Бэтлеемскі агонь прыбудзе ў Гродна

З жыцця Касцёла

Бэтлеемскі агонь аб’ядноўвае не толькі жыхароў шматлікіх краін, але і прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій

21 снежня ў катэдральную базіліку св. Францішка Ксаверыя будзе дастаўлена святло супакою з зямлі, дзе нарадзіўся Хрыстос.
    Урачыстая падзея адбудзецца ў сэрцы дыяцэзіі ў 19-ты раз.
Бэтлеемскі агонь супакою штогод запальваецца ад нязгаснай лампады ў Гроце Нараджэння Пана. Па традыцыі гэта робіць дзіця, якое асаблівым чынам вылучылася сярод сваіх аднагодкаў. У гэтым годзе тытулам “дзіця міру” была адзначана 12-гадовая Мэлані Вальтэр. Вучаніцу музычнай школы настаўнікі і сябры лічаць “прыкладам любові да бліжняга і абаронцай міру”. Затым агонь самалётам дастаўляецца ў Вену (Аўстрыя). Падчас экуменічнага набажэнства ён перадаецца дэлегацыям скаўтаў з усяго свету. Праз памежжы Чэхіі і Польшчы агонь трапляе ў Беларусь. А затым уручаецца скаўтам з Расіі.
Адметна, што гродзенская святыня з’яўляецца першай (за выключэннем гэтага года) на беларускім шляху эстафеты перадачы святога агню. Пасля прыбыўшыя скаўты развозяць яго ў навакольныя парафіі і перадаюць далей ва ўсе касцёлы краіны.
   
Упершыню акцыя “Бэтлеемскі агонь супакою” была арганізавана ў 1986 годзе ў Лінцы (Аўстрыя) як частка каляднай дабрачыннай акцыі для дзяцей-інвалідаў і ўбогіх. Тады яна называлася “Святло ў цемры”. Пасля ініцыятыву падхапілі аўстрыйскія скаўты, пачаўшы разносіць агонь у бальніцы, дзіцячыя дамы, адміністрацыі. З 1997 года Бэтлеемскае святло міру перадаецца з Вены ў еўрапейскія краіны, на амерыканскі кантынет і нават за палярны круг.

    Бэтлеемскі агонь урачыста ўносіцца ў касцёл у поўнай цемры на знак святла, які сваім нараджэннем унёс у змрок сусвету Хрыстос. Ён прыйшоў, каб збавіць чалавецтва, таму агонь з Бэтлеема, дзе Ён з’явіўся на свет, называюць агнём супакою. Святары заўважаюць, што да бэтлеемскага агню не варта ставіцца як да містычнай з’явы. Гэты сімвалічны жэст мае, перадусім, глыбокі духоўны сэнс. Агеньчык запальваецца на знак надзеі і любові. Нагадвае аб тым, што ўсе мы з’яўляемся адной хрысціянскай сям’ёй. Полымя – гэта таксама сімвал веры, якая павінна гарэць у сэрцы чалавека. І каб яна не гасла, трэба дзяліцца ёю з акружаючымі.
    Кожны вернік можа прынесці агеньчык гэтага святла дадому і паставіць на вігілійным стале. Тым самым ён раздзяляе са сваімі блізкімі радасць ад нараджэння Збаўцы.