– Вельмі важна злучаць сваю штодзённасць з малітвай, давяраць усё Богу, – заўважае с. Тэрэза. – Нягледзячы на розныя цяжкасці, трываць у Пану. Менавіта Ён дае сілы, з’яўляецца крыніцай моцы і так патрэбнай мудрасці. Я заўсёды кіруюся ў жыцці такім выслоўем з Евангелля: “Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 4–5).
І тут раптам электратарка перастае рабіць: нешта заела. Сястра здзяйсняе пэўную маніпуляцыю – і механізм зноў запрацаваў. С. Тэрэза ўсміхаецца і тлумачыць, што любыя няўдачы можна “прынесці на Божы алтар у пэўнай інтэнцыі”. У лістападзе, напрыклад, яна ахвяруецца за памерлых.
З увагай да кожнага чалавека Сястра рухава замешвае цеста для дранікаў. На пліце ўжо награваюцца патэльні. Іх ажно 5, бо трэба паспець своечасова падаць гатовую страву на абед. А ў доме супольнасці пражывае 18 сясцёр назарэтанак.
Спачатку гатуем дранікі без цыбулі для некалькіх манахінь, якія маюць праблемы са страўнікава-кішэчным трактам.
– Некаторыя нашы сёстры па стане здароўя прытрымліваюцца дыеты. Для іх патрэбна асаблівае меню, – падкрэслівае с. Тэрэза.
У бяседзе манахіня распавядае, што прадумвае набор страў на некалькі дзён уперад. Робіць нейкія зарыхтоўкі напярэдадні.
– На тыдні нас абавязвае пост у сераду, пятніцу і суботу. Яго захоўваем у памяць аб Святой Сям’і: Езусе, Марыі і Юзафе, – тлумачыць с. Тэрэза.
– А што сёстры любяць больш за ўсё? – цікаўлюся.
Манахіня на момант задумалася.
– Боршч. Рыбу. Розныя салаты, напрыклад, сялёдку пад шубай. Бліны з рознымі начынкамі, паджараныя, – гаворыць сястра.
У прыадчыненай шафе заўважаю паліцу з кнігамі і нататнікамі. Схіляючы галаву, разумею, што там захоўваецца калекцыя рэцэптаў.
– Я пагляджу?
С. Тэрэза ківае.
На маё здзіўленне, там апынуліся кулінарныя зборнікі розных краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Асобна збоку ляжала нават рарытэтнае па сённяшніх мерках выданне “Kucharka Litewska”, выпушчанае ў Варшаве ў 1900 годзе.
– Рукі не даходзяць усё гэта пераглядзець, – з жалем заўважае сястра. – Вельмі часта перадаём нейкія рэцэпты з вуснаў у вусны.
Манахіні дзеляцца адна з адной і пэўнымі хітрасцямі, да якіх гаспадыні прыходзяць з часам, набіраючыся вопыту. Так, напрыклад, каб боршч захоўваў прыгожы колер булёну і меў прыемную кіслінку на смак, падчас прыгатавання варта нарэзаць і кінуць у суп свежы яблык.
Накарміць Хрыста ў бліжнім Разам з с. Тэрэзай спрытна пераварочваем падрумяненыя дранікі. Адна партыя, другая, трэцяя, дзясятая – і міска з цестам апусцела. Справіліся! Да абеду застаецца паўгадзіны. Манахіня ставіць на пліту грэцца суп са шчаўя, які застаўся з учарашняга дня.
– Такія моманты важна прадугледзець, – падкрэслівае с. Тэрэза. – Калі б супу не было на сёння, дранікі не планавала б. Вельмі цяжка адначасова гатаваць некалькі страў на дзясятак людзей.
За пару хвілін да абеду ў вызначаны час у сталовай дома сясцёр назарэтанак заўважаецца рух. Манахіні збіраюцца на супольную малітву перад прыняццем ежы. Прачытаўшы ўрывак з Бібліі, сёстры прымаюцца за абед. Ён трывае каля паўгадзіны. Манахіні размаўляюць паміж сабой, абмяркоўваюць нейкія пытанні. Пазней с. Тэрэза прызнаецца, што ёй вельмі прыемна назіраць за тым, як сёстры з апетытам спажываюць прыгатаваныя стравы. У такія моманты яна ўяўляе, што разам з манахінямі сядзіць сам Хрыстос:
– Выказваючы клопат пра кожную сястру, я клапачуся пра Езуса. Прыгатаваўшы стравы, імкнуся накарміць Збаўцу, які прысутны ў бліжнім.
Тое, што застаецца пасля абеду, ніколі не марнуецца.
Часам у дзверы дома супольнасці пастукаецца ўбогі, які спазніўся на абед, што сёстры гатуюць для бедных асобна. І тады манахіні частуюць яго тым, што маюць. Галодны ніхто ад сясцёр не выходзіць.
Чалавек непераможны, калі давярае сябе Богу Паволі манахіні пачынаюць разыходзіцца з абеду. Маючы трохі часу, с. Тэрэза прапануе мне заглянуць у каморку. Там яна паказвае паліцы са шматлікімі нарыхтоўкамі.
– Вось варэнне, марынады. Салаты, агуркі і памідоры. Гэта ўсё мы самі! – дадае з усмешкай. – Летам збіраемся на кухні разам. Кожны робіць нешта па сваім рэцэпце. І ў выніку атрымліваем такі багаты ўраджай закатак на зіму.
Сярод іншага с. Тэрэза вылучае засушаныя грыбы:
– Самі сёстры збіралі ў лесе... Стараемся па магчымасці ўсё рабіць сваімі рукамі, сваімі ж намаганнямі. Вось нядаўна заквасілі капусту ў бочцы.
Манахіня запрашае выйсці на вуліцу. Там яна паказвае на невялікі кавалак зямлі.
– Вырошчваем тут, у сваім агародчыку, некаторую агародніну, зеляніну, – гаворыць яна. –Засушваем і замарожваем спецыі: базілік, укроп, жэжуху. Сястра зазначае, што ў супольнасці адчуваюць асаблівую апеку св. Юзафа, да якога моляцца штодня. Ён часта прыходзіць з дапамогай праз простых людзей, якія ахвяруюць сёстрам бульбу, яблыкі, капусту, моркву, часнык...
– С. Тэрэза, як Вы думаеце, адкуль чалавеку варта чэрпаць сілы? – пытаюся.
– Кожны з нас мае невычарпальныя рэсурсы, калі робіць нешта на хвалу Божую, калі злучаны з Ім і ўпоўні давярае ўсяго сябе Усемагутнаму.
– Ці ёсць у Вас якое-небудзь жаданне?
– Паехаць у санктуарый Маці Божай у Лурд, каб там падзякаваць Ёй за 25 гадоў кансэкраванага жыцця, апеку і ўсе атрыманыя дары, а таксама выпрасіць неабходныя ласкі для далейшага служэння.