Аб ролі семінарыі ў фармацыі будучага святара

З жыцця Касцёла

19 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася інаўгурацыя новага навучальнага года. На ўрачыстае адкрыццё года прыбыло шмат гасцей, у тым ліку і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, які 28 гадоў таму заснаваў гэтую першую ў Беларусі касцёльную ўстанову для фармацыі святароў. Як заўважыў іерарх, “задача семінарыі – падрыхтаваць тых, хто будзе не толькі абвяшчаць Божае слова, цэлеб- раваць сакраманты і здзяйсняць іншыя паслугі, але і тых, хто павінен будзе стаць духоўнымі лідарамі людзей. Ад іх якасці будзе залежыць і якасць служэння Касцёла”.
У спецыяльным інтэрв’ю для “Слова Жыцця” рэктар Гродзенскай ВДС кс. Віталій Вайцяхоўскі разважае над тым, якім павінен быць сучасны святар і якія ўмовы неабходны для выхавання будучага душпастыра.
Кс. Віталій Вайцяхоўскі нарадзіўся 9 кастрычніка 1979 года. Паходзіць з парафіі  свсв. Космы і Дам’яна ў Астраўцы. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 29 мая 2004 года. У 2007–2011 гадах вывучаў тэарэтычную філасофію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла ІІ (Польшча).  У 2011–2018 гадах з’яўляўся пробашчам парафіі св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы і адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дзембраве (дэканат Шчучын).  З 2011 года выкладае філасофскія дысцыпліны ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. У 2018 годзе прызначаны яе рэктарам.– Кс. Віталій, якім, на Ваш погляд, павінен быць сучасны святар?
    – Кожны святар павінен, перш за ўсё, моцна любіць Бога. Любіць настолькі, каб баяцца Яго пакрыўдзіць. Вядома, і час накладвае свой адбітак, надае пэўную спецыфіку душпастырскай паслузе. Дакладна зразумела адно: такім, якім святар быў 100 і нават 50 гадоў таму, сёння ён не будзе. Сучаснае грамадства патрабуе больш блізкіх адносін з душпастырам. Гэта значыць, людзі хочуць бачыць яго не толькі падчас св. Імшы, але і ў паўсядзённасці, у сваім звычайным, побытавым жыцці. Гэта трэба ўсведамляць і на гэта трэба быць адкрытым.
    Адаптуючыся пад павевы часу, вельмі важна захоўваць святарскую годнасць, слепа не прыпадабняцца і не пераўтварацца ў нешта штучнае. Душпастыр павінен быць блізкі людзям, зразумелы ім, але ў той жа час заставацца прыкладам і пастырам, які здольны весці за сабой.
    Часта людзі чакаюць ад святара сведчанняў, учынкаў. Не заўсёды гэта мусяць быць вялікія справы або гераічныя чыны. У сучасным святары людзі павінны бачыць асобу, якая імкнецца жыць па-божаму. Адсюль, напэўна, і слова “пабожны”. І тут я маю на ўвазе не толькі набожнасць у малітве, служэнні, але, перш за ўсё, набожнасць у паўсядзённасці, якая характарызуецца такімі простымі рэчамі, як дабрыня, спагадлівасць, шчырасць і г. д. Калі коратка і шырока, святар – гэта добры сучасны чалавек, які жыве ў Божай ласцы.
   
   
    – Святароў рыхтуюць у духоўных семінарыях. Як павінен быць наладжаны навучальны і фармацыйны працэс, каб выхаваць добрага працаўніка на Божай ніве?
– На самой справе, гэта вельмі складанае пытанне. Калі б адказ быў такім простым, то працэс фармацыі добрых святароў быў бы пастаўлены на паток. Вызначальныя моманты – гэта жаданне самога кандыдата, яго адкрытасць на Божую ласку, умацаванне ў малітве і, канешне, узаемная шчырасць.
   
    – Што маеце на ўвазе пад выразам “узаемная шчырасць”?
    – Кожнага Бог вядзе сваім непаўторным шляхам. Мы ўсе – як клерыкі, так і выкладчыкі – стараемся прыслухоўвацца адзін да аднаго, разам адказваць на выклікі часу і шукаць шляхі вырашэння надзённых праблем. Гэта наша агульная справа.
    Трэба адзначыць, што пасля заканчэння семінарыі “гатовага” святара не атрымаецца – ён толькі будзе вучыцца быць святаром. Дзень за днём будзе рабіць крокі, якія наблізяць яго да гэтага. Такім чынам, семінарыя паказвае правільны кірунак, а сам шлях душпастыра пачынаецца з прэзбітэрскіх пасвячэнняў. Інакш кажучы, працэс станаўлення святара можна параўнаць з уменнем плаваць. Ты ніколі не станеш добрым плыўцом, пакуль не нырнеш у ваду.
   
    – На сёння маем у Беларусі 2 духоўныя семінарыі: у Гродне і ў Пінску. У чым іх падабенства і галоўныя адрозненні?
    У чым адметнасць гродзенскай семінарыі?
    – Яны вельмі падобныя, бо маюць адну мэту і сродкі. Адрозненні, я б сказаў, фармальныя. З бягучага года ў Гродне да святарства будуць рыхтавацца клерыкі з іншых дыяцэзій, а ў Пінску – толькі з Пінскай дыяцэзіі.
    Да гэтага часу было наадварот.
    Унікальнасць кожнай семінарыі, я лічу, у людзях. І толькі ў іх. Менавіта яны ствараюць непаўторную атмасферу кожнай супольнасці. У нашай семінарыі гэта, напрыклад, кс. прэлат Ежы Лявінскі. Уся яго дзейнасць прасякнута пасланнем Божай міласэрнасці. Святар імкнецца данесці яго да навучэнцаў, выхаваць у іх сэрцах, сведчыць таксама пра міласэрнасць сваім прыкладам. Яшчэ адным чалавекам, які назаўсёды застанецца ў памяці семінарыі, з’яўляецца светлай памяці кс. Тадэвуш Вышынскі. Яго “каньком” былі спевы. Калі ў горад прыязджалі госці і чулі семінарыстаў, пазнавалі іх, перагаворваючыся паміж сабой: “гэта гродзенскія пяюць”, “музычная школа кс. Вышынскага”… І такіх людзей у нас вельмі шмат. Кожны ўносіць у жыццё семінарыі сваю асабістую непаўторнасць.
   
    – Гродзенскай ВДС ужо 28 гадоў. Наколькі яна адрозніваецца ад той, што была заснавана ў 1990 годзе?
    – Я вучыўся ў гродзенскай семінарыі ў 1997–2003 гадах. Магу сказаць, што тая семінарыя і семінарыя, у якой зараз выкладаю, гэта дзве розныя навучальныя ўстановы. Усё вельмі змянілася. Людзі – і тыя, што прыйшлі працаваць, і кандыдаты – зусім іншыя. Іншая жыццёвая сітуацыя, абставіны, погляды, спосаб мыслення. Не тая колькасць клерыкаў (іх цяпер менш). Але захаваліся некаторыя традыцыі, кардынальна не змяніўся сам навучальны працэс, спосабы яго падачы.
   
    – Ці варта прыслухоўвацца да замежнага вопыту дзейнасці духоўных семінарый? Альбо ў нас свая спецыфіка і свой асаблівы шлях развіцця?
    – А чаму б і не? Мы з’яўляемся часткай Паўсюднага Касцёла. Ён цудоўны ў сваёй разнастайнасці. Добрыя традыцыі вартыя ўвагі: гэта нас узбагачае.
   Нядаўна я быў на сустрэчы рэктараў у Польшчы, дзе прысутнічалі прадстаўнікі розных краін. І многія з іх дзяліліся сваім вопытам адносна нейкіх новаўвядзенняў, іх пазітыўнымі і негатыўнымі вынікамі. Хачу заўважыць, што такі абмен кампетэнцыямі дапамагае пазбегнуць пэўных памылак, якія не адразу могуць быць прадбачаны і прадухілены.
   
    – Як бачыце далейшую дзейнасць Гродзенскай ВДС?
    – Вядома, з прыбыццём навучэнцаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі семінарыя ўзбагаціцца традыцыямі ўсходняй часткі Беларусі. Але мэта, сродкі, арганізацыя самаго працэсу фармацыі прынцыпова не зменяцца. Гродзенская семінарыя працягвае ісці сваім ранейшым шляхам.