Несці радасць Евангелля і моц Божай любові

З жыцця Касцёла

Моладзь у Касцёле
На працягу некалькіх апошніх гадоў у краіне назіраецца сапраўдны бум хрысціянскай музыкі. Адбываюцца фестывалі, канцэрты, выпускаюцца музычныя альбомы, паўстаюць новыя гурты, харавыя калектывы і ансамблі, якія праз сваю творчасць папулярызуюць агульнахрысціянскія каштоўнасці. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” распавядаем пра дзейнaсць моладзевага гурта “Veni”, які ўзнік пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. Яго ўдзельнікі спевам і музыкай праслаўляюць Бога, абвяшчаюць Евангелле, робячы свой унёсак у развіццё хрысціянскай культуры на Навагрудчыне.
Спяваць і граць для Пана
    Моладзевы хрысціянскі гурт “Veni” паўстаў напрыканцы 2016 года па ініцыятыве мясцовага пробашча кс. Юрыя Жэгарына, які хацеў такім чынам згуртаваць моладзь вакол Евангелля і Касцёла, а таксама дапамагчы хлопцам і дзяўчатам адкрыць у сабе музычныя таленты. Першапачаткова ўдзельнікамі гурта былі 3 чалавекі, з цягам часу яго склад пашырыўся. На дадзены момант членамі “Veni” з’яўляюцца Юлія Аскерка (вакал, клавішы), Кацярына Шчыкалава (вакал), Дар’я Аўсяная (вакал), Марк Крывіцкі (гітара), Яна Крывіцкая (бас-гітара), Данііл Сакевіч (ударныя).
“У нас падабралася дастаткова разнашэрсная кампанія, – гавораць маладыя музыканты. – Некаторыя яшчэ вучацца ў школе, а хтосьці ўжо атрымлівае вышэйшую адукацыю і працуе. Нам ад 14-ці да 24-ох гадоў, і мы сапраўды вельмі розныя. Але ёсць тое, што нас аб’ядноўвае – любоў да Бога, а таксама жаданне дакранацца сваёй музыкай да людскіх сэрцаў і перадаваць ім тое, што Усявышні хоча сказаць праз нас”.
    Удзельнікі гурта адзначаюць, што назву калектыву падбіралі вельмі доўга і скрупулёзна. У выніку спыніліся на варыянце “Veni”, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “прыйдзі”. “У гэтым слове падкрэсліваецца сэнс кампазіцый, якія мы выконваем, заклікаючы кожнага чалавека прыйсці да Бога і веры.
    Таксама такім чынам просім прысутнасці Святога Духа, які натхняе на добрыя і годныя справы”, – распавядаюць маладзёны.
    У рэпертуары “Veni” – самыя разнастайныя кампазіцыі: песні праслаўлення, песні-разважанні, лірычныя, пілігрымскія песні... Хлопцы і дзяўчаты спрабуюць сябе ў розных музычных стылях. З лёгкасцю спалучаюць класічныя рытмы з барабанамі і гукамі бас-гітары, надаючы сваім кампазіцыям асаблівы каларыт, альбо даюць акцэнт на вакал і клавішы, каб дадаць песням мяккасці і лірызму.
    “На самым пачатку свайго існавання мы выконвалі песні іншых гуртоў, – распавядае Яна Крывіцкая. – Бралі прыклад і натхняліся дзейнасцю такіх калектываў, як «AVE», «Подых Духа», «Рыбы». Пасля пачалі спрабаваць падбіраць музыку да гатовых тэкстаў. Зараз жа паднімаемся на новую прыступку – пачынаем ствараць уласныя вакальна-інструментальныя кампазіцыі. Мы не гонімся за славай, а стараемся прыгожа праслаўляць Бога, паколькі Ён варты самага лепшага”.
Салісткі “Veni” – удзельніцы ІІІ Фестывалю марыйных песень у Баранавічах    Першы канцэрт “Veni” адбыўся ў ліпені 2017 года ў Бярозаўцы. Цягам года музыканты выступілі ў касцёлах Навагрудка, ва Уселюбе, пабывалі ў Іўі, Мінску, Пінску, Жодзіне, Гродне. Таксама разам з супольнасцю “Ubi Caritas” з Івянца на чале з іх духоўным кіраўніком а. Яўгенам Голубам OFMConv правялі ў роднай парафіі музычную майстэрню, якая прадугледжвала інтэнсіўную працу для ўсіх, хто зацікаўлены ў касцёльным літургічным спеве і моладзевых песнях праслаўлення. Зімой зладзілі інтэрактыўны перадкалядны канцэрт, падчас якога прадставілі цікавую музычную праграму, насычаную шчырымі духоўнымі разважаннямі. Далі магчымасць усім прысутным быць не толькі слухачамі, але таксама прымаць актыўны ўдзел у мерапрыемстве.
    “Кожны канцэрт хвалюючы і незабыўны. Калі дзелішся са слухачамі сваімі думкамі і перажываннямі, калі праслаўляеш Хрыста, дорыш сваім спевам і музыкай імгненні радасці і шчасця іншым, то эмоцыі б’юць цераз край, атрымліваеш вялікую асалоду ад таго, што робіш, – падкрэсліваюць удзельнікі.
    Хлопцы і дзяўчаты таксама адзначаюць, што гурт стаў для іх другой сям’ёй. Яны шмат часу праводзяць разам, дбаюць пра цёплую і прыязную атмасферу, будуюць сваю супрацу на ўзаемапаразуменні і згодзе. “Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, разам адзначаем Дні нараджэння і святы, а дзякуючы творчасці і актыўнасці ў парафіі ўзрастаем у духоўным плане. Цешуся, што «Veni» стаў часткай майго жыцця, навучыў сведчыць аб сваёй веры, дзяліцца ёю з іншымі людзьмі”, – гаворыць Кацярына Шчыкалава.
    Марк Крывіцкі падкрэслівае, што агульнае жаданне усіх музыкантаў – пашырэнне калектыву: “Мы заўсёды паўтараем, што наша музычная супольнасць адкрыта для ўсіх жадаючых. Будзем рады бачыць у сваіх шэрагах новых удзельнікаў. Зараз пачынаем працаваць з дзеткамі. Хочам навучыць іх таму, што самі ўмеем, каб яны некалі працягнулі нашу справу”.
   
    Праз музыку – да Бога
    Гавораць, што музыка – гэта магутны інструмент у руках чалавека. Яна здольна падымаць настрой, стымуляваць дзейнасць, натхняць, запальваць на вялікія справы, а таксама пакідаць у свядомасці адпаведныя каштоўнасці: разуменне дабра і зла, праўды і веры.
  Рэпетыцыі гурта праходзяць у адным з памяшканняў святыні, тут знаходзяцца музычныя інструменты і гукаабсталяванне  “Слухаючы музыку, мы напаўняемся ёю і перамяняемся. Нават па знешнім выглядзе можна часта з лёгкасцю вызначыць, якой прыкладна музыкай захапляецца чалавек. Таму неабходна вельмі адказна падыходзіць да таго, што слухаем, бо ў канчатковым выніку гэта адлюструецца на тым, як мы сябе паводзім, як думаем, што гаворым, – падкрэслівае Яна Крывіцкая. – Прыход у калектыў даў мне не толькі магчымасць самарэалізацыі. Дзякуючы «Veni» я пачула сваё сэрца, зразумела, што хачу разам з іншымі хрысціянамі рабіць нешта для Бога. У Ім я знайшла цэнтр свайго жыцця, той фундамент, на якім хачу будаваць сваю будучыню”.
    Дзяўчына распавядае, што паходзіць з сям’і непрактыкуючых праваслаўных вернікаў. Да прыходу ў калектыў у яе было шмат стэрэатыпаў адносна хрысціянства. Дзяўчына не ўяўляла, што жыццё ў веры можа быць такім прыгожым, простым і зразумелым. Праз некаторы час Яна глыбей паглядзела на саму сябе, у яе ўзнікла жаданне стаць бліжэй да Бога: “Зараз я афіцыйна далучылася да каталіцкай супольнасці. Цешуся, што ўскладаю ўсе свае надзеі на Пана, слухаю Яго словы, даручаю Яму кожны свой дзень. Не закрываю сваё сэрца на падзяку і праслаўленне і атрымліваю шмат ласкаў са скарбніцы Божай любові”.
    Падобнай гісторыяй дзеліцца Дар’я Аўсяная: “Музыка з хрысціянскім пасланнем наблізіла мяне да Бога. Я навучылася дзяліцца сваім запалам, радасцю і верай. Яна заўсёды дапамагае мне ўвайсці ў адпаведны настрой, выразіць свае перажыванні. Добра, што ёсць такі праект, які дапамагае зразумець, што ў жыцці з’яўляецца найбольш важным”.