Цвярозыя целам і душой

З жыцця Касцёла

Сустрэчы аб’ядноўваюць членаў душпастырства, надаюць сілы і ўпэўненасць у сабе

Алкаголь, наркотыкі, азартныя гульні… Трапіўшы ў пастку, чалавек рана ці позна пачынае шукаць выхад. А ён адзін – пастаянна змагацца са спакусай. У Гродзенскай дыяцэзіі дзейнічае адзінае ў Беларусі душпастырства цвярозасці, якое апекуецца залежнымі людзьмі. Яго мэта – дапамагчы ім прыйсці або вярнуцца да Бога, якога “прыбралі” са свайго жыцця, бо нібы замінаў жыць так, як хацелася. Цяпер жа Ён – адзінае іх выратаванне.
Перадусім,
   цвярозасць душы

    Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі існуе з 2002 года. Дэкрэтам кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча яго душпастырам быў прызначаны кс. Аляксандр Пятровіч. Пасля яму дапамагаў а. Андрэй Урублеўскі, кс. Мікалай Ціхановіч... А распачаў працу з залежнымі людзьмі яшчэ ў канцы 1990-х гадоў кс. Марыюш Ільяшэвіч, які арганізаваў першыя ў Беларусі рэкалекцыі цвярозасці ў лаздунскай парафіі, дзе быў пробашчам (Іўеўскі дэканат). Як успамінаюць сведкі тых падзей, мясцовыя жыхары закрывалі дамы, хавалі каштоўныя рэчы, калі пачулі, што прыедуць ананімныя алкаголікі. Не разумелі... Ды і самі ўдзельнікі не да канца ўсведамлялі, навошта яны збіраюцца і для чаго ўсё гэта патрэбна. Па прыездзе пілі каву, размаўлялі. А касцёл... Гэта абавязкова?
Паступова цікавасць з двух бакоў наспявала. Вясной 2001 года адбыліся першыя ўсебеларускія рэкалекцыі ў Баранавічах (і трэція падобныя ў Беларусі). Цяпер яны арганізоўваюцца 2 разы на год.
    Затым – рэкалекцыі ў Браславе, якія праводзяцца з лета 2002 года. “Гэта незвычайны час, – распавядае Пётр. – Мы ставім палаткі, разводзім вогнішча. Нішто лішняе не адцягвае ўвагу. Прадстаўляецца цудоўная магчымасць засяродзіцца на сваім унутраным стане. Становішся больш адкрытым на бліжняга, заўважаеш яго патрэбы.
    А яшчэ гэта добрая нагода, каб адпачыць на ўлонні прыроды”. Некалькі гадоў запар арганізатары ладзяць спаборніцтвы па валейболе, запрашаюць бардаў і рок-музыкантаў, якія прыязджаюць у Браслаў на фестываль.
    Дзякуючы кс. Яраславу Грынашкевічу, рэкалекцыі цвярозасці наладжаны і ў Гродне. “Гэта ён быў ініцыятарам іх правядзення, – успамінае Юрый Гапонік, адказны за душпастырства цвярозасці ў Гродзенскай дыяцэзіі. – Неяк цікавіўся ў мяне пра рэкалекцыі ў Баранавічах.
    У размове высветлілася, што жадаючых прыехаць на іх нашмат больш, чым саміх удзельнікаў. Святар падумаў і сказаў: «З прадуктамі харчавання “Карытас” дапаможа?! Сёстры назарэтанкі абед прыгатуюць?! Людзей на начлегі возьмеце?! Што яшчэ патрэбна? Дык уставай і пачынай дзейнічаць»”.
    У мінулыя выхадныя рэкалекцыі цвярозасці ў Гродне прайшлі ўжо ў 14-ты раз. “Планавалася, што сустрэчы будуць адбывацца на дыяцэзіяльным узроўні, – заўважае Юрый. – Але ўжо з самага пачатку яны атрымаліся ўсебеларускімі, а потым – і міжнароднымі. Штогод на іх прыязджаюць літоўцы, расіяне, палякі”.
   
    Цела лячыць лягчэй, чым душу
    Праграма кожных рэкалекцый нязменная: прывітанне, св. Імша на ўрачыстае адкрыццё, адкрытыя і закрытыя сходы, канферэнцыя, якую прамаўляе святар, Крыжовы шлях для залежных людзей і іх сем’яў, падрыхтоўка да сакраманту пакаяння, споведзь, св. Імша на заканчэнне, абмен уражаннямі і падвядзенне вынікаў. “Калі бачым, што чалавек прыехаў упершыню, удзяляем яму асаблівую ўвагу, – падкрэслівае Юрый. – Увогуле, рэкалекцыі праходзяць у цёплай, дамашняй атмасферы. І людзі тут іншыя... Як гаварыў Марк Твэн, «моцны не той, хто не ўпаў, а хто, упаўшы, змог падняцца». Чалавек, які здолеў устаць з гразі, зусім па-іншаму і да Бога адносіцца, шануе тое, што мае ў жыцці. Ведаю сотні прыкладаў, калі далёкія ад веры людзі дзякуючы рэкалекцыям пачыналі маліцца. У нас ёсць удзельнікі, якія ў 30 гадоў хрысціліся. Шлюбы былі...”.
    У мінулым годзе ўзнікла ідэя арганізаваць рэкалекцыі цвярозасці для сямей з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў. Яны ўпершыню адбыліся пад Браславам. “Прыязджала псіхатэрапеўт з Польшчы, – распавядае Тэрэса. – Дзякуючы ёй я стала лепш разумець мужа, чаму ён паступае менавіта так, ане інакш. Ніколі не задумвалася, як можна змяніць сябе, сваё жыццё. А тут столькі падказак! Стала лягчэй дыхаць, я даверылася Богу. І хоць паходжу з рэлігійнай сям’і, пачала глыбока разважаць над сутнасцю веры толькі на рэкалекцыях. Памятаю, як жыла ад адных духоўных практыкаванняў да другіх. Цяпер эйфарыя прайшла, сэрца суцішылася. Але я не менш жадаю наступнай нагоды аднавіць душу”. У бягучым годзе рэкалекцыі для сямей паўтарыліся, так як ідэя была з задавальненнем падтрымана ўдзельнікамі.
    “Трэба разумець, што залежнасць ад алкаголю або наркотыкаў – хвароба невылечная, – заўважае Юрый. – Няма выздараўлення, ёсць выздараўліванне. Гэта хвароба цела, розуму і душы. Лягчэй за ўсё лячыць цела, цяжэй – розум, і вельмі цяжка – душу.
    На рэкалекцыях мы лечым душу. А паколькі канчатковага выніку не існуе, людзі, разумеючы, што маюць патрэбу ў пастаяннай падтрымцы, прыходзяць сюды і застаюцца”.
   
    Сведчыць, каб папярэдзіць іншых
    Раней сустрэчы членаў супольнасці адбываліся рэгулярна ў кожную 3-ю нядзелю месяца. У пабрыгіцкім касцёле была св. Імша, а затым – канферэнцыя. Зараз удзельнікі падтрымліваюць сувязь паміж сабой праз тэлефон і інтэрнэт. Раз на 2-3 месяцы адбываюцца чарговыя рэкалекцыі, якія з’яўляюцца нагодай, каб сустрэцца.
    Ужо на працягу 12 гадоў у Лідзе ладзяцца калядныя спатканні для членаў душпастырства. Па традыцыі яны адбываюцца ў першыя выхадныя пасля праваслаўнага Божага Нараджэння. У суботу арганізоўваецца культурна-забаўляльная праграма, а ў нядзелю – св. Імша ў інтэнцыі цвярозасці нашага народа і сустрэча са святаром.
    Некаторыя пробашчы падчас Адвэнту або Вялікага посту запрашаюць удзельнікаў душпастырства ў свае парафіі. Тыя прыязджаюць, каб даць сведчанне выздараўлівання. “Цяпер такія спатканні праходзяць радзей, – распавядае Юрый. – Шмат ездзілі напачатку, з кс. Марыюшам. Па яго просьбе падхапляліся і імчалі то ў Лаздуны, то ў Астравец ці Іўе... За гэты час былі з такой місіяй не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і ў Віцебскай, Пінскай, а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мы заўсёды адкрытыя на прапановы”.
   
    Першы крок – прызнаць сваё бяссілле
    У душпастырстве каля 50-60 актыўных удзельнікаў. Крыху больш жанчын. Сярэдні ўзрост – 40-50 гадоў. У асноўным, гэта самі залежныя асобы або іх родныя. Аднак большасць членаў супольнасці – сямейныя пары, дзе адзін з сужэнцаў падтрымлівае другога. У склад душпастырства неабавязкова ўваходзяць людзі, якія маюць праблемы. Далучаюцца неабыякавыя да пытанняў алкагалізму і наркаманіі або тыя, хто хоча жыць у цвярозасці. “Важна разумець, што залежнасць з’яўляецца хваробай, – падкрэслівае Юрый. – Гэты факт прызнаны яшчэ ў другой палове мінулага стагоддзя. На жаль, наша грамадства да сённяшняга дня лічыць, што залежныя людзі маюць слабы характар, не могуць узяць сябе ў рукі, і з-за таго негатыўна ставіцца да іх або ўвогуле адварочваецца. Самае цяжкае для трапіўшых у бяду – зрабіць першы крок. Прызнаць сваё бяссілле перад алкаголем і тое, што самакантроль страчаны. Усвядоміць гэтую праўду і звярнуцца за дапамогай. Далей – лягчэй. Чалавек бачыць, што ён не адзін, побач людзі з такой жа праблемай. Адчувае з іх боку разуменне, падтрымку. Усяго гэтага можна не атрымаць нават ад блізкіх. У душпастырстве ніхто не вучыць, як трэба жыць. Удзельнікі дзеляцца вопытам, знаходзячыся на адной прыступцы з пакутуючым”.