Сіла ўрача – у яго любові да чалавека

З жыцця Касцёла

Звычайна дыягназы ставяць урачы. Сёння прапануем чытачам “Слова Жыцця” памяняцца з дактарамі месцамі, накінуць на плечы белыя халаты і зрабіць сумесны анамнез з жыццёвых гісторый медыкаў.
Валянціна Казленка заўсёды прыслухоўваецца да закліку сэрца. Таму і падалася пасля школы ў медыцынскі каледж, хоць за добрую вучобу магла быць залічана без экзаменаў у педагагічны. “Мама вельмі хацела, каб я была настаўніцай, а мая душа прагнула дапамагаць церпячым”, – успамінае жанчына.
    З першай спробы паступіць не ўдалося. Але маладая дзяўчына не адчайвалася і прыклала максімум намаганняў, каб дасягнуць пастаўленай мэты ў наступны раз. Усё атрымалася. Пасля вучобы Валянціна непрацяглы час працавала медсястрой у гомельскай бальніцы. “Хворыя людзі часта нервовыя, раздражнёныя, нецярплівыя.
    І тут не месца для грэбавання ці гідлівасці, – заўважае. – Трэба ўсведамляць, што церпячыя з-за пакут і болю часам не кантралююць свой стан і могуць адрознівацца непрадказальнымі паводзінамі. Таму да іх патрэбны асаблівы падыход: найперш, чалавечнасць, чулае і добрае сэрца. Гэтыя якасці востра неабходныя ў адносінах з пацыентамі. Многім не стае ўвагі, клопату з боку родных, блізкіх. Многія адчуваюць сябе пакінутымі. У нашых сілах дадаць у іх жыццё крышачку спагадлівасці і пяшчоты. Думаю, кожны медык павінен памятаць пра тое, што яго служэнне базіруецца на падмурку міласэрнасці. Варта ў любым чалавеку ўмець бачыць Хрыста…”.
    Неўзабаве спадарыня Валянціна выйшла замуж і прысвяціла сябе сям’і. Нарадзіла 6-ых (!) дзяцей: 5-ых сыноў і дачку. “З Божай дапамогай”, як зазначае. Па медыцынскіх паказаннях магла мець толькі 2-іх (іначай рызыкавала сваім жыццём). Але ва Усявышняга няма нічога немагчымага. Зараз старэйшаму 28 гадоў, малодшаму хутка споўніцца 13.
Сям’я жыве ў Ваўкавыску. Трымае агарод і гаспадарку. Жанчына больш не працуе ў сістэме аховы здароўя, але даглядае за хворай мамай, робіць уколы суседзям, знаёмым, якія прыходзяць да яе на дом. “Штодня дзякую Богу за жыццё, за акружаючых людзей, за тое, што магу быць карыснай, – падкрэслівае спадарыня Валянціна. – Часта іду са сваімі інтэнцыямі ў пілігрымках”.
    Жанчына ўспамінае, што ўпершыню вырушыла ў дарогу па просьбе сына. Аднаго 8-гадовага хлопца адпускаць не хацела, таму адправілася ў Тракелі разам з ім. Узгадвае, што напрыканцы шляху адчула вялікую Божую ласку. З таго часу імкнецца не прапускаць паломніцтвы, якія напаўняюць душу невымоўнай радасцю і спакоем. “Я зрабіла для сябе выснову: калі Бог на першым месцы, то і ўсё астатняе на сваім месцы”, – гаворыць спадарыня Валянціна.
    Мінула 13 гадоў, а жанчына па-ранейшаму ў першых шэрагах пілігрымаў. Толькі цяпер у яе заплечніку заўсёды мноства медыкаментаў, перавязачны матэрыял. У дарозе жанчына за фельчара. Да яе ідуць з мазалямі, расцяжэннямі, недамаганнямі. “Часам чалавеку трэба аказаць і маральную падтрымку, каб далейшы шлях не здаваўся такім цяжкім. Імкнуся падбадзёрыць добрым словам, усмешкай”, – заўважае спадарыня Валянціна. Прызнаецца, што кожны раз збіраецца ў шлях з пачуццём, што яна патрэбна. У паломніцтве бачыць ахвяру. А як прыемна, калі на вуліцы вітаюцца, дзякуюць за дапамогу, запэўніваюць у сваёй малітве! Спадарыня Валянціна дзеліцца марай, што хацела б схадзіць у Будслаў. Але летам, у сезон нарыхтовак, немагчыма выбрацца ў 2 пілігрымкі адразу. Таму пакуль што гэта толькі родныя Тракелі… Але пакуль што! Мары існуюць на тое, каб спраўджвацца.
Андрэй Аслаўскі працуе хірургам у Гродне, выкладае ў медуніверсітэце. Пайшоў па слядах бацькоў, якія таксама медыкі: маці – тэрапеўт, бацька – гінеколаг. “У мяне і жонка ўрач. Тэрапеўт! – распавядае спадар Андрэй. – Пазнаёміліся яшчэ ў студэнцкія гады.
    З аднаго боку, добра, калі ў сям’і субраты па прафесіі. Ніхто лепш не зразумее медыка, як іншы медык. Вось вяртаюся дадому як выціснуты лімон, і жонка гэта ведае, бо сама ў такім жа стане. А з другога боку – цяжка. На працы цалкам прысвячаешся пацыентам. Эмацыянальна выгараеш, з-за чаго цябе не заўсёды хапае на сям’ю. Канешне, трэба ўмець балансаваць, але дзе ўзяць на ўсё сілы?..”.
    Вельмі важна любіць сваю прафесію. Без любові ні ў адной справе нічога талковага не атрымаецца. Гэтую ісціну спадар Андрэй і імкнецца данесці сваім студэнтам. Па яго словах, тых, хто прыйшоў “па разліку”, чакае расчараванне, бо часта праца медыка, на жаль, няўдзячная.
    “Прафесія ўрача цяжкая. Патрабуе мужнасці, цярплівасці, ураўнаважанасці, упэўненасці, – падкрэслівае спадар Андрэй. – Доктар ніколі не павінен адчайвацца, нават калі перад ім безнадзейна хворы чалавек. Галоўнае – не апускаць рукі і да апошняга змагацца за жыццё пацыента. Дарэчы, быў у маёй практыцы выпадак, калі ўдалося «выцягнуць» безнадзейна хворую жанчыну. І па сёння яна жыве і цудоўна сябе адчувае”.
    У прыватнай размове мужчына прызнаецца, што гэта не адзіны падобны выпадак. І калі даводзіцца сутыкацца са, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыяй, “толькі вера і ратуе”.
    У холе бальніцы, дзе працуе спадар Андрэй, вісяць вялікія партрэты св. евангеліста Лукі і св. Лукі Крымскага, які быў хірургам. Штораніцы ўрач моліцца праз іх заступніцтва. Доктар сціпла заўважае, што яго духоўнае жыццё абмяжоўваецца адмаўленнем ранішняй і вячэрняй малітваў. Насамрэч, у ходзе далейшай бяседы высвятляецца, што ў сям’і гадуецца 3-ое сыноў. І ўсе яны выхоўваюцца ў духу каталіцкага скаўтынгу. Мужчына з’яўляецца дапаможным шэфам у адной з галін руху. Яго жонка спявае ў касцёльным хоры, уваходзіць у Апостальства вечнай малітвы за святароў “Маргарытка”. Усе разам выязджаюць у шматлікія пілігрымкі, каб “адпачыць з Богам”. “Я яшчэ толькі іду да Пана, – гаворыць спадар Андрэй. – Крок за крокам. Прыпыняюся, сузіраю, аналізую, усведамляю нейкія рэчы і намагаюся выправіцца. У гэтым плане я арыентуюся на жонку. Яна для мяне – узор рэлігійнай дасканаласці”.
    Спадар Андрэй згаджаецца, што яго прафесія – гэта супрацоўніцтва з Богам у справе ратавання людзей. Неаднойчы ён назіраў, як невылечная хвароба ці, наадварот, цудоўнае ацаленне прыводзілі чалавека да Усявышняга. А колькі радасці адчувае доктар, калі пацыент выздараўлівае! Гэта тое, дзеля чаго ён працуе. “Перажываеш духоўны і фізічны пад’ём, натхняешся на далейшыя справы – і твае сілы памнажаюцца стакроць”, – дзеліцца спадар Андрэй і задуменна ўсміхаецца.
Вікторыя Гурская прагне стаць урачом з дзяцінства. Вялікую ролю ў выбары прафесіі адыграла маці дзяўчыны, якая таксама працуе ў сістэме аховы здароўя. “Часта прыходзіла да мамы ў бальніцу і назірала, як яна лечыць пацыентаў, – успамінае Вікторыя. – Праніклася гэтай дзейнасцю. Захацелася таксама дапамагаць людзям”.
    Сёння дзяўчына вучыцца ў медуніверсітэце. Пакуль што толькі мае магчымасць назіраць за хворымі. Курыруе палаты, разам з доктарам прысутнічае на абходзе. Цікавіцца самаадчуваннем пацыентаў, слухае сэрца, вымярае ціск. “Людзі звычайна прыходзяць да ўрача, калі ім дрэнна, балюча, – разважае Вікторыя. – І ты павінен выслухаць і зразумець пацыента, каб яму дапамагчы. Пры гэтым варта ўсведамляць, што кожны чалавек індывідуальны. Да кожнага аднолькава неабходны душэўны і трапяткі падыход. Хворага ж лечаць не толькі медыкаментамі, але і словам. Неабходна адчуваць любоў да бліжняга. Яшчэ больш узмацняе гэтую любоў вера ў Бога”.
    Для дзяўчыны рэлігія ў жыцці займае вельмі важнае месца. Яна рэгулярна прымае ўдзел у Эўхарыстыі. Штогод ходзіць у пілігрымкі. Была ў Тракелях, Будславе і нават Фаціме. З вялікім задавальненнем удзельнічае ў сустрэчах моладзі ў катэдральным касцёле ў Гродне. Імкнецца выкарыстаць любую магчымасць, дзе можна пачуць пра Бога і паглыбіць свае рэлігійныя веды.
    “Зараз у медыцынскай практыцы маецца нізлічоная колькасць выпадкаў, якія нельга растлумачыць выключна з навуковага пункту гледжання. Бог асцярожна праяўляе Сябе... – заўважае Вікторыя. – Кожны сам вырашае: верыць у вышэйшую сілу ці не. Але, трэба заўважыць, вера для медыкаў не пад забаронай, як было некалі”.
    Па словах дзяўчыны, урач, як святар, павінен захоўваць чужую таямніцу. Да гэтага абавязвае лекарская прысяга – клятва Гіпакрата. І, як святар, у любы час дня і ночы ўрач павінен быць гатовы аказаць патрабуючаму дапамогу. Іначай які з цябе спецыяліст?
    У дадзены момант Вікторыя вучыцца на 6-м, заключным курсе медуніверсітэта. Хутка прыйдзецца ўзняць ветразі і адправіцца па вірлівым моры свайго паклікання. Дзяўчына мае адважны настрой і, што важна, высакародную мэту – дапамагаць людзям. “Насамрэч, вельмі страшна, бо мала вопыту, – прызнаецца Вікторыя. – Але ўсё наперадзе! Спадзяюся, шмат чаму яшчэ навучуся. Мне здаецца, што галоўнае – любіць справу, якой займаешся, і тады абавязкова ўсё атрымаецца…”.