Святы Дух прабывае ў душы кожнага хрысціяніна

З жыцця Касцёла

4 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, якая завяршае велікодны перыяд. Давайце разбяромся, чаму яна з’яўляецца адной з галоўных у літургічным календары, а таксама хто такі Святы Дух і як Ён дзейнічае ў душы верніка.
Чаму адзначаем урачыстасць Спаслання Святога Духа?
    На 50-ты дзень пасля Уваскрасення Збаўцы ў Іерусаліме ў Сіёнскай святліцы, дзе вучні Езуса сабраліся на малітву, узняўся шум з неба, як павеў моцнага ветру, і на кожным з іх затрымаліся языкі, быццам ад агню (параўн.: Дз 2, 2–3). Як і абяцаў Хрыстос перад сваім унебаўшэсцем, на Апосталаў у выглядзе вогненных языкоў сышоў Святы Дух – Суцяшыцель, які павінен завяршыць справу збаўлення чалавека.
    Адчуўшы вялікі прыліў унутраных сіл, натхненне і невымоўную радасць, вучні сталі гучна праслаўляць Бога. Вакол іх сабралася шмат народу. І тут выявілася, што Апосталы загаварылі на невядомых ім мовах. Нягледзячы на тое, які разнастайны быў натоўп, кожны чуў сваю мову. І тады апостал Пётр прамовіў першую пропаведзь, у якой растлумачыў сабраным, што праз спасланне Святога Духа спраўдзілася старажытнае прароцтва. Заклікаў прысутных пакаяцца і прыняць хрост у імя Езуса Хрыста. Да вечара гэтага дня колькасць вернікаў узрасла да 3-ох тысяч чалавек. З таго часу ўрачыстасць Спаслання Святога Духа лічыцца днём нараджэння Касцёла.

   Як ушаноўваем успамін гістарычнай падзеі?
    Раней у Італіі ў памяць пра цуд сыходжання вогненных языкоў было прынята раскідваць пялёсткі руж са столі святынь, у сувязі з чым урачыстасць называлася “Pasqua rosatum” (“Вялікдзень руж”). У Францыі падчас набажэнства дзьмулі ў трубы на ўспамін гуку моцнага ветру, які суправаджаў спасланне Святога Духа. У Вялікабрытаніі праводзілі шэсці, так званыя “Whit Walks” (“Духаўскія прагулкі”). Як правіла, у іх удзельнічалі духавыя аркестры і хоры. Дзяўчынкі, якія суправаджалі шэсце, былі апрануты ў белае. Таксама ладзілі “Духаўскія кірмашы”, званыя яшчэ “Траецкімі элямі”, дзе варылі піва, танцавалі марэску, праводзілі сырныя гонкі і турніры лучнікаў.
   
Усе мы павінны складаць еднасць у Езусе Хрысце праз Святога Духа.

У сакраманце канфірмацыі кандыдаты ўзбагачаюцца асаблівай сілай Святога Духа    Ва ўсходнеславянскай народнай традыцыі ўрачыстасць Спаслання Святога Духа называецца Сёмухай, бо святкуецца ў 7-ую нядзелю пасля Вялікадня. У Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы існуе звычай упрыгожання святынь галінкамі ліставых дрэў (галоўным чынам бука, бярозы, ліпы і лістаўніцы) і палявымі кветкамі на знак таго, што Святы Дух абнаўляе чалавека, дзякуючы чаму ён пачынае расквітаць. У некаторых рэгіёнах Польшчы бытуе традыцыя дэкаравання зелянінай уласных дамоў, т. зв. “маенне”. Гэты звычай асабліва распаўсюджаны ў парафіях, дзе на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа прыпадае адпуст.
   
    Кім або чым з’яўляецца Святы Дух?
    Некаторыя ўспрымаюць Святога Духа як нейкую фантастычную сілу, безаблічную энергію, руку ці подых Усемагутнага. У Бібліі ясна сцвярджаецца, што Святы Дух – гэта Асоба Бога, які Трыадзіны. Гэтую галоўную праўду наўрад удасца спасцігнуць розумам – трэба прыняць з пакорай. Вельмі важна ў яе паверыць, таму што нельга па-сапраўднаму ўшаноўваць Святога Духа, калі не лічыць Яго Асобай Бога. Праз няпоўнае ўспрыманне боскай таямніцы чалавек ненаўмысна зневажае Тройцу.
    Чым яшчэ вернік здольны абразіць Святога Духа? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла пералічаны грахі супраць Яго: грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць; адчайвацца альбо сумнявацца ў Божай ласцы; супраціўляцца спазнанай праўдзе веры; зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку; закамянела трываць у грахах, адкладваць пакаянне аж да смерці.
  Праз воды хросту ў душы з’яўляецца новае, звышнатуральнае жыццё – асвячаючая ласка  Згодна Евангеллю, чалавеку не будзе прабачаны грэх знеслаўлення Святога Духа – свядомае адкідванне відавочнага дзеяння Божай ласкі. “Усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе. І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Святога Духа, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым” (Мц 12, 31–32). Пад знеслаўленнем Святога Духа Хрыстос меў на ўвазе абразу свайго Боства, пад знеслаўленнем Сына – свайго чалавецтва. Аб тым, наколькі страшны гэты грэх, сведчыць тое, што збаўлення можа быць пазбаўлены нават хто чыніць так несвядома.
   
    Калі Святы Дух пасяляецца ў нашай душы?
    Згодна вучэнню каталіцкага Касцёла, нараджэнне чалавека ў Святым Духу адбываецца падчас хросту. У гэты момант Найсвяцейшая Тройца нібы стварае дом у душы свайго стварэння. Узбагачэнне сілай Святога Духа ажыццяўляецца праз сакрамант канфірмацыі, калі Ён сыходзіць на хрысціяніна і ўдзяляе свае дары. Усе святары атрымліваюць асаблівую ласку Святога Духа ў сакраманце пасвячэння. Праз яе прыпадабняюцца да Хрыста – Святара, Настаўніка і Пастыра.
   
Святы Дух ніколі не пакідае нас, хоць самі мы па грахоўнай прыродзе можам пакінуць Яго.

    Такім чынам, Святы Дух жыве ў нас! Але Ён прысутны толькі ў той душы, якая знаходзіцца ў стане ласкі, сяброўстве з Усявышнім. Чалавек губляе гэтую ласку, калі па сваёй волі выбірае тое, што моцна супярэчыць Божаму закону (смяротны грэх).
    У адной з апошніх гамілій Святы Айцец Францішак падкрэсліў, што трэба маліцца аб дары адкрытага сэрца, бо інакш “Святы Дух не зможа ў яго ўвайсці”.
    Папа таксама прапанаваў задаць сабе вельмі важнае пытанне: “Ці стараюся слухаць Святога Духа, Яго натхненне, каб ісці наперад у хрысціянскім жыцці і сведчыць, што Езус з’яўляецца Панам?”.
   
    Як Святы Дух дзейнічае ў нас?
    Той факт, што Святы Дух жыве ў нас, не гаворыць аб тым, што можам выкарыстоўваць Яго – гэта Дух выкарыстоўвае нас. Яго дары з’яўляюцца інструментамі, дзякуючы якім мы ў садзеянні з Усемагутным будуем Яго Валадарства. “Дары Святога Духа – пастаянная гатоўнасць, якая робіць чалавека здольным пайсці за Божым натхненнем” (ККК, 1830). Гэтых дароў 7:
    мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, набожнасць, боязь Божая.
 З моманту пасвячэння святары назаўсёды адкрываюць свае сэрцы на Духа   “Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ў тым жа Духу; іншаму – моц чыніць цуды, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моваў. А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае” (1 Кар 12, 8–11). І таму калі нехта просіць аб пэўных дарах, павінен памятаць, што Бог усё бачыць наперад і чыніць у чалавеку на сваё ўпадабанне, для карысці і плёну.
    Замест таго, каб імкнуцца атрымаць Святога Духа, варта, найперш, быць зацікаўленымі цалкам аддацца Яму ва ўладу. Абсалютны давер Святому Духу дазваляе дзейнічаць у сэрцы верніка з каласальнай моцай. Квітнеючы сад у душы паступова выспявае і прыносіць чалавеку і супольнасці багатыя плады: любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, спагадлівасць, дабрыню, велікадушнасць, вернасць, лагоднасць, сціпласць, умеркаванасць, чыстасць. Даверымся ж Святому Духу, дазволім Яму дзейнічаць у нас на хвалу Пану!