Таямніцы сакральных экспанатаў музея Януша Паруліса

Актуальна - З жыцця Касцёла

Прыватны музей гісторыі горада і быту Януша Паруліса з’яўляецца адным з найцікавейшых і, бадай, самым арыгінальным у Гродне. Там знаходзіцца некалькі дзесяткаў тысяч разнастайных экспанатаў: старыя дакументы, газеты і кнігі, мэбля, фатаграфіі, вырабы са шкла і фарфору, музычныя інструменты, вопратка, цацкі, прадметы штодзённага ўжытку, фотаапараты, нават фрагменты сцен, цэглы і чарапіцы. Калекцыянер стварыў музей, каб яго госці маглі адчуць атмасферу даўніх часоў, дзякуючы багатай калекцыі гістарычных аб’ектаў, што з’яўляюцца фрагментамі гісторыі горада над Нёманам. Сярод іх ёсць і экспанаты на рэлігійную тэматыку. Прапануем наведаць гэтае выключнае месца і прыгледзецца да сакральных скарбаў.
Унікальныя выданні Святога Пісання
    У фондах музея знаходзіцца некалькі выданняў Бібліі: на лацінскай, польскай, беларускай, англійскай мовах, а таксама экземпляр, напісаны кірыліцай. Асаблівай увагі заслугоўваюць 2 кнігі. Першая з іх – Біблія з ілюстрацыямі Гюстава Дарэ па-польску (у перакладзе кс. Якуба Вуйка), выдадзеная ў 1874 годзе.
На старонках Старога і Новага Запавету можна ўбачыць вялікіх мужоў веры: праайцоў, прарокаў і апосталаў, знамянальныя падзеі з гісторыі старажытнага Ізраэля і пачатак “новых часоў” – Божы план збаўлення людскога роду Езусам Хрыстом. Чорна-белыя малюнкі ўтрыманы ў рамантычным настроі фантастыкі, жаху і адначасова гратэску. Усе сцэны вельмі дынамічныя. Нават, здавалася б, статычныя, яны напоўнены экспрэсіяй і неспакоем. 2-ая кніга, якую нельга пакінуць без увагі, – гэта ілюстраванае “Святое Пісанне”, выдадзенае ў 1925 годзе ў Познані. Дзякуючы малюнкам, на якіх адлюстраваны найважнейшыя біблійныя гісторыі, нават неадукаваны чалавек зразумее сэнс пададзенай гісторыі. Гэтая выключная кніга ўключае ў сябе таксама ўкладыш “Сямейная хроніка”, дзе можна ўпісваць прысвячэнні і важныя заўвагі, напрыклад, пажаданні з пэўнай нагоды, імёны членаў сям’і, даты іх нараджэння, хросту, Першай св. Камуніі, канфірмацыі.
   
    Сакральныя абразы і фігуры
    У музеі Януша Паруліса іх сапраўды дастаткова шмат. Большасць прадстаўляе эпізоды са Старога і Новага Запавету, з жыцця Найсвяцейшай Панны Марыі, выявы святых і бласлаўлёных, а таксама падзеі з гісторыі і жыцця Касцёла. Сярод іх вылучаюцца абразы Маці Божай Астрабрамскай і Маці Божай Чанстахоўскай – працы, выкананыя мясцовымі майстрамі, а таксама чорна-белыя абразы, выціснутыя на тканіне, дзе адлюстраваны Пан Езус, св. Тэрэза і св. Станіслаў Костка.
    Увагу прыцягваюць таксама бюст Хрыста і фігура ўваскрослага Езуса. Апошняя была прывезена з-пад Слоніма. Як расказаў спадар Януш, на яе натрапіў стрыечны брат ягонай жонкі, калі непадалёк ад горада рамантаваў чыгунку. Там стаяла некалькі закінутых хатак. На гарышчы адной з іх ён знайшоў мяшочак, а ўнутры – старую скульптуру, якую, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалі падчас рэзурэкцыйных працэсій.
   
    Малітоўнікі і кніжка “Жывы Ружанец”
    Гэтыя прадметы каштоўныя не толькі з-за свайго “ўзросту”, але і з-за таго, што захоўваюць сямейную гісторыю. Старыя малітоўнікі ўключаюць усе найважнейшыя малітвы і скарочаны катэхізіс. Адзін з іх, выдадзены на французскай мове, калісьці належаў бацьку калекцыянера.
    “Жывы Ружанец” – гэта памятка аб бабулі, Эміліі Паруліс. На першай старонцы кніжкі, выдадзенай у 1935 годзе, змешчана рэгістрацыйная карта члена Кола Жывога Ружанца. У ёй запісаны асабістыя даныя, назва парафіі і нумар Ружы.
    На чарговых старонках знаходзяцца апісанне абавязкаў членаў Жывога Ружанца, даты адпустаў і ўмовы, пры якіх іх могуць атрымаць удзельнікі супольнасці.
   
    Экспанаты ў памяць пра Папу паляка
    Спадар Януш захапіўся асобай св. Яна Паўла ІІ яшчэ падчас яго пантыфікату, паколькі бачыў у Святым Айцы прыклад чалавека высакароднага, мудрага, адкрытага на іншых, які карыстаўся аўтарытэтам і ўсеагульнай пашанай. Сярод рэчаў, што адлюстроўваюць нязвыклую місію і паслугу папы Яна Паўла ІІ і распаўсюджваюць веды пра яго жыццё і навучанне, ёсць разнастайныя кнігі, паштоўкі, малітоўнікі, календары, тэлефонныя карты з яго выявай, скрыначкі для ружанца, медалі і манеты, выдадзеныя з нагоды яго пантыфікату. На юбілеі важных падзей з жыцця святога калекцыянер стараецца выстаўляць гэтыя прадметы як асобную экспазіцыю.
   
    Крыжы актывістаў “Салідарнасці”
    Гэтыя драўляныя сімвалы веры прыгадваюць аб польскіх барацьбітах за незалежнасць. На іх ад рукі напісаны словы бл. кс. Юрыя Папялушкі.
   
    Габелен
“Апошняя Вячэра”

    Унікальнасць твора заключаецца ў тым, што выкананы ён як люстраное адлюстраванне і дапасаваны так, каб мог размяшчацца ў куце пакоя. Мае каля 200 гадоў, некалі знаходзіўся ў касцёле ў Ваўкавыску. Падчас рамонту брыгада будаўнікоў паліла старыя рэчы, сярод якіх аказаўся і гэты габелен. Януш Паруліс у той час таксама працаваў пры аднаўленні святыні. Так яму ўдалося выратаваць палатно.
   
У адрозненне ад большасці музеяў, унікальная пляцоўка, створаная Янушам Парулісам, дзейнічае “па запатрабаванні” ў любую гадзіну, а экспанаты можна ўзяць у рукі.
    Адрас музея: Гродна, вул. Лермантава, 25; тэл.: (8 033) 604-90-08.