“Я хадзіла сцежкамі бласлаўлёных мучаніц, вобраз кожнай нашу ў сваім сэрцы...”

З жыцця Касцёла

На сценах доўгага кляштарнага калідора ў Навагрудку змешчаны табліцы, якія апавядаюць пра бласлаўлёных сясцёр мучаніц. З кароткіх сказаў складваецца цудоўны вобраз назарэтанак: сардэчныя, добрыя, цярплівыя, старанныя, з моцнай верай і даверам да Божых планаў.
    Іх імёны, манера паводзін, прыклад любові, мацнейшай за смерць, засталіся ў памяці мноства людзей. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” с. Тэрэза Касінская расказвае пра прысутнасць бласлаўлёных сясцёр у яе жыцці і пра ролю, якую яны адыгрывалі ў Навагрудку.
Дзіцячыя ўспаміны
    Я нарадзілася ў Наваельні. Але колькі сябе памятаю, мы жылі ў Навагрудку. Будучы малой дзяўчынкай, ведала сясцёр толькі ў твар: сустракала іх у касцёле ці на вуліцы. Потым пачала хадзіць у Агульную школу сясцёр назарэтанак і ўжо штодзённа сустракалася з манахінямі, а таму мела магчымасць пазнаёміцца з імі бліжэй. Дагэтуль памятаю твар, фігуру і нават голас кожнай з сясцёр.
    Вельмі выразныя ўспаміны звязаны з с. Канізіяй, якая вучыла дзяцей спяваць. Адным з нашых самых любімых твораў была песенька пра верабейкаў, падчас якой мы з сяброўкай выконвалі рытмічны танец з кійкамі. Часта сустракаліся з сястрой таксама ў касцёле, бо яна была арганісткай. Калі думаю пра яе, перад вачыма заўсёды ўзнікае такая карціна: манахіня ідзе праз касцёл, нясе спеўнікі і ключы ад хораў.
С. Канізія была адзінай настаўніцай сярод сясцёр. Астатнія назарэтанкі займаліся іншай працай: с. Раймунда прыбіралася ў школе, с. Даніэла клапацілася аб дзіцячай сталовай, с. Геліадора выконвала абавязкі брамніцы. Яшчэ добра памятаю с. Імэльду, якая была закрыстыянкай. Гэта яна засцілала алтар белым абрусам, упрыгожвала святыню кветкамі, запальвала свечкі.
    Назаўсёды ў маёй памяці засталася с. Даніэла. Яна збірала зёлкі і брала нас, дзяцей, з сабой. Мы хадзілі з ёй на Замкавую гару. Сястра расказвала, якія расліны карысныя, якія – лекавыя, пералічвала іх назвы. Памятаю, што спачатку мы збіралі зёлкі побач з замкам, потым праходзілі праз парк, затым праз кусты і даходзілі ажно да дамоў, дзе жылі спадарствы Зверкі і Дабрынскія. Гаспадары часам частавалі нас чарніцамі і малаком.
    Першакамунійныя дзеці разам з сёстрамі, 1931 годУсіх сясцёр я запомніла як вельмі працавітых асоб. Яны ўтрымлівалі немалую гаспадарку: мелі кароў, каня, разнастайную хатнюю птушку. Акрамя гэтага пралі, вязалі. Шмат працы мелі таксама ў касцёле, бо павінны былі падтрымліваць парадак.
    На зямлі за кляштарам сёстры назарэтанкі мелі агарод, дзе садзілі бульбу, капусту, буракі і іншую агародніну.
    Мой швагер, які жыў па суседству, расказваў, што яго сям’я заўсёды прыглядвалася да таго, як сёстры гаспадарылі. Дзякуючы сваёй працавітасці манахіні за лета тройчы збіралі сена з лугу. У вялікай бочцы разводзілі адпаведнае ўгнаенне, а затым, калі трава ўжо была скошана, адна з сясцёр ехала праз луг на кані з гэтай бочкай і ўсё дасканала апырскавала, каб маладая трава хутчэй расла.
    Я таксама трохі дапамагала назарэтанкам: калі яны апрацоўвалі глебу, пільнавала птушак і жывёлу, каб не нарабілі шкоды ў агародзе. Дакладна памятаю, што пасля працы манахіні ішлі на абед у гаспадарчы домік. Кухняй кіравала с. Канута. Ежу гатавала ў вялікіх чыгунах. Сёстры падыходзілі да яе з талеркамі па суп, затым затрымліваліся ля століка, на якім ляжалі абрэзкі ад камунікантаў, якія пяклі самі. Гэтыя абрэзкі яны насыпалі ў суп і накіроўваліся з талеркамі абедаць за дзверы з белай заслонай. Там была клаузура, таму ніхто іншы не мог туды ўвайсці.
   
    Жыццё пад акупацыяй
    У 1939 годзе, пасля ўступлення савецкіх войскаў, у Навагрудку адбыліся сур’ёзныя змены. Сясцёр выгналі са школы, трохі пазней – з дому. Яны жылі ў прыватных кватэрах і вымушаны былі шукаць працу. Манахіням забаранілі насіць хабіты, таму яны былі заменены на простыя сукенкі. Назарэтанкі падтрымлівалі паміж сабой сувязь праз касцёл: сустракаліся на св. Імшы і Ружанцы. Таемна рыхтавалі дзяцей да споведзі і св. Камуніі. З цягам часу людзей у горадзе станавілася ўсё менш, таму што адбываліся масавыя дэпартацыі ў Сібір і Казахстан. Аднак вернікі надалей у вялікай колькасці прымалі ўдзел у набажэнствах. У 1941 годзе распачалася нямецкая акупацыя. Чэрвеньская бамбардзіроўка горада амаль не закранула Фару, але значна пашкодзіла касцёл св. Міхала Арханёла. Падчас аднаго з налётаў с. Малгажата ішла на дзяжурства ў мясцовую бальніцу (працавала ў хірургічным аддзяленні). Калі выбухнулі бомбы, манахіня пачала шукаць сховішча, але адзінае, што яна ўбачыла перад сабой – высокі плот, які агароджваў месца будоўлі.
    С. Малгажата са страху перакінула праз яго сваю сумку і пераскочыла сама. Упала на дошку з цвікамі, прабіла сабе нагу, а асколак бомбы трапіў ёй у лоб. Калі апрытомнела, была ўся ў крыві. Хтосьці з мінакоў завёў жанчыну дадому. Пра гэты выпадак прыгадвае здымак у кляштары, на якім сястра адлюстравана з перавязанай галавой.
    Пасля таго, як у горад уступілі нямецкія войскі, з’явіліся новыя правілы: сёстрам дазвалялася насіць хабіты, хадзіць у касцёл, апрацоўваць зямлю. У хуткім часе пачаўся тэрор супраць грамадзянскага насельніцтва. 31 ліпеня 1942 года ў лесе побач з баракамі расстралялі 60 чалавек, сярод якіх было двое ксяндзоў: кс. дэкан Міхал Далецкі і кс. Ян Кучынскі з Уселюба.
   
    Складзеная ахвяра
    Праз год, ноччу з 17 на 18 ліпеня, было арыштавана каля 120-ці чалавек (у большасці сваёй бацькі сем’яў) з намерам іх расстраляць. Тады с. Стэла, якая выконвала абавязкі настаяцельніцы, падчас сустрэчы з кс. Аляксандрам Зянкевічам прамовіла знамянальныя словы: “Божа мой, калі патрэбна ахвяра жыцця, хай лепш нас расстраляюць, чым тых, у каго ёсць сем’і. Мы нават молімся аб гэтым”.
  Працэсія  з трунамі 11-ці назарэтанак, эксгумаваных з лясной  магілы, у Фару  31 ліпеня сясцёр назарэтанак выклікалі ў камісарыят. Пасля вячэрняга Ружанца манахіні на чале з настаяцельніцай накіраваліся па ўказаным адрасе. Па дарозе сустрэлі с. Малгажату, якая акурат вярталася з бальніцы. С. Стэла наказала ёй ісці додому, а калі будзе такая патрэба, за ёй прышлюць кагосьці з сясцёр.
    Кс. Зянкевіч разам з с. Малгажатай чакалі манахінь у гаспадарчым доміку. Мінула гадзіна, дзве, поўнач, але ніхто не прыходзіў. Пачало світаць, а сёстры не вярталіся.
    Нядзельнай раніцай кс. Аляксандр адправіў у Фары св. Імшу, пасля чаго накіраваўся ў касцёл св. Міхала Арханёла. Калі сядзеў у канфесіянале, хтосьці падышоў да яго і сказаў, што сясцёр расстралялі. Вядома, што каты планавалі забіць манахінь у той самы дзень, калі выклікалі ў камісарыят. Іх вывезлі ў бок баракаў, але на дарозе было яшчэ дастаткова людна, таму гестапаўцы вярнуліся назад. Сёстры правялі ноч у падвале ў кацельні, а на досвітку былі вывезены ў лес, дзе іх і расстралялі.
    Праз некалькі дзён пасля трагедыі с. Малгажата накіравалася ў бальніцу на дзяжурства і ўбачыла, як ваенны канваіруе воз, дзе ляжаць рэчы сясцёр. Салдат пазнаў с. Малгажату і адразу спытаўся, куды яна ідзе. Тая адказала, што на працу. Тады мужчына перасцярог яе, каб не хадзіла ў бальніцу. І манахіня вярнулася. Галоўны ўрач змяніў план дзяжурстваў, выкрэсліваючы прозвішча назарэтанкі, каб гестапаўцы не натрапілі на яе след.
    Пазней с. Малгажата разам з некалькімі жанчынамі выбралася ў лес, нібы па грыбы. На самой справе яны хацелі адшукаць магілу сясцёр. Натрапіўшы на свежую зямлю, манахіня пачала разграбаць пясок. Знайшла цела адной з сясцёр і адарвала падвязку, такім чынам упэўніваючыся, што на гэтым месцы сапраўды спачываюць назарэтанкі.
   
    Напалову ўтоена
    Асірацелая с. Малгажата некаторы час жыла ў гаспадарчым доміку. Аднойчы, калі працавала ў агародчыку, па яе прыйшлі гестапаўцы.
    Аднак паблыталі дамы і трапілі да суседкі, дзе адбылася наступная сцэна. Калі гестапаўцы спыталіся пра манахіню, жанчына закрычала: “Суседка, ці ты не бачыла с. Малгажату?”. Назарэтанка падняла галаву ад градкі, убачыла, што стаяць нейкія незнаёмцы, і адказала: “Недзе тут была...”. “Была, але ўжо няма”, – сказала суседка. І гестапаўцы пайшлі ні з чым.
    Так назарэтанка засталася пры жыцці. Яна надалей жыла ў тым жа доміку. Не мусіла ўжо спецыяльна хавацца, магла свабодна хадзіць у касцёл.
   
    Сёстры вяртаюцца ў Фару
    Пад канец вайны кс. Аляксандр Зянкевіч пачаў дабівацца дазволу на эксгумацыю і пахаванне расстраляных. З магілы дасталі 12 цел, хоць сясцёр было 11. Апошняй ахвярай стаў хлопец, які, праўдападобна, капаў дол. А расстралялі яго, каб пазбавіцца ад сведкі.
    19 сакавіка 1945 года адбылося пахаванне 11-ці сясцёр мучаніц. Парэшткі змясцілі ў асабістых трунах і на санях перавезлі ў святыню. Кс. Аляксандр паклапаціўся пра тое, каб у кожную труну паклалі запячатаную бутэлечку з карткай унутры, на якой напісана імя і дата смерці. Сясцёр пахавалі ў супольнай магіле побач з Фарай, паставілі драўляны крыж і неацёсаны камень.
   
    Разам да канца
    У 1946 годзе, калі многія палякі, у тым ліку кс. Зянкевіч, вярталіся ў Польшчу, у Навагрудак прыехалі некалькі манахінь з Вільнюса і прапанавалі с. Малгажаце вярнуцца ў краіну. Аднак тая адказала: “Я застануся тут назаўсёды. Павінна была загінуць разам з сёстрамі! Аднак калі Пан Бог выратаваў мяне, то буду трываць на варце Божага дома і магілы сясцёр”.
    На працягу наступных 10-ці гадоў у Навагрудку не было святара. С. Малгажата жыла ў складаных умовах у закрыстыі, дзе ў яе быў ложак за шафай, невялічкая печачка, каб вытрымаць моцныя маразы. Клапацілася пра Фару і ў першую чаргу пра тое, каб там заўсёды быў Найсвяцейшы Сакрамант. Адчыняла святыню кожную нядзелю і на набажэнствы, каб людзі маглі прыйсці і памаліцца. Жыхары горада таксама прыходзілі да сястры са сваімі праблемамі, паколькі ў кожнай справе яна ахвотна давала добрую параду.
    Праз некаторы час з лагера вярнуўся кс. Войцех Навачык OMI. С. Малгажата гаспадарыла пры ім на працягу чарговых 10-ці гадоў. Памерла пасля цяжкай хваробы 26 красавіка 1966 года. Была пахавана на мясцовых могілках.