Місія дапамогі памерлым

З жыцця Касцёла

Палатно “Анёл вызваляе душы з чыстца”, Людовіка КараччыСярод католікаў найбольш папулярная традыцыя малітвы за памерлых на 3-ці, 7-мы і 30-ты дні пасля смерці, а таксама ў кожную гадавіну. Касцёл успамінае ўсіх памерлых 2 лістапада, моліцца за іх падчас кожнай св. Імшы. Але і гэтага недастаткова для збаўлення душ, якія прагнуць дапамогі ў чыстцы.
Хто нястомна моліцца за памерлых?
    У далёкім 1889 годзе ў Закрочыме (Польшча) бл. Ганаратам Казьміньскім і маці Вандай Алендскай была заснавана Кангрэгацыя сясцёр памочніц чыстцовым душам. Харызма супольнасці палягала выключна на малітоўным клопаце аб памерлых.
    З цягам часу супрацоўніцтвам у справе духоўнага збаўлення душ сталі цікавіцца і свецкія асобы. Такім чынам у 1983 годзе пад апекай Кангрэгацыі ўзнікла Апостальства дапамогі чыстцовым душам (АДЧД), зацверджанае Святым Прастолам.
    На Беларусі рух пачаў развівацца ў канцы 1990-х гадоў. Першыя групы АДЧД у Гродзенскай дыяцэзіі з’явіліся са згоды ардынарыя Аляксандра Кашкевіча ў Лідскім дэканаце. Цяпер яны існуюць у большасці парафій дыяцэзіі. Спярша душпастырам суполак быў кс. Віктар Субель, затым – а. Анджэй Ядкоўскі CSsR. У фармацыі апостальства дапамагаюць сёстры з кангрэгацыі, якія дзеляцца ўсёй неабходнай літаратурай. Інфармацыю пра дзейнасць руху распаўсюджваюць і самі яго ўдзельнікі. Ужо амаль на працягу 20-ці гадоў дадзенай справай займаецца аніматар апостальства ў Гродзенскай дыяцэзіі Андрэй Слонімец. “Часам павінен ехаць на сустрэчу ў парафію, але ўласнага транспарта не маю. Таму проста давяраю ўсё Езусу, – прызнаецца ён. – Неаднаразова выходзіў на дарогу і... цудам спыняўся аўтамабіль, які ехаў якраз туды, куды мне трэба. Або аднойчы была гісторыя: спазніўся на аўтобус, каб вярнуцца дамоў.
Засмуціўся. Але, на дзіва, у мясцовай краме сустрэў людзей са сваёй роднай мясцовасці! Упэўнены, у справе распаўсюджвання руху мне няраз дапамагалі чыстцовыя душы”.
    Сёння апостальства налічвае агулам больш за 20 тысяч удзельнікаў, з якіх чвэрць знаходзіцца ў Беларусі. Пераважаюць свецкія асобы, але ёсць таксама прадстаўнікі духавенства.
   
    Адказ на патрэбу
    Члены АДЧД штодзённа чытаюць адвольную малітву за памерлых, ахвяруюць у іх інтэнцыі сваю працу, цяжкасці і цярпенні, учынкі міласэрнасці, адпусты і пакаянне. Па меры магчымасці замаўляюць св. Імшу або прыносяць у дар за чыстцовыя душы ўдзел у Эўхарыстыі.
    Бл. Ганарат Казьміньскі сцвярджаў, што дапамога памерлым – найпрасцейшае, бо амаль нічога не каштуе верніку: “Кожную справу, нават найменшую і выкананую з абавязку, можам ахвяраваць за душы ў чыстцы з вялікай карысцю для іх”. Гэта цяжка ўсвядоміць, але рэчы ў часовым і вечным вымярэннях маюць каласальную адрознасць. Невялікае намаганне чалавека на зямлі (напрыклад, стрыманасць на несправядлівасць), злучанае з ахвярай Крыжа і прынесенае ў дар за чыстцовыя душы, можа стакроць каштаваць ім у вечнасці (атрымаюць палёгку ў цярпенні або нават будуць збаўлены).
    Члены апостальства моляцца таксама за канаючых.
    Нават самы закаранелы грэшнік можа быць збаўлены, калі перад смерцю ён перажыве пакаянне за ўчыненыя грахі і моцнае жаданне злучыцца з Айцом. Падобным чынам адбылося са злачынцам, укрыжаваным побач з Хрыстом. На перадсмяротную просьбу ўспомніць пра яго ў Божым Валадарстве Езус адказаў: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі” (Лк 23, 43).
    Час перад смерцю чалавека асабліва каштоўны, бо менавіта тады вырашаецца яго лёс у вечнасці. Гэта, можна сказаць, апошні шанс для кожнага скарыстаць з Божай міласэрнасці. Таму задача апостальства – праз сваю заступніцкую малітву наблізіць няшчасных у апошнія хвіліны іх жыцця да Бога.
   
    Закон бумеранга
    Удзячнасць за клопат аб памерлых выяўляецца ў шматлікіх ласках, адрасаваных дабрадзею ад Бога і Найсвяцейшай Маці. Безумоўна, за набліжэнне Неба дзякуюць і самі чыстцовыя душы, калі з’яднаюцца з Айцом. Яны, ужо святыя, памятаюць пра сваіх ратавальнікаў як пры іх жыцці, так і пасля смерці. Як гаварыў св. Ян Марыя Віянэй, “гэтыя душы, поўныя любові, адплацяць узаемнасцю і выпрасяць для нас у тысячу разоў больш, чым ім даём. Калі будзем у чыстцы, то гэтыя душы паспяшаюць выпрасіць у Бога для нас такую самую ласку, якую мы выпрасілі для іх”. Ключавы момант тут – вечна ўдзячныя. Трэба разумець гэтую праўду даслоўна, бо душы асягнулі шчасце ў вечнасці.
    Яшчэ адным прыемным бонусам для членаў АДЧД з’яўляецца тое, што яны належаць да духоўнай сям’і Кангрэгацыі сясцёр памочніц чыстцовым душам. Штодня манахіні моляцца ў інтэнцыі жывых і памерлых удзельнікаў апостальскага руху. Гэта таксама з’яўляец-ца моцнай духоўнай падтрымкай для верніка.
    Канешне, чыстага разліку ў жаданні далучыцца да апостальства быць не павінна: іначай ахвяра асобы пераўвасабляецца ў эгаістычны намер. Але ведаць пра духоўныя даброты неабходна, каб быць адкрытымі на іх і адчуваць тую містычную сувязь, якая існуе паміж жывымі і памерлымі.
   
    Духоўны ўзаемаабмен
    Усе хрысціяне ўтвараюць агульную супольнасць у Хрысце. Гэтую праўду, выкарыстоўваючы алегорыю, аб’явіў сам Пан Езус: “Я – вінаградная лаза, а вы – галіны” (Ян 15, 5). Пра повязі ўзаемнай залежнасці нагадаў і ІІ Ватыканскі сабор: “Еднасць пілігрымуючых з тымі братамі, якія спачылі ў спакоі Хрыста, не перарываецца цалкам. Наадварот, паводле трывалай веры Касцёла, яна ўмацоўваецца дзякуючы ўзаемаабмену духоўнымі дабротамі” (LG 49). Таму і жывыя ў стане дапамагчы памерлым, і памерлыя, знаходзячыся ў стане святасці, – жывым.
    Калі паглядзець з аднаго боку, то неабавязкова ўступаць у АДЧД, каб дапамагаць чыстцовым душам. Але з другога боку, дабро, здзейсненае ў супольнасці, толькі памнажаецца. Сумесныя намаганні многіх вернікаў каштуюць нашмат больш. Гэта як ускласці рукі на плечы суседа і разам з іншымі падняць цяжкі груз – аднаму такое зрабіць немагчыма.
Ламаем распаўсюджаныя сярод вернікаў стэрэатыпы адносна чыстца!
   
    Чысцец – гэта папраўчая калонія для грэшнікаў, якія чакаюць амністыі, каб з’яднацца з Богам і ўсёй супольнасцю святых.
    Чысцец не з’яўляецца канкрэтна вызначаным месцам, куды трапляюць душы перад уваходам у Неба. Гэта хутчэй пэўны стан або працэс, які перажывае асоба пасля смерці, каб дарастаць да любові (пасля смерці як любоў, так і яе недахоп застаюцца часткай “Я” кожнай душы, яе накапленнем за час зямной вандроўкі). З’яву ачышчэння сучасныя тэолагі разглядаюць не як пакаранне за грахі або выплату доўгу, але як неабходнасць для духоўнага росту асобы.
   
    У чыстцы душы гараць у агні, як у пекле. Толькі іх цярпенням, у адрозненне ад палання ў д’ябальскай бездані, ёсць мяжа.
    Па-першае, трэба падкрэсліць, што маецца на ўвазе не фізічны агонь, а толькі становішча, у якім прабывае душа. Па-другое, хоць Касцёл і выкарыстоўвае тэрмін “агонь” у дачыненні да чыстца, як і да пекла, але ў абодвух выпадках гэтае паняцце сімвалічна азначае нешта зусім іншае. Пякельны агонь – нянавісці і пыхі – наносіць боль, але не ачышчае, у адрозненне ад чыстцовага. Другі ж прычыняе асобе пакуты з-за “няправільнага” жыцця, тугі па Богу і, у выніку, садзейнічае поўнаму ачышчэнню душы, каб тая змагла назаўсёды злучыцца са Створцам.
   
    Мы не ў стане паўплываць на працягласць знаходжання душ у чыстцы, можам толькі палегчыць іх цярпенні.
    Чысцец вобразна падобны да доўгага калідора. Пакуль на зямлі цягнецца ланцуг наступстваў ад здзейсненых грахоў, душа будзе ісці па ім немаведама колькі часу. Калі ж атрымае ласку памілавання, малітоўная падтрымка на зямлі дапаможа ёй падняцца ўверх, каб нарэшце асягнуць Неба. Вельмі карысным для цер- пячай у чыстцы душы з'яўляецца прысвечаны за яе адпуст. І нават калі не можам ахвяраваць малітву ці добрую справу ў інтэнцыі памерлага, варта хаця б прабачыць і не трымаць на яго ніякай крыўды, бо гэта толькі падаўжае цярпенне душы ў чыстцы. Нездарма кажуць, што пра памерлага нельга ўспамінаць благога – альбо добра, альбо ніяк.