Святарскія канікулы

З жыцця Касцёла

У парафіі, у бацькоў, у пілігрымцы ці на ўлонні прыроды – так выглядае водпуск большасці ксяндзоў. Час адпачынку духавенства выкарыстоўвае, каб, аднавіўшы дух і цела, з запалам вярнуцца да сваёй штодзённай паслугі, каб яшчэ лепш служыць сярод тых, да каго скіраваў Касцёл дэкрэтам біскупа ардынарыя.
Права на адпачынак
    Адзін з каталіцкіх інтэрнэт-парталаў змясціў наступную гісторыю: “Пэўнае сужэнства пасялілася ў пансіянаце недалёка ад пляжа. Калі пара прыходзіла ў сталовую, каб падсілкавацца, заўсёды бачыла там мужчыну, які ўвесь час еў у адзіноце. Ляжаў на пляжы і шпацыраваў па беразе мора ён таксама без кампаніі. Гэта вельмі здзівіла сужэнцаў: мужчына сярэдніх гадоў, прыгожы, дагледжаны... але адзінокі! У нядзелю ўсё стала ясна. Гэты незнаёмы мужчына, які паводзіў сябе бездакорна, падчас Імшы заняў адрознае ад іншых вернікаў месца ў святыні – быў адным са святароў, якія стаялі пры алтары. Могуць узнікнуць пытанні: Ён саромеўся? Чаму не апранаў сутану ці, хаця б, каларатку? Адказ просты. Ксёндз – гэта звычайны чалавек, каторы, як і іншыя, хоча адпачыць, не прыцягваючы лішняй увагі.
Не з-за сораму ён апранаецца як свецкі, а з-за жадання згубіцца ў натоўпе, выкраіць час для сябе”.

Святар з’яўляецца святаром 24 гадзіны ў суткі без водпускаў і выхадных. Нават калі ён апрануты ў свецкае адзенне, надалей застаецца ксяндзом. Не мае таксама адпачынку ад малітвы і Эўхарыстыі. Ён святар заўсёды і ўсюды.

    Безумоўна, усе павінны адпачываць, таксама і святары. У Кодэксе кананічнага права сказана, што “яны (святары – заўв. аўт.) маюць права кожны год карыстацца водпускам неабходнай і дастатковай працягласці, акрэсленай універсальным ці патрыкулярным правам” (кан. 283, пар. 2). Самі духоўныя асобы падкрэсліваюць, што свой вольны час могуць праводзіць так, як ім падабаецца, аднак з захаваннем правіла “salus animarum suprema lex” (“хай будзе карысць душы вышэйшым законам”) і пры ўмове, што гэта будзе годным ксяндза.
   
    Цяжкасці адпачывання
    Канешне, духавенства не заўсёды мае шанс на летні адпачынак. У асноўным, у сувязі з ходам літургічнага года:
    да канца чэрвеня трываюць чэрвеньскія набажэнствы, на ліпень і жнівень у некаторых парафіях прыпадаюць адпусты, часта дадаюцца таксама работы, звязаныя з рамонтам ці будаўніцтвам святыні. З-за гэтага часу на адпачынак застаецца сапраўды няшмат. “Канікулы буду мець у раі, калі добры Бог прыме мяне туды”, – жартуюць некаторыя ксяндзы. Таму многія святары, асабліва пробашчы, на працягу многіх гадоў не вы- карыстоўваюць свой водпуск. Тым больш, што ў некаторых парафіях служыць толькі два, а часам нават адзін святар. А каб душпастыр мог выехаць у водпуск, яго павінен замяніць іншы.
 
Адно з самых частых пытанняў ад вернікаў – “Ці сапраўды ксяндзы ў водпуску адпраўляюць св. Імшу?”. Так, асабліва тыя, хто накіроўваецца адпачываць у іншую парафію, на рэкалекцыі ці ў пілігрымку. Некаторыя цэлебруюць св. Імшу прыватна. Бяруць з сабой набор, т. зв. “малы ксёндз”, у склад якога ўвахо- дзяць мініяцюрныя літургічныя начынні. Іншыя адпраўляюць св. Імшы ў парафіях, дзе знаходзяцца ў гэты час.

     Замена – нялёгкі занятак. Цяжка прадбачыць, як пройдзе гэты перыяд: спакойна ці раптам трэба будзе адправіць некалькі пахаванняў або шмат часу правесці ў канфесіянале. Аднак для парафіян гэта можа быць карысны і цікавы вопыт: іншы святар – іншы спосаб абвяшчэння казанняў і накладання епітым’і.
    Такім чынам, канікулы святара нялёгкія ў арганізацыі: трэба выгадаць час, знайсці замену, узяць з сабой шмат неабходных рэчаў (сутану, брэвіярый і інш.). Вернікам варта заўсёды памятаць пра права ксяндзоў на адпачынак, каб не выказваць беспадстаўных меркаванняў аб тым, ці яны ўвогуле павінны яго мець.