Разам пракладваем дарогі надзеі

З жыцця Касцёла

ХХХІХ Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю Тэзэ, адбылася ў Рызе (Латвія). Яе тэмай было далучэнне маладога пакалення да справы супакою і салідарнасці ў свеце. На сумесную малітву 28 снежня – 1 студзеня сабралася каля 15-ці тысяч асоб з Еўропы і іншых кантынентаў. У іх ліку 250 чалавек з Беларусі, 100 – з Гродзенскай дыяцэзіі.
Беларускія валанцёры
    У сёлетнюю сустрэчу ўпершыню ў якасці валанцёраў уключылася моладзь з Гродзенскай дыяцэзіі. У склад групы ўвайшлі 7 чалавек. Яны дапамагалі ў рэгістрацыі і прыёме пілігрымаў. “Мы рассялялі ўдзельнікаў сустрэчы па школах, – распавядае Алена Харольская. – Было нялёгка кожную раніцу ўставаць раней за ўсіх, будзіць пілігрымаў, карміць іх сняданкамі, а потым самой збірацца за пару хвілін і бегчы на малітву. Увечары валанцёры клаліся спаць позна, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку. Але яно таго каштавала! Прыемна, калі ў пакой заглядала моладзь і прапанавала сваю дапамогу”. Алена прызнаецца, што з-за рыжскага сырога клімату ў яе некалькі дзён трымалася высокая тэмпература. Прыйшлося звярнуцца да сяброў з просьбай аб малітве. Хутка здароўе паправілася, і дзяўчына адчула сябе лепей.

 Хрыстос злучае ўсіх людзей у адну сям’ю   “Мяне цешыць, што наша моладзь хоча і здольная служыць іншым”, – адзначае душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоній Грэмза. Ён таксама ўдзельнічаў у спатканні. Упершыню трапіў на такую сустрэчу ў 2005 годзе ў Мілане (Італія). З таго часу сустракае Новы год у духу Тэзэ рэгулярна. “Гэта добрая нагода для інтэграцыі моладзі, шлях да з’яднання маладых хрысціян Еўропы. Падобныя сустрэчы наглядна дэманструюць той факт, што сённяшні свет не мае межаў”, – дадае кс. Антоній. Заўважае, што ўсё больш маладых людзей з Беларусі натхняюцца атмасферай Тэзэ. У вялікіх парафіях арганізуюцца сустрэчы ў духу экуменічнай супольнасці, у якіх моладзь ахвотна прымае ўдзел. Душпастыр рэкамендуе тым, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з Тэзэ, хоць аднойчы пабываць у французскай вёсцы, дзе пражывае супольнасць. Браты заўсёды з адкрытасцю і прыхільнасцю прымаюць пілігрымаў.
   
Рыга – горад з моцнай лютэранскай традыцыяй, глыбокімі сувязямі паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі.
   
   Тысячы еўрапейцаў сустракаюць надыходзячы год,  трываючы на экуменічнай малітве Гасцінная Рыга
    Большасць беларусаў наведалі Латвію ўпершыню. Маладыя людзі з цікавасцю разглядалі рыжскую архітэктуру, дзе, дарэчы, было на што паглядзець. Гістарычны цэнтр сталіцы Латвіі ўнесены ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА за “выдатную ўсеагульную каштоўнасць”. “Гэты горад нечым нагадаў мне Кракаў з яго старымі вузкімі вулачкамі, – прызнаецца Антон Яскевіч. – На экскурсіі адзначыў, наколькі розныя паміж сабой хрысціянскія святыні. Пра знешняе непадабенства цяжка нешта гаварыць, бо яшчэ 300 гадоў таму будынкі кірхаў былі касцёламі. Адрозніваецца ўнутранае ўбранства святынь. У пратэстантаў яно даволі сціплае. Няма абразоў. У калядны перыяд мы нават стаенкі не заўважылі. У касцёлах жа ўсё наадварот... Але што цікава: разыходжанні паміж вернікамі зусім не адчуваюцца. Здавалася, на першы погляд, «свае», а пазней высвятлялася, што людзі належаць да другой канфесіі. Не было ніякіх бар’ераў! Сэрца поўнілася радасцю, што мы такія розныя, але разам”.
    Беларуская моладзь адзначыла адкрытасць і шчырасць з боку латышоў, якія прымалі іх на начлегі. Мясцовыя жыхары імкнуліся прыняць пад сваім дахам як мага больш людзей, старанна клапаціліся аб тым, каб гасцям усяго ставала. “Наш гаспадар не дазваляў мыць за сабой посуд! – распавядае с. Віргінія CSFN. – У яго доме адчувалі сябе важнымі гасцямі. Карліс гатаваў для нас смачныя сняданкі, абеды і вячэры. Клапаціўся аб тым, каб не праспалі і своечасова прыбылі да вызначанага месца. Суправаджаў у дарозе. Быў уважлівы, як любячы бацька! Вера чалавека праяўлялася праз служэнне ў простых паўсядзённых рэчах... Дарэчы, сам ён праваслаўнага веравызнання. Маці – каталічка, бацька – лютэранін. Як згадваў, яго жыццё поўнасцю перавярнула пілігрымка з мамай у Меджугор’е, пасля чаго мужчына адкрыў для сябе новую рэальнасць і ахрысціўся”.
   
Кожны тыдзень моладзь з розных кантынентаў наведвае Тэзэ, каб прыняць удзел у жыцці супольнасці.
   
   Тыднёвыя міжнародныя спатканні ўключаюць размовы ў малых групах на евангельскія тэмы Выхад за межы звыклага
    Падчас медытацый у групах моладзь заахвочвалася да будаўніцтва міжчалавечых мастоў, для чаго не патрэбны незвычайныя сродкі. Дэвізам спатканняў былі словы: “Выбіраць жыццё ў прастаце, каб дзяліцца з іншымі”. Маладыя людзі выступалі з асабістымі сведчаннямі, што датычаць жыццёвых драм ці адносін паміж навукай і верай.
    “Я ўпершыню апынулася ў вялікай кампаніі людзей розных канфесій, – распавядае с. Аляксандра CSFN. – Мела магчымасць выйсці за межы «камфортных» зносін і пазнаёміцца з баптыстамі, лютэранамі. Гэта было незвычайна! Дагэтуль я жыла з думкай «якія мы розныя», а зараз зразумела, што вельмі падобныя паміж сабой. Робім адну і тую ж добрую справу – праслаўляем Стварыцеля. Мне нават захацелася пазнаёміцца з людзьмі іншых веравызнанняў у сваёй мясцовасці, пачаць з імі кантактаваць. Упэўнена, што вера аб’ядноўвае і дапамагае выбудаваць паміж людзьмі добрыя адносіны”.
    Музычнае афармленне падчас малітваў дапамагала ўвайсці ў атмасферу засяроджанасці для размовы з Богам. Дарэчы, богаслужбовая музыка з’яўляецца адметнай асаблівасцю экуменічнай супольнасці і адлюстроўвае яе духоўную прыроду. Моладзь задавала сабе пытанні наконт матываў і паводзін, што датычаць сведчання веры і ўчынкаў у адносінах да бліжніх. Кульмінацыйным момантам сустрэчы стала вячэрняя малітва аб міры і навагодняе “свята народаў”.
   
Больш за 100 тысяч маладых людзей сабралі экуменічныя сустрэчы ў 1992 годзе ў Вене (Аўстрыя) і ў 1994 годзе ў Парыжы (Францыя).
   
    Божы Провід
    “Памятаю, як ва ўрачыстасць Святой Сям’і вельмі хацелі прыняць удзел у Эўхарыстыі, – дзеліцца с. Вірігінія CSFN. – Мы як сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта асаблівым чынам ушаноўваем гэтае свята. І вось гуляем у горадзе і заходзім у касцёл, дзе якраз распачынаецца св. Імша з удзелам польскіх пілігрымаў. Як гаворыцца, выпадковасць – Божы псеўданім. Былі бязмежна рады такому ходу падзей. Адчувалі, як у гэты час былі адкрыты нябёсы...”.
    У першы дзень Новага 2017 года Рыга развіталася з маладымі людзьмі, якія на працягу 4-ох дзён маліліся і дзяліліся сваёй верай з прысутнымі. Чарговае еўрапейскае спатканне ў духу Тэзэ адбудзецца на мяжы 2017 і 2018 года ў Базылеі (Швейцарыя). Прыёр экуменічнай супольнасці брат Алоіз Лазэр патлумачыў, што такім чынам пасля Валенсіі і Рыгі гэтая падзея вернецца ў цэнтр Старога кантынента. Яна будзе прымеркавана да 500-годдзя Рэфармацыі, важным асяродкам якой была менавіта Швейцарыя.
   
    Традыцыйныя навагоднія сустрэчы ў духу Тэзэ супольнасць арганізоўвае з 1978 года. Звычайна яны праводзяцца ў адным з буйных гарадоў Еўропы. Тыпічны расклад моладзевага спаткання ўключае малітвы, чуванні, роздумы ў цішыні, тэматычныя семінары, абмеркаванні ў групах. Калядныя сустрэчы рыхтуюцца намаганнямі мясцовых парафій і сямей вернікаў горада-арганізатара. Прызначаны для тых, хто любіць глыбокую малітву і духоўнае разважанне.