Пілігрымы напагатове

Актуальна - З жыцця Касцёла

Разам са спякотным летам прыходзіць гарачая пара пілігрымак. Як і ў мінулыя гады, у чэрвені выходзяць пешыя паломніцтвы ў нацыянальны санктуарый у Будславе, а ў ліпені вернікі скіроўваюцца ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях. Да якой пілігрымкі з Гродзенскай дыяцэзіі можна далучыцца, каб разам прайсці шлях да святога месца? І якога зводу правіл варта прытрымлівацца паломніку, каб духоўнае падарожжа прынесла багаты плён і пакінула ў душы глыбокі след?
Пешыя пілігрымкі ў Будслаў
   
    ІV пешая пілігрымка Ліда – Будслаў
    Паломніцтва вырушыць 23 чэрвеня пасля св. Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў 9.00. Дэвізам пілігрымкі стануць словы: “Верыць. Разумець. Сведчыць”.
    Запіс і падрабязная інфармацыя па тэлефоне: (8 029) 121-10-82, кс. Дзяніс Бразінскі.
   
    ХIХ пешая пілігрымка Смаргонь – Будслаў
    Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка вырушыць 26 чэрвеня пасля св. Імшы ў касцёле св. Міхала Арханёла ў 10.00.
    Паломніцтва пройдзе пад дэвізам “Пане, дай мне гэтай вады!”.
    Запіс і падрабязная інфармацыя па тэлефоне: (8 029) 389-76-69, кс. Павел Шчарбіцкі SDB.
   
    VIII пешая пілігрымка Гудагай – Будслаў
    Паломнікі вырушаць 25 чэрвеня пасля св. Імшы ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў 7.00. Тэма разважанняў пілігрымаў – “Марыя – Абраніцца Святога Духа”.
    Запіс і падрабязная інфармацыя па тэлефоне: (8 029) 656-19-25, а. Казімір Мараўскі OCD.
   
    Урачыстасці ў нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе будуць праходзіць 1–2 ліпеня.
trokielskaПешыя пілігрымкі ў Тракелі
   
    Гродна – Тракелі
    Пачатак пілігрымкі: 2 ліпеня ў 9.00 (св. Імша ў касцёле св. Францішка Ксаверыя).
    Адказны: кс. Павел Салабуда, (8-029) 637-07-17.
   
    Навагрудак – Тракелі
    Пачатак пілігрымкі: 4 ліпеня ў 9.00 (св. Імша ў касцёле св. Міхала Арханёла).
    Адказны: кс. Юрый Жэгарын, (8-044) 552-21-99.
   
    Іўе – Тракелі
    Пачатак пілігрымкі: 2 ліпеня ў 9.00 (св. Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Сурвілішках).
    Адказны: кс. Ян Гавэцкі, (8-029) 632-21-79.
   
    Ашмяны – Тракелі
    Пачатак пілігрымкі: 3 ліпеня ў 7.30 (св. Імша ў касцёле свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах у 14.00).
    Адказны: кс. Ян Варанецкі, (8 029) 880-92-94.
   
    Ваўкавыск – Тракелі
    Пачатак пілігрымкі: 2 ліпеня ў 8.00 (св. Імша ў касцёле св. Вацлава).
    Адказны: кс. Юрый Садоўскі, (8-033) 344-40-20.
   
    Урачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях будуць праходзіць 6–7 ліпеня.

    10 запаведзяў пілігрыма
   
    1. Загадзя паклапаціся пра дарогу.
    Пілігрым павінен напярэдадні падумаць аб тым, што можа спатрэбіцца яму ў дарозе, і сабраць неабходныя рэчы. Гэта не адбываецца ў апошні дзень – ёсць верагоднасць нешта выпусціць з-пад увагі. Пра шмат якія рэчы ўжо паклапаціліся арганізатары. Няхай жа асабіста Табе не будзе сорамна за такія дэталі, як, напрыклад, непадрыхтаваны заплечнік або нязручны, некамфортны абутак.
   
    2. Вызначыся з інтэнцыяй, з якой вырушыш у шлях.
    Задумайся, што Цябе зараз хвалюе, непакоіць, з якім намерам хацеў бы адправіцца ў дарогу да святога месца. Гэта могуць быць інтэнцыі падзякі, просьбы, перапрашэння за грахі і інш. Не забывайся таксама “забіраць” інтэнцыі ў гаспадароў дома, дзе Цябе прымаюць на начлег. Гэта будзе найлепшай падзякай людзям за ўчыненае дабро.
   
    3. Памятай, што найважнейшы ў дарозе – Бог.
    Пілігрымка – гэта, перш за ўсё, час малітвы і пакаяння (рэкалекцыі ў дарозе). На галоўным месцы павінен быць Бог, дзеля Яго скіроўваемся ў шлях да святога месца. Бог не чакае “на фінішы” – Ён з Табою ў дарозе. Таму варта першачаргова засяродзіць увагу не на тым, што “з гэтага свету”, але скіраваць свой позірк на Найвышэйшага, разам з якім шлях пілігрыма напаўняецца глыбокім і сапраўдным сэнсам.
   
    4. З годнасцю і самаахвярнасцю прымай напатканыя цяжкасці.
    Шлях пілігрыма нялёгкі. Нярэдка ў дарозе здараюцца розныя перашкоды, нечаканасці. Варта прымаць жыццёвыя складанасці ў духу пілігрымскай самаахвярнасці. У той жа час можна ахвяраваць цярпенні ў пэўнай інтэнцыі. Такім чынам, гэта прынясе максімальную карысць у духоўным плане.
   
    5. Будзь пунктуальным.
    Спазненні з прывала, на пасілак, св. Імшу парушаюць парадак пілігрымкі і ствараюць непаразуменні паміж яе ўдзельнікамі. Безумоўна, трэба паважаць людзей, з якімі крочыш побач. Нядбайныя адносіны могуць даставіць акружаючым непрыемнасці, праблемы, якіх можна было б і пазбегнуць.
    Неабходна быць пільным, захоўваючы правілы распарадку, падпарадкоўвацца адказным за паломніцтва, якія кіруюцца вызначанай праграмай.
   
    6. Будзь уважлівым да таварышаў па пілігрымцы.
    Мець адкрытае на бліжняга сэрца – значыцца быць чулым да яго патрэб. Калі заўважаеш, што некаму патрэбна дапамога, не заставайся абыякавым. І заўсёды старайся знайсці для таварышаў па пілігрымцы добрае слова і ўсмешку. Такія жэсты з Твайго боку здольны ўзняць бліжняга на духу і дадаць яму патрэбных сіл, калі іх ужо не стае.
   
    7. Вызнавай сваю веру з гонарам.
    Не саромейся сведчыць аб сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла. Далучайся да спеваў праслаўлення, супольнай малітвы, з якімі па дарогах крочыць пілігрымка. Не лянуйся памахаць рукой жыхарам населеных пунктаў, праз якія або каля якіх праходзіць паломніцтва. Пілігрымка з’яўляецца выразнай дэманстрацыяй хрысціянскай веры.
   
    8. Падчас малітвы ўзгадвай пра іншых людзей.
    У дарозе падчас агульнай або прыватнай малітвы і св. Імшы ўспомні пра родных, блізкіх, сяброў, знаёмых і незнаёмых, з якімі разам ствараем супольнасць Касцёла. Прысвяці сваю малітву ў іх інтэнцыях. Заступніцкая, яна мае асаблівую моц.
   
    9. Прыступі да сакраманту пакаяння, каб злучыцца з Хрыстом у Эўхарыстыі.
    Каб плённа скарыстасць з рэкалекцый у дарозе, варта прыступіць да сакраманту пакаяння і паяднання. Гэта можна зрабіць непасрэдна перад пачаткам пілігрымкі або падчас яе. Сэрца, ачышчанае ад грахоў, дорыць адчуванне прыемнай бязважкасці, з-за чаго і шлях падаецца лягчэйшым.
   
    10. Па прыбыцці да святога месца прымі ўдзел у чуванні.
    Прыйшоўшы ў канчатковы пункт пілігрымкі, знайдзі час, каб пабыць самнасам з Богам. Безумоўна, вельмі важна прыняць удзел ва ўрачыстасцях, але патрэбны і нейкі час, каб суцішыцца. Менавіта для гэтай мэты кожны скіроўваецца да святога месца, каб асабіста стаць перад Богам.