслаў нельга было б абмінуць ні ў якім разе”.
    Алег Баланцэвіч у Вільнюс прыехаў з мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай. Для юнака такі выезд з каталіцкай моладдзю – першы ў сваім родзе. І адразу да Папы! “Раней я бачыў Пантыфіка толькі па тэлевізары. Прыемна, што ў Вільнюсе сабралася столькі маладых людзей. Наш пробашч заўжды кажа, што моладзь – гэта фундамент свету. Я перакананы, што тыя, хто сёння сабраўся тут, ніколі не дапусцяць вайны”, – гаворыць Алег.
    Для брэстчанкі Валерыі Бойка, якая атрымлівае адукацыю ў Польшчы, на такіх сустрэчах вельмі важная атмасфера. Дзяўчына прызнаецца: “Пакуль навучальны год толькі пачынаецца, хачу насыціцца гэтай атмасферай радасці і малітвы. Папа для мяне як сапраўдны прарок: гаворыць блізка для народа і мудра”.
    Сярод іншых беларусаў на сустрэчы была і Кацярына Адамчык з Мінска, прадстаўніца Беларусі на Перадсінадальнай сустрэчы моладзі ў Ватыкане. “Я прымала ўдзел у абмеркаванні перадсінадальнага дакумента, які мы распрацоўвалі з моладдзю ўсяго свету, – распавядае Кацярына. – Вельмі спадзявалася, што Папа хаця б часткова выкарыстае пункты з таго дакумента ў сваёй прамове”.
    І сапраўды. Святы Айцец у прамове да літоўскай моладзі некалькі разоў рабіў спасылкі на перадсінадальны дакумент. Першымі пра гэта даведаліся журналісты: у прэс-цэнтры прамова Папы была перакладзена на 6 моў. У кожнай з моўных версій былі асобна пазначаны месцы, у якіх Пантыфік цытаваў перадсінадальны дакумент моладзі.
   
    Маўклівае і выразнае запрашэнне ў Беларусь
    У катэдры свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Каўнасе папа Францішак сустрэўся з духоўнымі і кансэкраванымі асобамі, у тым ліку з Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел семінарысты Вышэйшай духоўнай семінарыі. Пантыфік заклікаў прысутных быць засяроджанымі на Богу, вернымі Яго любові, імкнуцца заўсёды быць побач са сваім народам, з патрабуючымі, асабліва з тымі, якіх іншыя адкідваюць або асуджаюць.
    Кс. Юрый Пракапюк, які служыць у Мазыры (Пінская дыяцэзія), адзначае, што ўвесь час заахвочвае сваіх парафіян быць салідарнымі з папам Францішкам, услухоўвацца ў яго заўжды асаблівыя прамовы: “Прысутнасць у Літве пілігрымаў з Беларусі – гэта як чарговае запрашэнне Папе Рымскаму прыехаць у нашу краіну. Вельмі чакаем яго ў Беларусі!”.