Прадстаўляць Хрыста і выконваць Яго заданне

Актуальна - З жыцця Касцёла

Кс. Павел УрбанУ Вялікі чацвер Езус устанавіў сакрамант святарства. У гэты дзень шматлікія вернікі скіроўваюць свае думкі і пажаданні да ўсіх святароў, дзякуюць ім за прамоўленае Божае слова, за цэлебрацыю Эўхарыстыі, а таксама за ахвяру іх жыцця, складзеную на карысць Богу і людзям.
Ролю святара нельга вымераць фінансавымі паказчыкамі, адміністрацыйнымі, будаўнічымі або навуковымі дасягненнямі, нават годнасцямі і функцыямі, якія ён выконвае ў Касцёле. Адпаведнай мерай святарства з’яўляецца само служэнне. Святар нясе паслугу людзям у Хрысце, праз Хрыста і з Хрыстом. Ён – служыцель збаўлення, шчасця і свабоды дзяцей Божых. Чаму быць святаром – не прафесія?
    Ёсць прафесіі – напрыклад, настаўнік, урач – выкананне абавязкаў якіх было б складаным без ласкі паклікання. Аднак атрымаўшы адпаведныя навыкі ў падобнай прафесіі, такая праца можа стаць магчымай і часта нават дастакова эфектыўнай, але акажацца менш плённай і не будзе прыносіць задавальнення. Са святарствам справа выглядае абсалютна інакш. Эфектыўнасць выканання святарскай паслугі залежыць не ад тэалагічнай, літургічнай, педагагічнай ці якойнебудзь іншай кваліфікацыі, а ад спецыяльнага Божага намашчэння – сакраманту, дзякуючы якому здзяйсненне літургічных чынаў дасягае свайго выніку – праяўлення дзейнасці Усемагутнага ў асобе ці супольнасці. Абавязковасць такога намашчэння Бог аб’яўляе яшчэ ў старазапаветныя часы, выбіраючы калена Левія для ролі святароў.
У часы Новага Запавету святар з’яўляецца відавочным знакам прысутнасці Хрыста сярод свайго люду. Таму быццё гэтым знакам не можа абмяжоўвацца ні часам, ні тэрыторыяй, ні агулам выконваемых абавязкаў, ні інтэлектуальнай кваліфікацыяй. У кожным часе і месцы, у кожнай супольнасці, у адносінах да кожнага чалавека, незалежна ад акалічнасцей, святар прадстаўляе Езуса, з’яўляецца праяўленнем Яго ахвярнай любові. Папа Францішак лічыць святарства хутчэй спецыфічным стылем жыцця намашчанага чалавека, чым прафесіяй, абцяжаранай пэўнымі абавязкамі. Менавіта гэтым асаблівым намашчэннем і спосабам жыцця святар адрозніваецца ад іншых людзей у свеце, якія працуюць як згодна з пакліканнем, так і з-за абавязку.
   
Кс. Алег ПятрашкаСёння ксёндз, ідучы на катэхезу, на душпастырскую сустрэчу ці выконваючы якую-небудзь іншую паслугу, павенен усведамляць, кім ён aз’яўляецца і што можа прапанаваць свету. Якой павінна быць святарская духоўнасць у сучасных умовах?
    Напэўна, каб здзяйсняць сваю місію, святар павінен мець што ахвяраваць чалавеку. На мой погляд, гэта, перш за ўсё, жаданне сустрэчы з ім, шчырая зацікаўленасць і шчыры намер дзяліцца тым, чым жывеш – Езусам. Сёння як святары, так і кансэкраваныя і свецкія асобы пережываюць моцную спакусу духоўнага раздваення, т. зв. “духоўную шызафрэнію”. Калі вучым, можам патрабаваць ад іншага чалавека таго, чым самі не жывём. Раней ці пазней гэта прывядзе да абыякавасці. Таму кожная духоўная асоба, у тым ліку і святар, мае абавязак, закладзены Богам у дары паклікання, сведчыць аб любові Усемагутнага, прагнуць глядзець на чалавека вачамі Езуса, быць прадаўжэннем Яго вуснаў, рук. Можа, такія словы гучаць як змест прыгожага пажадання, трохі ўтапічнага, але духоўнасць святара – гэта жыццё на максімуме, а інакш – балючае падзенне. Ён павінен ісці на катэхезу, любіць дзяцей, прагнуць прысвяціць ім час і самога сябе, хоць гэта часам “крыжуе” яго планы. Дзяліцца Божымі праўдамі так, каб у ім бачылі не толькі тэарэтыка, але таксама практыка.
    Вельмі балюча, калі тыя, хто павінен дапамагчы адбыцца сустрэчы з Богам, самі на самой справе не перажылі такой сустрэчы. Гэта як абыякавасць бацькоў адносна свайго дзіцяці, якое будзе асуджана на шмат цяжкасцей і пакут, бо не вынесла з дому таго, што зрабіла б яго дарослым. Сведчанне папы Францішка, які з вялікай эмпатыяй падыходзіць да кожнага чалавека, здаецца, сёння павінна быць прыкладам для кожнага душпастыра. Але гэта магчыма толькі тады, калі святар моцна з’яднаны са сваім Настаўнікам і Збаўцам.
   
Кс. Валерый СпірыдонУ Вялікі чацвер вернікі выражаюць сваю ўдзячнасць усім святарам, якія аддана клапоцяцца пра іх. А якія ёсць нагоды, каб святар дзякаваў людзям? Чаму ён можа навучыцца ў простага чалавека?
    У святара, як і ў кожнага іншага чалавека, ёсць цяжкія моманты ў жыцці. У такія перыяды дапамагае малітва і святыя сакраманты. Яшчэ адна з крыніц, якая дае жыццёвыя сілы – людзі. Многія вернікі з’яўляюцца для мяне прыкладам: яны захоўваюць аптымізм і дзеляцца ім з іншымі ў цяжкія хвіліны. Гэта тыя людзі, якія сціскаюць у руках ружанец, калі хаваюць сваіх дзяцей; якія не губляюць культуры, павагі і маральных каштоўнасцей, нават калі побач хамства; якія шмат дасягнулі ў сацыяльнай сферы, але не саромеюцца стаць на калені перад Усявышнім. Дзякую Богу, што такія асобы сустрэліся на маім шляху. Гледзячы на іх, я адчуваю смак жыцця.