Кожны з нас – пілігрым

З жыцця Касцёла

Сэрца пілігрыма насычаецца ў дарозе ўражаннямі аж  да наступнай вандроўкі

Штодня мы крочым па знаёмым маршруце, дзе стартавай і фінішнай кропкай з’яўляецца дом. І ў кожнага ён свой непаўторны, але да болю родны. Час ад часу вытаптаная сцежка змяняецца новай дарогай: мы падарожнічаем, некуды выязджаем. І нават калі знаходзімся ў стане сну, не прыпыняемся. Як гэта? Зямля рухаецца вакол Сонца, а разам з ёй – і мы. Такім чынам штогадзінна пераадольваем шлях у Сусвеце працягласцю больш за 100 тысяч кіламетраў! Мы заўсёды ў руху. Змяняюцца толькі накірункі шляху, якія прапаноўвае жыццё. Старанна імкнёмся прытрымлівацца правільнага курсу, але не заўсёды атрымліваецца... Выходзім за межы, спатыкаемся. Часам даводзіцца вырвацца наперад, а часам – спыніцца, каб некага прапусціць. Парою стаім на раздарожжы, не ведаючы, куды рухацца. Нягледзячы на гэта, у кожнага ўжо даўно пракладзены свой шлях паклікання. Усведамленне ўласнай місіі дапамагае не збочыць з гэтай дарогі.
   Як і любы пілігрым, мы адчуваем смагу, прагнучы напіцца з крыніцы, зведваем стомленасць, жадаючы адпачыць. Але ўсё гэта хутка мінае, бо з’яўляецца часовым. У канцы падарожжа чалавек застанецца выключна з вынікам сваёй вандроўкі, пасля чаго ў яго непазбежна ўзнікнуць пытанні: ці задаволены я сваім шляхам? ці абапіраўся на мэту? увогуле, дзеля каго ці чаго я крочыў наперад? Каб потым не расчаравацца, варта ўжо зараз усур’ёз задумацца над тым, што нам не вядомы адрэзак вымеранага часу, а таму не мае сэнсу растрачвацца на дробязі. Трэба прызнаць, што калі б мы маглі лічыць жыццёвы шлях ад канца, усё было б зусім іначай...