Адкрыта і з радасцю прымаць пілігрымаў

З жыцця Касцёла

Людзі сустракаюць пілігрымаў са слязамі на вачах: іх сэрца радуецца за адважных сведкаў веры

Ёсць прыгожыя прыказкі: “Госць у дом, Бог у дом”, “Дзе госць, там і Бог ёсць”. Сапраўды, мы павінны прымаць кожнага чалавека як самога Госпада, з адкрытым і шчырым сэрцам запрашаць у свой дом таго, хто стаіць на парозе. Гаворачы пра вандроўнікаў, якія шукаюць месца для начлегу, маем таксама на ўвазе пілігрымаў, якія штогод пераадольваюць дзясяткі і нават сотні кіламетраў да святых месцаў.
Тэрэза, удзельніца пілігрымкі Гродна – Тракелі
    Кожная пілігрымка асацыіруецца ў мяне не толькі з доўгай дарогай, спякотным надвор’ем, апаленай скурай ды сцёртымі падэшвамі, але яшчэ з любячым і міласэрным Хрыстом. Яго сустракаю ў братах і сёстрах, што крочаць побач са мной, ды ў людзях, якія радасна вітаюць нас, пілігрымаў, і гасцінна прымаюць у сваіх дамах.
    Зазвычай жыхары мясцовасцей, праз якія даводзіцца праходзіць, добразычліва сустракаюць словамі: “Чакалі вас цэлы год!”. Хоць ёсць, канешне, і тыя, хто ставіцца да пілігрымаў скептычна, са здзіўленнем глядзяць на натоўп, які весела з песнямі шпацыруе за крыжом.
Памятаю, у першай пілігрымцы мне здавалася крыху дзікім пастукацца ў дзверы да незнаёмых людзей, папрасіць дазволу памыцца ды пераначаваць (хоць і было вядома, што для гаспадароў гэта не будзе неспадзянкай, бо яны загадзя рыхтаваліся нас прыняць). З часам навучылася пераадольваць свой старх, бо зразумела, што не варта саромецца людзей, якія адкрываюць перад незнаёмцамі не толькі дзверы, але і свае сэрцы, з лёгкасцю ідуць на кантакт і шчыра запрашаюць у дом. Лічу, што такая гасціннасць людзей – сапраўдны і прыгожы жэст хрысціянскай міласэрнасці.
   
    Іосіф, прымаў на начлег паломнікаў пілігрымкі Беласток – Гродна – Вільнюс
    Чаму наша сям’я адкрылася на гэты досвед? Па-першае, мы забяспечаны нармальнымі жыллёвымі ўмовамі, таму маем такую магчымасць. Па-другое, выхоўваем дваіх дзяцей і хочам ім паказаць, што можна нечым падзяліцца з другім чалавекам. Даць месца для сну, пачаставаць сняданкам і ахвяраваць частку свайго вольнага часу не будзе шмат каштаваць. А ўсведамленне таго, што прынёс некаму карысць, падорыць радасць і станоўчыя эмоцыі. Гэтае дабро пасля абавязкова вяртаецца. Па-трэцяе, лічым, што такі жэст з’яўляецца сведчаннем веры. Прыняць у сваім доме пілігрыма нібы прыняць Хрыста. Акрамя ўсяго, знаёмства з новымі людзьмі, цікавыя размовы за кубкам гарбаты – гэта сёння як глыток свежага паветра.
    Я думаю, што ўменне дапамагаць шмат можа сказаць пра чалавека, пра яго мараль, духоўную сталасць, узровень адказнасці. Таму вельмі важна навучыцца праяўляць сваю чалавечнасць і адкрытасць на патрэбы іншых людзей.
   
    Малгажата, удзельніца пешай экуменічнай пілігрымкі Беласток – Гродна – Вільнюс
    У пілігрымцы мне было дадзена сустрэць Езуса ў іншых людзях. Іх шчодрасць і гасціннасць уражвала. Хачу апісаць адно такое спатканне...
    Маруся вельмі ўсцешана прыбыццём пілігрымаў. У яе старой, схіленай хатцы няма ніводнага прыгожага прадмета. Можа, толькі 3 келіхі для лікёру, у якіх падае нам кампот. Стол ломіцца ад ежы. Ёсць рыба, паляндвіца, кабачковыя аладкі, наліснікі, памідоры. Вясвятляецца, што гэта Марусі мы павінны падзякаваць за тое, што дождж ліў толькі на працягу маленькага прамежку шляху, бо прасіла: “Пане Езу, не трэба, каб дажджыла. Ты ж ведаеш, што ідзе пілігрымка”. Маруся вучыць мяне цудоўнаму ў сваёй прастаце вершыку-малітве, які пачула яшчэ ад сваёй бабулі:
    Праз вёску Пан Езус крочыў, Ніводзін сабака Яго не ўкусіў.
    А я ў імя Яго імкнуся, Ніякіх сабак не баюся.
    Маруся прытуляецца да мяне. Шпацыруем разам. У садзе стаіць вялікі драўляны крыж. Яна расказвае, што зямля тут была неўрадлівай, а потым паставілі крыж, ксёндз асвяціў яго, і цяпер маюць добры ўраджай. Увесь наступны дзень у дарозе малюся за Марусю і яе сям’ю...
    З Вільні абяцала выслаць паштоўкі ўсім сем’ям, якія мяне прымалі. І аказалася, што Маруся запісала ў мой блакнот толькі інтэнцыі, а адрасу не пакінула. Я вельмі засмуцілася з-за гэтага. Прасіла Езуса, каб неяк дапамог. І здарыўся цуд. Маруся патэлефанавала мне праз 2 тыдні пасля пілігрымкі. Спыталася, як далейшая дарога. Я ўзяла яе адрас і выслала паштоўку з Маці Божай Вастрабрамскай ужо з Польшчы.
    Ці ў гэтым годзе зноў буду начаваць у Марусі? Так, таму што мяне паланілі яе вера і любоў да бліжняга.