Дыяцэзіяльная перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай

З жыцця Касцёла

Урачыстая падзея распачнецца акурат у 100-ую гадавіну аб’яўленняў Нябеснай Каралевы ў Партугаліі. “Мы зноў будзем мець магчымасць узгадаць змест фацімскага паслання, каб узмацніць нашу барацьбу са злом і наблізіць трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі”, – зазначае ў паведамленні на дыяцэзіяльную перэгрынацыю фігуры Маці Божай біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Водгалас мінулага
    Першая перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Беларусі была прысвечана 80-годдзю аб’яўленняў Марыі ў Партугаліі. Спецыяльна да юбілею кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў і прывёз з фацімскай зямлі фігуру Маці Божай, якая з мая 1997 года па верасень 1998 года пілігрымавала па касцёлах і капліцах Беларусі.
    Перад перэгрынацыяй вернікі краіны рыхтаваліся да прыняцця фігуры Марыі праз місіі і рэкалекцыі, пазнаючы змест і сутнасць фацімскага паслання.
Непасрэдна самі дні наведвання фігуры ў парафіяльных супольнасцях былі звязаны з моцнымі перажываннямі, якія ўносілі святло і надзею ў людскія сэрцы. Вернікі ўшаноўвалі Маці Божую праз дзённае і начное малітоўнае чуванне, св. Імшу, Камунію, працэсію са свечкамі. Па словах ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, “гэта быў час Матчыных указанняў і перасцярог для заблукалых, суцяшэння і ўмацавання для слабых і яўпэўненых”.
   
    У экуменічным духу
   
Урачыстае распачацце дыяцэзіяльнай перэгрынацыі да 100-годдзя аб’яўленняў Марыі ў Партугаліі адбудзецца ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне 13 мая.
   
    10.00 – канферэнцыя на тэму “Актуальнасць культу Маці Божай Фацімскай” (a. д-р Віталій Сярко SP);
    11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту;
    12.00 – св. Імша з асвячэннем фігуры Маці Божай Фацімскай i распачацце перэгрынацыі.
   
    Запрашаюцца святары, манахі і манахіні, а таксама вернікі дыяцэзіі.

  Вышэйшае духавенства ў працэсіі з марыйнай фігурай 20 гадоў таму  На пачатку перэгрынацыі кардынал Казімір Свёнтэк заўважыў: “Я перакананы, што гэтая пілігрымка Маці Божай Фацімскай у Яе фігуры ажывіць рэлігійнае жыццё краю, наблізіць людзей да Бога і паспрыяе збліжэнню ўсіх веравызнанняў”.
    І сапраўды. Да ўшанавання Маці Божай вельмі часта далучаліся вернікі праваслаўнай Царквы. “На мяжы парафіі Міжэрычы, у вёсцы Аляксандраўшчына (Слонімскі дэканат – заўв. аўт.), дзе ў большасці жывуць праваслаўныя, людзі выслалі дыван з кветак плошчай 50 метраў і паставілі алтар, пры якім адбыўся не прадугледжаны праграмай паўгадзінны прыпынак, – успамінае а. Ян Банькоўскі OFMCap. – Вернікі са слязамі на вачах маліліся і спявалі праваслаўныя марыйныя песні. У самім касцёле ў Міжэрычах падчас адарацыі была рызначана спецыяльная гадзіна малітвы для праваслаўных хрысціян, якія ў вялікай колькасці прыбылі ў святыню. Пазней яны з радасцю неслі фігуру падчас працэсіі, замяняючыся з іншымі групамі вернікаў. На наступны дзень па дарозе ў парафію Дзявяткавічы ў вёсцы Дзергелі праваслаўныя ўсталявалі палявы алтар, на якім была выстаўлена фігура. З пачуццём лыбокай пашаны з ёй развітваліся ўсе вернікі: як католікі, так і праваслаўныя”. У падобнай атмасферы праходзіла перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай ва ўсіх парафіях Беларусі.
    Падзея сапраўды насіла выключны характар, так як праваслаўная Царква на афіцыйным узроўні да сённяшняга дня не прызнае аб’яўленні ў Фаціме. Але вера ў заступніцкую моц Маці Божай перад Яе Сынам здолела аб’яднаць шматлікіх вернікаў, незалежна ад анфесійнай прыналежнасці, і нават атэістаў. “Наведванне фігуры Маці Божай сустрэлася з вялікай зацікаўленасцю няверуючых, абыякавых да рэлігіі і вызнаўцаў іншых рэлігій, якія жывуць у нашай парафіі. Можна сказаць, што Марыя сабрала вакол сябе шмат людзей, асабліва пры сваім прывітанні і падчас св. Імшаў на пачатак і развітанне”, – запісана ў памятнай кнізе, якая спадарожнічала фацімскай фігуры ў яе пілігрымцы па Гродзенскай дыяцэзіі, парафіянамі касцёла ў Кемелішках (Астравецкі дэканат).
   
    Трыумф Сэрца Маці Божай
   
ПРАГРАМА ПЕРЭГРЫНАЦЫІ ФІГУРЫ МАЦІ БОЖАЙ ФАЦІМСКАЙ У ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
   
    13 мая – 26 мая: дэканат ШЧУЧЫН
    26 мая – 8 чэрвеня: дэканат РАДУНЬ
    8 чэрвеня – 18 чэрвеня: дэканат ІЎЕ
    18 чэрвеня – 26 чэрвеня: дэканат АШМЯНЫ
    26 чэрвеня – 9 ліпеня: дэканат АСТРАВЕЦ
    9 ліпеня – 19 ліпеня: дэканат СМАРГОНЬ
    19 ліпеня – 3 жніўня: дэканат ЛІДА
    3 жніўня – 10 жніўня: дэканат НАВАГРУДАК
    10 жніўня – 17 жніўня: дэканат ДЗЯТЛАВА
    17 жніўня – 25 жніўня: дэканат СЛОНІМ
    25 жніўня – 2 верасня: дэканат МАСТЫ
    2 верасня – 14 верасня: дэканат ВАЎКАВЫСК
    14 верасня – 20 верасня: дэканат БЕРАСТАВІЦА
    20 верасня – 27 верасня: дэканат САПОЦКІН
    27 верасня – 9 кастрычніка: дэканат ГРОДНА-УСХОД
    9 кастрычніка – 22 кастрычніка: дэканат ГРОДНА-ЗАХАД

    У Гродзенскай дыяцэзіі фігуру Марыі перавозілі з парафіі ў парафію спецыяльным аўтамабілем-капліцай, які арганізаваў бр. Альбін з Супольнасці Братоў Самарыцян з Дзярэчына (Слонімскі дэканат). Пілігрымка доўжылася з чэрвеня па лістапад 1997 года. Затым фігура прабывала ў семінарыйнай і манастырскіх капліцах, гродзенскай катэдры. У маі 1998 года там адбыліся святкаванні, звязаныя з заканчэнем перэгрынацыі ў родзенскай дыяцэзіі, пасля чаго фігура была ўрачыста перададзена ў мінскую архікатэдру. Там адбыўся акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай. “Святая Марыя! – прамовіў кардынал Казімір Свёнтэк. – Аддаю Табе ўсе парафіі, усе святыні, капліцы, усіх святароў і манахаў, увесь гэты верны люд Божы. Будзь поўнай гаспадыняй ва ўсіх святынях і дамах”.
    Зараз фігура Маці Божай знаходзіцца ў пінскай катэдры, як напамін аб заўсёды актуальным фацімскім пасланні.
   
    Другое прывітанне Марыі ў фацімскай фігуры
   
Падчас агульнабеларускай перэгрынацыі ў 1997–1998 гг. Маці Божая ў фацімскай фігуры наведала 45 парафій у Пінскай дыяцэзіі, 154 парафіі ў Гродзенскай дыяцэзіі і 117 парафій у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

    І вось мінула ўжо 20 гадоў. Змянілася пакаленне вернікаў, Касцёл у краіне перажыў духоўнае адраджэнне. Маці Божая ў фацімскай фігуры імкнецца зноў дакрануцца да дыяцэзіян, каб блаславіць іх на далейшыя справы на хвалу Бога.
    Варта нанова адкрыцца на паўторнае прышэсце Найсвяцейшай Панны. Перад прыняццем у парафію перэгрынацыйнай фігуры (за 9 дзён) рэкамендуецца распачаць Навэнну да Маці Божай з Фацімы. Асаблівым знакам падрыхтоўкі таксама павінен стаць удзел у сакрамантах пакаяння і Эўхарыстыі. Належыць узгадаць плён мінулай перэгрынацыі (навяртанні, паяднанні, духоўныя аздараўленні, перапрашэнні, падзякі, просьбы і інш.), прынятыя пастанаўленні. Усё гэта павінна абудзіць прагу сэрца да далейшага духоўнага дасканалення.
    Завяршэнне перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай адбудзецца ў гродзенскай катэдры 22 кастрычніка. Пачатак св. Імшы ў 12.00. Пасля ўрачыстай літургіі фігура застанецца ў святыні.