Музыкай маліцца

З жыцця Касцёла

Кожную нядзелю рукі Ірэны дакранаюцца да клавіш, нараджаюць мелодыі малітвы і надзеі

Моладзь у Касцёле
Напэўна, усе вернікі гродзенскага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) ведаюць у твар арганістку Ірэну Барсукевіч. Дзякуючы яе паслузе нядзельныя і святочныя набажэнствы ў парафіі праходзяць пад чароўныя гукі аргана і суправаджаюцца меладычным спевам. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” арганістка распавядае пра сваю працу, захапленне натхняльнай і ўзнёслай музыкай, якая дапамагае людзям уздымацца над будзённасцю і шчыра маліцца.
Прыступка за прыступкай
    Музыка ўвайшла ў жыццё Ірэны Барсукевіч яшчэ ў дзяцінстве. Ужо ў 3-ім класе дзяўчынка пачала вучыцца ў музычнай школе па класе акардэона.
    “Гісторыя майго паступлення ў музычную школу – сапраўдны дэтэктыў, – гаворыць Ірэна. – У мяне была старэйшая сяброўка-суседка, якая хадзіла ў «музыкалку». Аднойчы я ёй прызналася, што таксама вельмі хачу навучыцца іграць на якім-небудзь музычным інструменце, і што калі яна мне дапаможа, буду ўдзячна ёй усё жыццё. Нашу размову пачуў тата. Відаць, яму самому захацелася стаць тым чалавекам, якому будуць удзячны ўсё жыццё, таму і павёў мяне ў музычную школу (смяецца – заўв. аўт.). Тата шмат свайго вольнага часу прысвяціў мне: адвозіў на заняткі, сачыў за поспехамі. Таму мая музычная адукацыя – у многім яго заслуга”.
Ірэна распавядае, што ўжо пасля першых заняткаў у яе з’явілася ўпэўненасць, што стане музыкантам. Праўда, інтарэсы з цягам часу змяніліся.
    “Спачатку я збіралася паступаць у музычны каледж, але пасля вырашыла пайсці ў швейную вытворчасць. На той момант мне здавалася, што гэта вельмі цікавая, творчая і перспектыўная прафесія. Але, на вялікі жаль, я памылілася, – гаворыць дзяўчына. – Ведаеце, зараз шмат маладых людзей сутыкаюцца з падобнай праблемай: выбіраеш прафесію, хочаш дасягнуць нейкіх вышынь, а пасля на практыцы атрымліваецца, што гэта зусім не тое, аб чым ты марыў. Я прайшла шлях ад звычайнай швачкі да тэхнолага. Пасля атрымала вышэйшую адукацыю настаўніка абслугоўваючай працы. Але адзінае і любімае месца працы па спецыяльнасці так і не змагла знайсці”.
    Ірэна ўжо і не думала, што ў далейшым яе ізноў чакае сустрэча з музыкай.
   Пілігрымка – выдатная магчымасць падзяліцца сваім талентам з іншымі Аднак аднойчы ёй на вочы трапілася аб’ява, што Катэхетычныя курсы пры Гродзенскай курыі адкрываюць “школу арганістаў” і запрашаюць ахвотных на вучобу. “Канешне, пасля народнага інструмента іграць на аргане было дастаткова складана, але ў параўнанні з тымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія ўвогуле не мелі ніякай музычнай падрыхтоўкі, я была ў больш выйгрышным становішчы. Прыступка за прыступкай пачала здабываць уменні. Вучылася манеры выканання імшальных мелодый і спеваў”, – распавядае арганістка.
    Яшчэ ў працэсе вучобы Ірэна пачала шукаць месца працы. Першыя навыкі адточвала суправаджаючы маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы у пабрыгіцкім касцёле. Пасля цягам 8-мі месяцаў працавала ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Гродна-Паўднёвы). А калі ў “брыгітках” вызвалілася месца арганіста, перайшла ў рэктаральную святыню, дзе іграе па сённяшні дзень.
   
    Не для сябе – для Бога і людзей
    Ірэна Барсукевіч падкрэслівае, што ў кожнай прафесіі існуюць свае цяжкасці. Таксама і ў музыцы, у асвойванні інструмента.
    Але ўсе складаныя моманты кампенсуюцца задавальненнем ад выніку добра выкананай работы.
    “Праца арганіста патрабуе шмат намаганняў і, перш за ўсё, эмацыйнага ўдзелу. Безумоўна, стамляешся, калі цягам дня суправаджаеш некалькі св. Імшаў. Але гэта мая стыхія, я гэтым жыву, – адзначае дзяўчына. – Зараз усе песні і мелодыі ўжо ў галаве, таму не трачу шмат часу на падрыхтоўку. Прыходжу прыкладна за 15 хвілін да Імшы, каб памаліцца і падрыхтаваць неабходны матэрыял. Раней жа даводзілася дома пісаць планы песень і папярэдне рэпеціраваць кожнае набажэнства. Без такой сур’ёзнай падрыхтоўкі я б не адважылася адыграць на касцёльным музычным інструменце ўсю св. Імшу”.
    Ірэна ўпэўнена, што музыка – яшчэ адно пацвярджэнне існавання Бога. Яна дапамагае адчуць прыгажосць, глыбіню і велічнасць малітвы. “Словы малітвы самі па сабе, канешне, цудоўныя, але калі яны спалучаюцца з музыкай, то кранаюць струны душы, спрыяюць раскрыццю нават самых патаемных яе закуточкаў. Калі па святыні разліваюцца мілагучныя спевы, твары людзей разгладжваюцца, святлеюць, прамянеюць пяшчотай і шчасцем. Нездарма існуе меркаванне, што музыка, якая нараджаецца з-пад рукі арганіста, можа тварыць з чалавекам цуды. Ёсць таксама нямала сведчанняў аб тым, што людзей моцна кранула нейкая мелодыя, што яны задумаліся над сваім жыццём, пачалі аналізаваць: ці заўсёды яны былі шчырымі, ці дзяліліся сваёй любоўю з іншымі”, – падкрэслівае арганістка. Ірэна таксама адзначае, што ноты становяцца музыкай толькі прайшоўшы праз пачуцці выканаўцы. Таму найгоршае, што можа быць, гэта калі арганіст абыякава і манатонна спявае, быццам зараз засне над клавішамі.
    “Для мяне найважнейшае – разумець тое, пра што спяваю. Таму я вельмі эмацыянальна перажываю змест кожнай малітвы, кожнай песні. Стараюся, каб маё музычнае суправаджэнне дапамагала людзям маліцца, каб разам са мной спявалі іх сэрцы. Мне падаецца, што ў нашай працы трэба кіравацца выказваннем: «У аргана непаўторнае, мяккае гучанне; але каб яно не стала бяздушным і механічным, трэба падыходзіць да працы з душой»”, – падсумоўвае дзяўчына.
   
    Вера – надзейная апора
 Падчас сустрэчы сужэнскіх пар, якія належаць да “OPEN”   Ірэна вельмі пазітыўны, светлы чалавек, шчырая каталічка, а таксама любячая жонка і пяшчотная маці 2-іх дзетак. Яна вельмі ўдзячная сваім бацькам за выхаванне і веру, якую яны перадавалі з самага дзяцінства.
    “Вера дапамагае мне рабіць правільныя жыццёвыя выбары, не дапускаць памылак. Для мяне важна, каб маё сумленне было чыстым. А без фундамента веры нельга дабіцца ўнутранай чысціні. Цешуся, што мае ідэалы падтрымлівае сужонак, а таксама сябры сям’і, – гаворыць арганістка. – Сярод нашых знаёмых вельмі шмат тых, хто належаў да самых першых членаў моладзевага душпастырства «OPEN». Зараз мы маем свае сем’і, але працягваем сустракацца ў «брыгітках». Гэта так міла, калі пасярод святыні расцілаецца вялікі дыван і па ім поўзаюць нашыя дзеткі. Малышам тут вельмі падабаецца. Яны сябе ўтульна адчуваюць, і гэты факт не можа не радаваць. Мы выхоўваем сваіх дзяцей у хрысціянскім духу і спадзяёмся, што яны некалі прадоўжаць тую справу, якую мы пачалі. З іх вырастуць добрыя міністранты, харысты, удзельнікі «OPEN» і, магчыма, арганісты і арганісткі”.