З Марыяй у новы навучальны год

Актуальна - З жыцця Касцёла

Пад такім дэвізам у трэцюю нядзелю верасня з гродзенскага францішканскага касцёла вырушыла пешая пілігрымка ў Капцёўку. Па традыцыі дзеці і моладзь, настаўнікі і выхавацелі, выкладчыкі і катэхеты адправіліся ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай, Цярпліва Слухаючай, на Узгорку надзеі, каб на пачатку навучальнага і катэхетычнага года атрымаць Божае бласлаўленне.
Кожны з пілігрымаў нёс да трона Маці Божай свае інтэнцыі, бо толькі тады паломніцтва мае сэнс.
   
    “Я ўжо не першы раз прымаю ўдзел у пілігрымцы. Яна дапамагае даверыцца Богу і атрымаць Яго падтрымку. Кожны год іду з той самай інтэнцыяй: дасягнуць яшчэ большых поспехаў у вучобе. На гэты раз адчула асаблівы духоўны ўздым. Хацелася папрасіць чагосьці вартага не толькі для сябе, але і для таго, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. Дзякавала Богу за штодзённую прысутнасць у маім жыцці. Мела шмат думак наконт таго, што хачу сказаць і даверыць апецы Маці Божай”.
    Марыя Углік, студэнтка 2-га курса ГрДУ ім. Янкі Купалы
   
    На Узгорку надзеі пілігрымаў прывітаў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма.
Урачыстую св. Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч нагадаў, што Паўсюдны Касцёл перажывае Юбілейны год міласэрнасці, і заахвоціў прысутных да здзяйснення ўчынкаў міласэрнасці. “Ніхто не можа навучыцца дабрачыннасці за кароткі час, так як нельга за дзень навучыцца граць на піяніна ці лятаць на самалёце. Патрэбны час і добрыя настаўнікі”, – дадаў кс. Юрый.
    І падкрэсліў, што важна быць спартыўным, музыкальным, ведаць матэматыку, фізіку і іншыя прадметы, але “вызначальным з’яўляецца ўменне слухаць голас сваёй душы, бачыць, што хтосьці патрабуе дапамогі. Бог глядзіць на тое, як чалавек выкарыстоўвае дадзеныя таленты, але, у першую чаргу, глядзіць на яго сэрца”.
   
Удзельнікі паломніцтва атрымалі біскупскае бласлаўленне    “Я ішоў у пілігрымку з адкрытай душой, бо вырушыў на сустрэчу з Богам і Найсвяцейшай Маці, якіх вельмі люблю. Нягледзячы на тое, што мне няшмат гадоў, адно ведаю дакладна: усё, што мы маем – гэта Божы дар. Таму ў пачатку навучальнага года варта стаць на калені і з верай у сэрцы схіліць галаву на бласлаўленне. У санктуарыі я маліўся за сваіх родных і блізкіх, што наблізіла мяне да Бога. Хачу навучыцца яшчэ болей любіць Усемагутнага, праз міласэрнасць адкрывацца на ўсіх людзей, якіх буду сустракаць у школе, дома, на вуліцы”.
    Віктар Дзюрдзь, вучань 5 класа сярэдняй школы №40 г. Гродна
   
    На заканчэнне св. Імшы былі асвечаны заплечнікі і школьныя прылады, якія дзеці i моладзь прынеслі з сабою ў пілігрымцы. Звяртаючыся да маладых людзей, гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што яны – надзея вернікаў. “Ужо сёння ад вас залежыць, якім будзе наш гродзенскі Касцёл у недалёкай будучыні. Таму старайцеся не толькі працавіта і пільна здабываць веды ў школе ці іншых навучальных установах, але пазнаваць Пана Бога на занятках рэлігіі, паглыбляць сваю веру, малітву і любоў да Яго”, – сказаў іерарх. Біскуп таксама заклікаў дзяцей і моладзь браць толькі добры прыклад ад іншых, перадусім, ад сваіх бацькоў і настаўнікаў.
    Ардынарый выказаў словы ўдзячнасці ўсім святарам, дыяканам, манаскім сёстрам і свецкім катэхетам: “Дзякую за тое, што стараецеся перадаць дзецям і моладзі не толькі веды, але і вялікія духоўныя каштоўнасці, якія будуць для іх важным арыенцірам у жыцці”. І блаславіў удзельнікаў пілігрымкі на ўсе ініцыятывы, якія чакаюць іх у бягучым годзе.
   
Для многіх маладых людзей пілігрымка стала традыцыйнай     “Нам вельмі патрэбна дапамога Маці Божай, Яе прысутнасць ва ўсіх нашых пачынаннях. Тут, на Узгорку надзеі, я чэрпаю сілы, у вышэйшай ступені адчуваю Яе дотык і разумею, што Марыя – крыніца сіл, якая ўвесь час мяне падтрымлівае. У пілігрымцы здзяйсняецца сапраўдны цуд: мы ідзём адзінай сям’ёй, супольна молімся, дзякуем за атрыманыя ласкі, просім аб дапамозе ў вучобе і працы, усхваляем Бога спевамі. Разам крочым ва ўзлюблены санктуарый, дзе заўсёды так гасцінна, утульна, цёпла, дзе, як у бацькоўскім доме, можна адпачыць і душой, і сэрцам. Шчыра і глыбока давяраемся нашай Нябеснай Маці. Бо гэта і ёсць самая надзейная гарантыя добрай вучобы і плённай працы”.
    Алена Садоўская, загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства ГрДУ ім. Янкі Купалы, выкладчык Вышэйшай духоўнай семiнарыі ў Гродне
   
    Пасля св. Імшы адбылася другая частка сустрэчы – прэзентацыя парафіяльных груп, што прыбылі ў санктуарый. Вясёлай забавай сталі інтэграцыйныя танцы. Стварэнню радаснай атмасферы спрыялa моладзь з душпастырства “OPEN”, якая суправаджалa сустрэчу акампанементам і спевам.
    У гэты дзень ніхто не пакінуў санктуарый галодным фізічна і духоўна. Гасцінныя гаспадары прыгатавалі для ўдзельнікаў смачную ежу, дзякуючы чаму пілігрымы змаглі аднавіць свае сілы. А сакрамант Эўхарыстыі адкрыў прысутных на Божыя ласкі, тым самым узбагаціўшы “спрагнёныя” душы.