Сусветныя дні моладзі – сапраўднае свята веры

Актуальна - З жыцця Касцёла

XXXI Сусветныя дні моладзі з удзелам Святога Айца Францішка прайшлі ў Польшчы з 26 па 31 ліпеня.
    Галоўныя падзеі адбываліся ў Кракаве – духоўнай сталіцы Божай міласэрнасці, у горадзе, асаблівым чынам звязаным з ініцыятарам СДМ – св. Янам Паўлам ІІ. Дэвізам спаткання сталі словы Езуса: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5, 7).
Быць знакам надзеі
    СДМ сталі святам колераў, твараў, падзей. Нягледзячы на моўны бар’ер, удзельнікі мелі ў сабе волю братэрства і жаданне будаваць масты. Напэўна, кожны прыбыў сюды са сваімі ранамі, разнастайнымі пытаннямі, але, перш за ўсё, з радасцю сустрэчы.
    Традыцыйна сімвалічнай карцінай Дзён моладзі з’яўлялася рознакаляровае мора сцягоў, якімі размахвалі ўдзельнікі. Цудоўна, калі сцягі канфліктуючых паміж сабой краін развіваліся побач, бо менавіта так і выглядае будаванне мастоў і нашай будучыні.
Новае пакаленне маладых людзей, спадкаемцаў і прадаўжальнікаў СДМ з упэўненасцю адказала на выклікі сённяшняга дня знакам надзеі. У сучасным свеце, ахопленым рознымі канфліктамі і пагрозай тэрарыстычных актаў (“вайны ў кавалках”, як часта паўтарае Святы Айцец Францішак), вельмі неабходны братэрства, блізкасць, дыялог, прыязнасць і служэнне.
   
    Любоўю змяняць аблічча зямлі
    Маладыя людзі былі захоплены прамовамі папы Францішка, які скіроўваў да іх словы даступна і проста.
    Святы Айцец пакінуў маладым усяго свету важнае пасланне, даў ім канкрэтнае заданне: праз любоў і ўчынкі змяняць аблічча зямлі, свае сэрцы і іншых людзей, служачы адзін аднаму ва ўзаемнай любові.
    Папа казаў аб міласэрнасці і неабходнасці схіліцца над слабым чалавекам. “Мы пакліканы, каб служыць укрыжаванаму Езусу ў кожнай ссунутай на ўзбочча асобе, каб дакрануцца да Яго бласлаўлёнага цела ў чалавеку галодным, сасмаглым, нагім, зняволеным, хворым, беспрацоўным, церпячым пераслед, бежанцы, мігранце”, – удакладняў Пантыфік. І запэўніваў моладзь прасіць ласкі зразумення таго, што без Божай міласэрнасці чалавек нічога не можа зрабіць.
    Самым запамінальным фрагментам з гамілій Папы стаў заклік “устаць з канапы”, якая не прыносіць шчасця. “Мы павінны вырашыцца замяніць канапу парай чаравікаў, што дапамогуць хадзіць па дарогах, якія ніколі нам не сніліся, пра якія мы нават не думалі; па дарогах, якія могуць адкрыць новыя гарызонты, зарадзіць радасцю – той, якая нараджаецца з любові Бога”. У гэтых словах Святы Айцец тлумачыць, што такія змены ў жыцці можна здзейсніць тады, калі адчуем у сэрцы смак прыгоды. Гэта ведаюць маладыя людзі, якія належаць да розных моладзевых супольнасцей пры сваіх парафіях, а таксама пілігрымы, якія вырушаюць у дарогу. Але часта гэтага зусім не разумеюць тыя, што сядзяць зачыненыя ў сваіх пакоях з тэлефонам, камп’ютарам, тэлевізарам.
   
    Пераймаць Божую міласэрнасць
    Пазбаўленае прыгоды жыццё мы вядзём таксама тады, калі ў ім ёсць месца толькі на працу і дом. Папа прапануе “выйсці на вуліцы, пераймаючы «шаленства» нашага Бога”. “Задаволены ў Пану не абмяжоўваецца пасрэдным жыццём. Ён палае жаданнем даваць сведчанне і даходзіць да іншых, любіць рызыку і пракладвае новыя дарогі, адкрыты і верны трасам, указаным Святым Духам: насуперак вегетацыі, узрадаваны евангелізацыі”, – кажа Святы Айцец. Неаднаразова паўтарае маладым: “Касцёл сёння глядзіць на вас. Больш таго, сёння ўвесь свет глядзіць на вас”.
    СДМ ужо скончыліся, але свет надалей углядаецца ў твары хлопцаў і дзяўчат, якія даверыліся Езусу. Хочацца спадзявацца, што яны здольныя быць са слабымі і пакінутымі, цешыцца разнастайнасцю, абуджаць у сабе голас Езуса і разам з Ім змяняць сваё жыццё ў прыгоду.
   
Цікавыя факты
    • СДМ “у мініяцюры” былі арганізаваны з 28 па 31 ліпеня ў Гаване. Кубінская моладзь, якая па розных прычынах (эканамічных і палітычных) не магла трапіць на сустрэчы ў Кракаў, духоўна злучылася з гэтымі падзеямі ў сталіцы сваёй рэспублікі. Праграма была складзена па ўзоры кракаўскіх СДМ: катэхеза, Крыжовы шлях і праход праз Брамы міласэрнасці. Як зазначае кубінская моладзь, нішто не змагло перашкодзіць ёй перажываць гэты досвед. Маладыя людзі адчувалі сябе ў адзінстве з Папам і равеснікамі, сабранымі на ХХХІ СДМ.
   
    • Падчас папскай Імшы цяжарная жанчына нарадзіла дзяўчынку. Разам з сяброўкай яна прыйшла прыняць удзел у Эўхарыстыі з Пантыфікам. Пасля Евангелля жанчына адчула боль, хоць да тэрміну родаў было яшчэ далёка. На “хуткай” яе адвезлі ў шпіталь, а сяброўка засталася, каб прыняць святую Камунію ў інтэнцыі дзіцяці. Папе паведамілі пра гэты выпадак. Праз прэс-сакратара Ён перадаў жанчыне сваё бласлаўленне. Дзіця нарадзілася ў Чанстахоўскай бальніцы ў 14.31, незадоўга да Гадзіны міласэрнасці. Бацькі далі дачцэ падвойнае імя Клара-Францішка і нават жартавалі, што Папа павінен стаць хросным для іх дзяўчынкі.
   
    • Аўтамабілі, у якіх Святы Айцец перамяшчаўся па Польшчы падчас СДМ, трапяць на аўкцыён. Іх можна будзе купіць разам з рэгістрацыйнымі знакамі: ад К1 да К4 РОРЕ. У напамін на іх знаходзяцца азначэнні з ватыканскіх нумарных знакаў. Атрыманыя ад продажу сродкі будуць перададзены ў кракаўскі “Карытас” на абсталяванне Дома міласэрнасці і Дома хлеба ў Бжэгах, а таксама на пакупку мабільнай клінікі ў лагер бежанцаў у Ліване. З такой жа мэтай на аўкцыён трапяць вышытая стула і чаравікі ручной працы, падараваныя Пантыфіку на заканчэнне СДМ.