Найважнейшы тыдзень у годзе

З жыцця Касцёла

Як яго перажыць?
Вялікі тыдзень, што распачынаецца ў Пальмовую нядзелю, – гэта час, калі мы павінны адкрыцца на Божую любоў і міласэрнасць. Перажыванне мук, смерці і ўваскрасення Езуса – па сутнасці, яскравае ўсведамленне таго, як моцна Усемагутны нас любіць і як моцна прагне, каб мы на Яго любоў адказвалі ўзаемнасцю.
Літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня маюць сваю глыбокую красамоўнасць і логіку. На жаль, гэта часта застаецца па-за ўвагай, і мы з абавязку засяроджваемся толькі на эмацыйна-набожным удзеле ў набажэнствах без глыбокай уцягнутасці, што вынікае са свядомай веры і разумення літургіі. Таму давайце спынімся і дэтальна разгледзім галоўныя тэмы Вялікага тыдня.
Пальмовая нядзеля
    Вялікі тыдзень распачынаецца Пальмовай нядзеляй. Назва гэтага дня паходзіць ад уведзенага ў ХІ стагоддзі звычаю асвячэння пальмаў. У літургіі ўзгадваем урачысты ўезд Езуса ў Іерусалім, які папярэднічаў Яго мукам і смерці на крыжы. Пра гэтую падзею пішуць усё 4 Евангелісты, што пацвярджае яе вялікае значэнне. Натоўпы віталі Хрыста, слалі на дарогу плашчы і кідалі пальмовыя галінкі. Аднак мы не павінны даць сябе падмануць гэтым знешнім праяўленням энтузіязму і гучнаму радаснаму “Гасанна”, бо тыя ж людзі праз некалькі дзён так жа гучна крычалі: “Укрыжуй Яго!", "Не маем караля, апроч цэзара” (параўн.: Ян 19, 15). Пра тое прыгадвае жудаснае апісанне мукі Пана, якое чытаем у гэты дзень падчас св. Імшы.
    Такое кантрастнае суседства праслаўлення і нянавісці павінна пабудзіць да рэфлексіі над зменлівасцю і нявернасцю чалавека, а значыць, кожнага з нас. Так лёгка зло атрымлівае перамогу над дабром, так хутка захапленне ператвараецца ў пагарду, так раптоўна нясталая вера паддаецца ўплыву натоўпу.
   
    Вялікі панядзелак, Вялікі аўторак і Вялікая серада
    У Вялікі панядзелак успамінаем, як, ідучы ў Іерусалім, Хрыстос загадаў смакоўніцы засохнуць, бо, насуперак чаканням, не знайшоў на ёй пладоў, толькі лісце (параўн.: Мц 21, 18–19; Мк 11, 12–14). Калі ўвайшоў у святыню і ўбачыў там купцоў з таварам і быдлам, выгнаў іх адтуль (параўн.: Мц 21, 12–13; Мк 11, 15–19; Лк 19, 45–48).
    У Вялікі аўторак узгадваем, як Пан Езус вёў жорсткую палеміку з габрэйскімі старэйшынамі, якую скончыў шматразовым “гора”, кінутым сваім зацятым ворагам (параўн.: Мц 21, 20 – 23, 39; Мк 11, 27–32. 41; Лк 20, 9 – 21, 1). У сваёй знакамітай эсхаталагічнай прамове Ён гаворыць пра абсалютнае знішчэнне Іерусаліма і пра канец свету, які завершыць гісторыю чалавецтва (параўн.: Мц 24, 1–41; Мк 13, 1–33; Лк 21, 5–34). Прадказвае таксама свой паўторны прыход на зямлю ў хвале (параўн.: Мц 25, 31–46). У прыпавесцях пра хітрага слугу, мудрых і неразумных паннаў і пра таленты Збаўца заклікае чалавека да разважлівасці (параўн.: Мц 24, 42–55. 30; Мк 13, 33–37; Лк 21, 34–36).
    Вялікая серада непасрэдным чынам звязана з падзеямі Вялікага чацвярга і Вялікай пятніцы. Сінедрыён падчас сакрэтнай нарады вырашае любой цаной забіць Езуса. Іуда прапануе Вялікай жыдоўскай радзе сваю дапамогу за сярэбранікі, абяцае сачыць за Хрыстом і калі Божы Сын будзе адзін, паведаміць аб гэтым Сінедрыёну (параўн.: Мц 26, 1–16; Мк 14, 1–11; Лк 22, 1–6), каб маглі Яго схапіць.
    Калі гаварыць пра літургію, Вялікі панядзелак, Вялікі аўторак і Вялікая серада нічым не вылучаюцца. Гэтыя дні асабліва прысвечаны сакраманту паяднання. Таму варта скіравацца да канфесіянала, каб ачысціць сваё сэрца. Не трэба адкладваць споведзь на апошнюю хвіліну. Прыступаючы да сакраманту пакаяння ў дні Пасхальнага Трыдуума, губляем шанс на глыбокае перажыванне гэтага выключнага часу. Стоячы ў доўгіх чэргах, цяжка засяродзіцца на літургіі ды ў поўнай меры выкарыстаць ласкі, якія можна атрымаць у гэты асаблівы перыяд.
   
    Вялікі чацвер
    Гэта пачатак 3-ох найсвяцейшых дзён касцёльнага года, памятка Апошняй Вячэры і адначасова свята Эўхарыстыі і святароў. На Апошняй Вячэры Хрыстос устанавіў сакрамант свайго Цела і Крыві, а таксама сакрамант святарства. Адразу з Вячэрніка Ён з Апосталамі накіраваўся на Аліўную гару, у Гефсіманію, каб маліцца. У адзіноце адчуваў жудасны страх, які праявіўся ў крывавым поце. Аднак гэта быў страх не столькі перад смерцю, колькі перад людской грэшнасцю і абыякавасцю. Адразу пасля гэтага, выданы Іудам, быў укінуты ў вязніцу.
    На ўспамін аб гэтай падзеі літургія Вялікага чацвярга заканчваецца працэсіяй, падчас якой Найсвяцейшы Сакрамант пераносіцца ў т. зв. Цямніцу. Яна пустая і цёмная, што павінна прыгадаць нам аб ночы, падчас якой пакінуты ўсімі Езус чакаў уласнай смерці.
   
    Вялікая пятніца
    У гэты дзень насуперак закону ў гучным несправядлівым працэсе перад Вялікай жыдоўскай радай Хрыстос быў асуджаны на смерць за блюзнерства. Горкім сведчаннем мукі Езуса з’яўляецца т. зв. Турынская плашчаніца – палатно з таямнічым абліччам укрыжаванага Чалавека. Гісторыя мукі адлюстравана там у выразных крывавых слядах.
    У Вялікую пятніцу не адпраўляюцца св. Імшы. Алтары непакрытыя, маўчаць арганы і званы. Літургія запрашае нас да разважання апісання Мукі Пана, а пазней – да ўшанавання крыжа. Узгадваючы цярпенні Хрыста, мы павінны памятаць, што яны былі для Езуса не нечаканасцю, але дабравольным выкананнем збаўчых планаў Бога. Смерць Збаўцы – гэта канчатковая перамога, апрамененая бляскам Уваскрасення. Яна падкрэслівае, хутчэй, хвалу збаўлення праз крыж, чым прыніжэнне праз муку.
    Літургія распачынаецца адарацыяй у маўчанні. Цэлебранты кладуцца перад алтаром ніцма. Затым у засяроджанні ўслухоўваемся ў чытанне фрагмента Евангелля, які апісвае смерць Хрыста, прадстаўляем Богу патрэбы ўсяго чалавецтва ў пашыранай паўсюднай малітве, што мае старажытныя карані. Пасля ўрачыстага ўнясення крыжа, яго трохразовай акламацыі, адсланення і адарацыі праз цалаванне наступае абрад св. Камуніі. На заканчэнне ў працэсіі з калатушкамі і спевам Найсвяцейшы Сакрамант у манстранцыі, прыкрытай белым вэлюмам, пераносіцца да алтара Гробу Пана, перад якім вернікі трываюць у чуванні і малітве. Хрыстос, Сын Божы, Збаўца свету, спачывае мёртвы ў магіле. Выстаўлены для далейшай адарацыі і цалавання крыж з’яўляецца маўклівым знакам бязмежнай любові да самага канца.
   
   Вялікая субота
    Дзень пустаты і маўчання. На працягу ўсёй Вялікай суботы не цэлебруюцца св. Імшы. У гэты дзень адпраўляецца толькі Літургія гадзін. Вернікі наведваюць Гроб Пана, каб адараваць яго ў маўчанні.
    Згодна з традыцыяй, у святыню для бласлаўлення прыносяць стравы на велікодны стол. Гэта павінна прыгадаць нам, што ўсе сродкі для жыцця – як цялеснага, так і духоўнага – маем дзякуючы Уваскросламу.
   
    Пасхальная вігілія і Нядзеля Уваскрасення Пана
    Паводле старажытнага звычаю, святкаванне ўрачыстасці распачыналася напярэдадні, у т. зв. вігілію. І хоць літургічныя абрады адпраўляюцца суботнім вечарам, гэты час адносіцца ўжо да Велікоднай нядзелі.
    Пасля 2-ух дзён цішыні і пакаяння літургічныя абрады пашыраныя, урачыстыя і незвычайна багатыя на сімвалы і змест. Гэтай ноччу збаўчую таямніцу пераходу ад смерці да жыцця праз Уваскрасенне Хрыста нам набліжаюць 4 сімвалы: святло, Божае слова, вада хросту і свята жыцця.
    А праяўляюць яе 2 сакраманты: хрост і Эўхарыстыя.
    Значэнне святла паўней бачыцца ў параўнанні з цемрай. Таму літургія павінна распачацца пасля захаду сонца, калі настане змрок. Асвечаны агонь з кастра з’яўляецца крыніцай святла для пасхала, ад якога вернікі запальваюць свечкі. Так паступова цемра перамагаецца святлом Хрыста. Сімволіку святла, пасхальнай свечкі і Вялікай Ночы тлумачыць спеў старажытнага Пасхальнага закліку.
    Літургія Божага слова, якая складаецца з некалькіх чытанняў, прыгадвае нам пра найважнейшыя падзеі ў гісторыі збаўлення, увенчанай уваскрасеннем Езуса. На спеў гімна “Хвала на вышынях” пачынаюць званіць у званы. Радаснае “Алелюя” абвяшчае нам, што Хрыстос уваскрос.
    Літургія хрышчэння з першых стагоддзяў Касцёла найбольш урачыста цэлебравалася менавіта падчас Велікодных свят. Першы сакрамант – гэта сімвалічнае акунанне ў смерць Збаўцы і ўваскрасенне чалавека да новага жыцця ў Хрысце. Урачыстае асвячэнне вады для хрышчэння, літанія да Усіх Святых і аднаўленне хросных абяцанняў павінны яшчэ больш наблізіць нас да Езуса – Крыніцы Жыцця.
    Эўхарыстычная літургія адсылае вернікаў непасрэдна да старазапаветнай пасхальнай вячэры ў ноч напярэдадні вызвалення з егіпецкай няволі. Кроў баранка абараніла ізраільцян ад смерці першародных, а спажытая ў спешцы пасха стала напамінам аб вызваленні з няволі і аб запавеце з Богам. Баранак Новага Запавету, Хрыстос, які пераходзіць ад смерці да жыцця, вызваляе нас усіх з няволі граху і смерці. Эўхарыстыя з’яўляецца вечнай памяткай і дэманстрацыяй Яго ахвяры. Прымаючы ў ёй удзел, прыступаючы да св. Камуніі, атрымліваем дар жыцця і вольнасці Божых дзяцей. Мы адкуплены!
    Рэзурэкцыйная працэсія з запаленымі свечкамі, пасхалам, фігурай Збаўцы, харугвамі, суправаджаемая радасным спевам і звонам усіх званоў, з’яўляецца ўрачыстым і публічным абвяшчэннем свету ісціны, што Езус уваскрос, што пячаць, стража і камень, падман фарысеяў, прапаганда атэістаў, варожасць свету, які праследуе сведкаў Уваскрасення, нічога не вартыя. Хрыстос жыве! І мы пакліканы сведчыць пра гэта сваёй радасцю, малітвай, спевам і таксама ўсім жыццём.
Варта памятаць!

    • Не трэба адкладваць падрыхтоўку да святкавання на апошнюю хвіліну. Варта загадзя зрабіць пакупкі, заняцца гатаваннем і ўборкай. Навошта? Гэта неабходна, каб у перыяд Пасхальнага Трыдуума мець час на засяроджанае перажыванне містэрыі Хрыста, магчы паглыбіцца ў святкаванне. Вялікдзень не павінен атаясамлівацца ў чалавека з навядзеннем парадку, стомленасцю і мітуснёй.
    • Важным аспектам добрага перажывання пасхальных свят з’яўляецца іх перажыванне ў супольнасці. Таму па меры магчымасцей важна ўдзельнічаць у літургіі Пасхальнага Трыдуума ўсёй сям’ёй, разам маліцца дома і яшчэ больш старанна ў гэтыя дні прымаць удзел у жыцці парафіі.
    • Вялікі тыдзень павінен “вырываць” нас са штодзённай руціны, якая закранае таксама досвед веры. У гэты асаблівы перыяд належыць сканцэнтравацца на Хрысце і Яго збаўчых муках. Варта суцішыцца, духоўна настроіцца на падзеі, апісаныя Евангелістамі. Глыбока зачарпнуць са скарбу, якім з’яўляюцца смерць, мука і ўваскрасенне Бога-Чалавека.
    • Дзякуючы засяроджанаму перажыванню Вялікага тыдня, паглыбленню ў таямніцу Божай любові, маем шанс на сапраўднае аднаўленне нашага жыцця, нашай веры, а таксама на навяртанне да Бога. Вялікі чацвер, Вялікая пятніца, Вялікая субота і Пасхальная нядзеля асабліва багатыя літургічнымі абрадамі. Гэта цудоўны дар Касцёла, які можа ўзбагаціць нас, набліжаючы да Хрыста.