Святар, які любіў жыццё і людзей

Актуальна - З жыцця Касцёла

Кс. Леанід Нясцюк нарадзіўся 24 мая 1955 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў з рук біскупа Людвікаса  Павілоніса 22 мая  1982 года ў Каўнасе (Літва). З 1996 года служыў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. Памёр 24 сакавіка 2017 года. Цела спачылага святара пахавана каля мясцовага касцёла.


   Ужо амаль год мінуў, як па ўзнагароду да Пана адышоў светлай памяці кс. Леанід Нясцюк. Адкрыты, добры чалавек, верны пакліканню душпастыр. Сваімі ўспамінамі пра былога пробашча дзеляцца вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (дэканат Астравец).

   Кс. Леанід Нясцюк служыў пробашчам у гервяцкай парафіі з 1996 года. За гэты час дзякуючы яго намаганням была цалкам адноўлена мясцовая святыня: перакрыты дах, пакладзена плітка, пафарбаваны фасад. Па задуме святара на прыкасцёльнай тэрыторыі спілаваны таполі, выкарчавана карэнне, завезена зямля. Вакол святыні высаджаны парк вечназялёных хмызнякоў.
“Ні адна расліна не загінула, – распавядае Віктар Ёдка, які дапамагаў кс. Леаніду ствараць прыгажосць каля касцёла. Ён і сёння даглядае за паркам. – А пачалося ўсё з таго, што аднойчы ляснік з Іўеўскага раёна, дзе кс. Леанід служыў пробашчам на працягу 14-ці гадоў, паказаў, як правільна высаджваць дрэвы. Той зацікавіўся. Потым звяртаўся за парадамі да кс. Юозаса Булькі, які на той час акультурыў плошчу вакол касцёла ў Мосары. Крок за крокам – і зараз маем такі шыкоўны від ля святыні!”.
    З-за адметнай прыгажосці госці мястэчка празвалі Гервяты “жамчужынай Беларусі”, параўноўваючы іх з маленькай Швейцарыяй ці французскім Версалем, а непасрэдна сам касцёл – “беларускім Нотр-Дамам”. “Кс. Леанід праславіў Гервяты на ўвесь свет! – гаворыць Віталій Сыс. – Ён быў працалюбівы, творчы, крэатыўны. Імкнуўся паказаць людзям гармонію паміж знешняй і ўнутранай прыгажосцю, якая павінна быць у чалавеку. Заўсёды знаходзіў час, каб паразмаўляць з парафіянамі. Адрозніваўся ўважлівасцю, чуласцю. Яго шчыра цікавіла, чым людзі жывуць”. Неаднаразова святара заўважалі ў акружэнні незнаёмых людзей, гасцей мястэчка. Ён лёгка знаходзіў агульную мову з чалавекам, быў адкрыты, ветлівы і добразычлівы. З задавальненнем паказваў мясцовую святыню, распавядаў пра яе гісторыю.
    “Кожны святар валодае пэўным дарам, – адзначае Ганна Стэфановіч. – Мне здаецца, кс. Леанід меў дар бачыць душу чалавека. Ён умеў выцягнуць на паверхню самае лепшае, што ёсць у душы. Часта нехта мог папросту і не ведаць гэта пра сябе! Вельмі любіў людзей… Жыў перакананнем: дрэнных людзей няма. Быў упэўнены, што чалавека робяць злым нейкія цяжкія абставіны, непрабачаныя крыўды. Заўсёды знаходзіў у асобе нешта добрае, светлае. Людзі яго таксама вельмі любілі”.
    Як адзначаюць парафіяне, кс. Леанід меў добрае пачуццё гумару, часта жартаваў. Запомніўся пазітыўным чалавекам: яго не бачылі без настрою, панурым. Ніколі не скардзіўся на жыццё, хоць цяжка цярпеў па стане здароўя. Дарэчы, пра гэта ніхто нават і не здагадваўся: усе цяжкасці святар маўкліва складаў на Божы алтар. Вернікі моляцца за яго душу і спадзяюцца, што былы пробашч ужо цешыцца ўзнагародай у Небе. Памінальная св. Імша з нагоды першай гадавіны смерці кс. Леаніда Нясцюка адбудзецца ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах 24 сакавіка ў 12.00. Яе ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.