Мадонны і не толькі...

З жыцця Касцёла

Фотапраект пад такой назвай быў прэзентаваны ў горадзе над Нёманам. Калекцыя фотаздымкаў аўтарства Юрыя З. Касючэнкі паказвае археалогію відарыса Мадонны ў выглядзе сярэднявечнай скульптуры ў Еўропе і адлюстроўвае, якім чынам марыйны культ знайшоў сваё выражэнне ў мастацтве.
Прыгажосць і таямніца раманскай і гатычнай скульптуры ў Еўропе ў X–XVI стагоддзях
    Прэзентацыя фатаграфій Юрыя З. Касючэнкі адбылася ў Інфармацыйна-турыстычным цэнтры Гродзенскай дыяцэзіі ў межах сустрэчы Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў г. Гродна, арганізаванай кс. канонікам Антоніем Грэмзам. Аўтар фотакалекцый, якія прадстаўляюць статуі Мадонны, расказаў прысутным, што здымкі былі зроблены ў многіх вядомых музеях, замкавых галерэях, дыяцэзіяльных музеях, касцёлах і манастырах, старых капліцах і месцах адпраўлення культу. Збор паўстаў у 1995–2015 гадах падчас падарожжа фатографа па краінах Еўропы: Аўстрыі, Францыі, Германіі, Польшчы, Партугаліі, Італіі.
“Я рабіў здымкі, між іншым, у Луўры і ў Музеі Клюні ў Парыжы, у Музеі сакральнага мастацтва ў Ахене, Баварскім нацыянальным музеі ў Мюнхене, Нацыянальным музеі ў Варшаве. Багатая калекцыя паўстала на Шляху раманскіх касцёлаў у Кёльне, – адзначае спадар Юрый. – Падчас фатаграфавання карыстаўся як лічбавай, так і аналагавай камерай пры дапамозе штатыва, затым ашчадна апрацоўваў файлы на камп’ютары. У выніку арганізаваў 3 фотавыставы на тэму археалогіі відарыса Мадонны ў выглядзе скульптуры. Першая выстава называлася «Мадонны не толькі прыгожыя», наступная – «Па слядах Мадоннаў» і яшчэ адна – «Мадонны і не толькі»”.
    Паводле слоў фатографа, у назве 3-яй выставы падкрэсліваецца, што яе тэмай з’яўляецца не толькі Мадонна. Тут, між іншым, прадстаўлена фатаграфія адной з самых старажытных разьбяных выяў Хрыста (з 975 года, знаходзіцца ў катэдры ў Кёльне). Фігура Месіі на залатым укрыжаванні св. Герона натуральнай велічыні, выканана з дубу. Мае 1,87 м у вышыню (ад ступняў да галавы), а ахоп рук складае 1,66 м. Аўтэнтычным з’яўляецца таксама крыж вышынёй 2,88 м і шырынёй 1,98 м. Фігуру характарызуе мяккая пастава цела і моцны дынамізм, што падкрэслівае не толькі поза Хрыста, але таксама апушчаная галава і лёгка апалыя ўніз далоні. Гэта прыклад культавай скульптуры з раннеатонаўскага перыяду, калі алтарная скульптура яшчэ абмяжоўвалася адзіночнымі статуямі, змешчанымі над менсай алтара.
    Падчас прэзентацыі аўтар звярнуў увагу на здымак скульптуры “Мадонна з Алабока”. Гэтая невялікая фігура лічыцца адной з самых старэйшых драўляных культавых скульптур, захаваных на землях хрысціянскай Польшчы. Мае высокую мастацкую якасць і арыгінальнае пасланне. “Паказвае Марыю, якая сядзіць на нізкім сядзенні, з Дзіцяткам, прытуленым да Яе лона. Абое прадстаўлены сцісла франтальна. Уражвае моцная дыспрапорцыя паміж партыяй ног Марыі і яе худым торсам. Настрой урачыстага і пазачасовага трывання Маці з Сынам тонка кантрастуе з псіхалагізаваным выразам мякка змадэліраванага аблічча Мадонны, на якім адлюстраваны смутак, – распавядае фатограф. – Верагодна, важным элементам мастацкага выразу твора была каларыстыка, якую сёння цяжка аднавіць на аснове захаваных рэштак. Дамінуе жамчужны колер твару Марыі, абрамленага жоўцю валасоў, якой спадарожнічае чырвань шатаў: ржавае адценне плашча і больш інтэнсіўны колер тунікі – а таксама чорная «шашка», што аздабляе бакі сядзення”.
    Спадар Юрый расказаў, між іншым, пра “Прыгожую Мадонну” – фігуру, якая прадстаўляе сабой Марыю ў стаячай паставе з Дзіцяткам на плячы. Багародзіца апранута ў ніжнюю сукенку і шырокі плашч, што ззаду дастаткова цесна абцягвае Яе фігуру, а спераду складваецца ў пульхныя складкі. З багаццем драпіроўкі шатаў Мадонны кантрастуе галізна Дзіцятка. Маці схіляе да Сына свой поўны дзявочай прыгажосці твар і пяшчотным жэстам правай далоні падае Яму яблык. Хрыстос апірае правую ручку на плод, прымаючы яго неахвотна, з бояззю, што выразна малюецца на Яго абліччы і чытаецца ў дынамічнай позе. Выдатнасць кампазіцыі і знакамітыя скульптурныя якасці спадарожнічаюць тонкай апрацоўцы дэталей: тонкім разрэзам напаўзаплюшчаных вачэй Марыі і карункавасці пальцаў Яе далоні ці мяккасці мадэлявання дзіцячага цела Хрыста. Цялесная прыгажосць Мадонны, шырока апісаная ў тэалагічных трактатах, несумненна з’яўляецца выразам духоўнай прыгажосці, якая павінна характарызаваць Божую Маці. Багацце матэрыялу плашча можа быць алюзіяй да ідэі Марыі – Маці Міласэрнасці, якая, з-за таго, што з’яўляецца Маці Бога, мае асаблівую ласку заступніцтва за грэшнае чалавецтва перад сваім Сынам. Бель плашча магла б быць спасылкай на колер шатаў збаўлення, апісаных у “Адкрыцці”, а чырвань – на колер крыві, пралітай Збаўцам. Выразнай алюзіяй на Ахвяру на Галгофе з’яўляецца матыў яблыка. Ён дазваляе бачыць у Марыі новую Еву, якая сваёй пакорнай згодай на Уцелаўленне выпраўляе непаслухмянасць Прамаці, якая, пакаштаваўшы плод з Дрэва пазнання, звяла на людскі род першародны грэх. Яго вынікі скасаваў збавеннай ахвярай уласнага жыцця Хрыстос – новы Адам.
    Апрача здымкаў скульптур Мадонны аўтар прадставіў таксама П’еты. Расказаў, між іншым, гісторыю П’еты з Любёнжа – гатычнай скульптуры, што паказвае Марыю, якая трымае на каленях мёртвае цела Езуса, знятае з крыжа. “Гэты твор прадстаўляе містычны кірунак у гатычнай пластыцы. Належыць да вузкай групы скульптур, дэманструючых цела Хрыста ў ступеньчатай канфігурацыі, вядомых у нямецкай культуры. П’ета выканана з ліпы, налічвае 1,62 м у вышыню і пакрыта паліхроміяй і барочнай арнаментнай дэкарацыяй. Фігура Мадонны ззаду полая, а постаць Хрыста трохвымерная. На моцна збарозненым абліччы Маці Божай адлюстраваны выраз болю і цярпення. Багародзіца глядзіць на мёртвае цела Сына, якое спачывае на Яе каленях. Галава Хрыста моцна адхілена. Яго левая рука ляжыць на левай руцэ Марыі, а правая ападае ўніз. Цела Хрыста ненатуральна худое і дэфармаванае, надта выгнутае, з характэрна моцна вылучанымі робрамі і стылізаванымі згусткамі запечанай крыві, якая выцякае з раўнамерна размешчаных ран”, – расказвае спадар Юрый.
   
Юрый З. Касючэнка выкладае фізіку ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце. Захапляецца дакументаваннем фальклору Падгаля, людзей гор, іх музыкі, а таксама фатаграфаваннем скульптур перыяду еўрапейскага сярэднявечча.

    Фатограф звярнуў увагу, што паняцце П’ета падкрэслівае цэнныя ў сярэднявеччы марыйныя цноты: набожнасць, пакору і міласэрнасць. Найсвяцейшая Панна, прымаючы з пакорай волю Бога Айца, прыняла і радаснае нараджэнне Хрыста, і Яго мучаніцкую смерць. Гэтыя падзеі асаблівым чынам падкрэсліваюць сувязь Маці і Сына. Спалучэннем тых адносін з’яўляецца тое, што Езус ляжыць на каленях Марыі. Акт міласэрнасці Багародзіцы сімвалізуе прыняцце ахвярнай мукі Хрыста, падобна як пасля Яго нараджэння Яна клапатліва апекавалася Сынам і адначасова прыняла малітоўную паставу, што ўзмацняе культавую функцыю П’еты.
   
    Гродна – горад духоўнага фарміравання
    Падчас прэзентацыі аўтар падкрэсліў, што нарадзіўся ў Гродне і правёў тут сваё дзяцінства. Быў міністрантам у францысканскім касцёле. “У гэтай святыні – прыгожай, утульнай – выспявала мая духоўнасць. Гэта дзякуючы прыналежнасці да службы алтара я стаў уразлівы да прыгажосці навакольнага свету, у тым ліку да духоўнага хараства. Упэўнены, што гэты перыяд меў вырашальнае значэнне, стаў фундаментам, асновай, багажом на ўсё жыццё, – гаворыць спадар Юрый. – Перад прэзентацыяй я быў ля Нёмана, зняў чаравікі, памыў сабе ногі і ў чарговы раз усвядоміў, што люблю людзей, што хачу быць адкрытым на іншага чалавека, добрым і адчувальным у адносінах да бліжніх”. Аўтар адзначыў, што фатаграфуючы скульптуры, бачыў у іх найперш чалавека: “Я бачыў маленькае дзіцятка, жанчыну – маладую, старэйшую, церпячую маці. Мяне не цікавяць «сучасныя» Мадонны, выдуманыя і часта вельмі прымітыўныя, бо ім не хапае сярэднявечнай красы. Лічу, што гэта быў найпрыгажэйшы перыяд для свету, што людзі тады былі іншымі, лепшымі, чым цяпер. Вельмі цешуся, што мне ўдалося прадставіць жыхарам Гродна свае здымкі і на іх прыкладзе паказаць, якім чынам марыйны культ знайшоў сваё адлюстраванне ў скульптуры”.
    Падчас побыту ў горадзе над Нёманам Юрый З. Касючэнка зрабіў шмат цікавых фатаграфій, найперш, людскіх твараў. Новымя працы аўтара ў хуткім часе з’явяцца на інтэрнэт-старонцы Падгальскага інфармацыйнага сервісу watra.pl.