Папа благаславіць Касцёл у Беларусі

З жыцця Касцёла

Канферэнцыя епіскапату Беларусі
Мы вельмі рады, што Вы вярнуліся ў сваю дыяцэзію. Падчас Вашага побыту ў Рыме мы злучаліся з Вамі духоўна. Калі ласка, Ваша Эксцэленцыя, падзяліцеся з нашымі чытачамі сваімі ўражаннямі ад візіту Ad Limina Apostolorum? Як пачаўся Ваш візіт?
    Першы дзень візіту, а было гэта ў суботу 12 снежня б.г., у 7.30 гадзінаў мы пачалі са св. Імшы ў базыліцы імя св. Пятра пры рэліквіях апостала. Гэта вельмі важна. Мы памяталі ў нашых малітвах пра ўвесь Касцёл на Беларусі і, безумоўна, кожны біскуп – пра сваю дыяцэзію, пра святароў, клерыкаў, пра сёстраў і пра вернікаў. У нас было за што дзякаваць Богу цераз заступніцтва св. Пятра і прасіць аб сіле кіраваць гэтым Касцёлам і дапамагаць Святому Айцу, быць вернымі свайму пакліканню. †


Мы ведаем, што пасля св. Імшы біскупы накіраваліся да магілы Яна Паўла II. Што Вы адчувалі там?

    Пасля св. Імшы ўсе біскупы адправіліся да магілы Божага слугі Яна Паўла II. У малітве мы памяталі таксама і пра ўвесь Касцёл на Беларусі. У нас было за што дзякаваць каля магілы Вялікага Папы, таму што менавіта Божы слуга Ян Павел II стварыў Гродзенскую дыяцэзію, аднавіў структуры Касцёла на Беларусі. Кленчачы ля яго магілы і датыкаючыся да мармуровай пліты, мы як бы дакраналіся да самога Папы Яна Паўла II. Ён жадаў, каб наш Касцёл развіваўся, адраджаўся і вельмі хацеў наведаць Беларусь. На жаль, гэтага не адбылося. Аднак мы спадзяёмся, што, будучы ў доме Айца, ён апякуецца намі. Як пры яго жыцці, так і цяпер мы адчуваем з ім духоўную лучнасць і яго дапамогу.

    Як праходзілі сустрэчы ў паасобных кангрэгацыях? Ці ведаюць у далёкім Ватыкане, чым жыве Касцёл на Беларусі?
    Святы Айцец як і яго супрацоўнікі вельмі добра ведаюць пра сітуацыю Касцёла на Беларусі. Па-першае, праходзіла падрыхтоўка, а паўгода раней мы павінны былі выслаць цераз нунцыятуру ў паасобныя кангрэгацыі апрацаваную справаздачу на больш, чым 70 старонках. Кожная кангрэгацыя даведалася пра тое, што адбываецца ў кожнай дыяцэзіі. І таму яны ведалі ўжо больш-менш пра нашую дзейнасць: пра нашыя радасці, дасягненні і праблемы. Пазней коратка мы расказалі аб усёй сітуацыі і на некаторыя нашыя пытанні пачулі братні адказ.

    Напэўна, было вельмі многа размоў, сустрэчаў у паасобных кангрэгацыях. Ці маглі б Вы расказаць пра некаторыя з іх і найбольш важныя для Касцёла на Беларусі?
    Напрыклад, мы былі ў Кангрэгацыі па справах Інстытутаў Кансэкраванага Жыцця і Таварыстваў Апостальскага Жыцця, якая займаецца справамі манаскага жыцця. Там ужо ведаюць, што за кансэкраванае жыццё пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі адказвае біскуп Казімір Велікаселец. Мы закранулі тэмы, якія датычылі манаскага выхавання і жыцця. Была звернута ўвага на тое, што лепш было б, каб адукацыя манахаў праходзіла ў Беларусі, таму што калі яны выязджаюць з краіны, то вельмі часта здараецца, што не вяртаюцца назад, а мы не ўяўляем сабе жыцця і развіцця Касцёла без манахаў і сёстраў. У нас жа ёсць адно супольнае заданне ў Касцёле. Манаскія супольнасці павінны захоўваць свае харызматы, пакліканні, што – не вельмі лёгка, у большасці выпадкаў яны працуюць у парафіях па аднаму і гэта – не вельмі добра, таму што неабходна, каб манахі дзейнічалі ў манаскіх супольнасцях.

    Ці Вы размаўлялі пра выхаванне клерыкаў і пра нашую семінарыю?
    Мы закраналі тэмы, звязаныя з семінарыямі ў Гродне і Пінску: перш за ўсё у Кангрэгацыі па справах Духавенства, а пазней – у Кангрэгацыі Каталіцкага Выхавання, дзе прэфектам з’яўляецца кардынал Грахалеўскі, які вельмі добра ведае Гродна. Ён быў у нас некалькі разоў, наведаў семінарыю, асвяціў касцёл у Свіслачы і ўвесь час расчулена ўспамінаў нас. Ён вельмі радуецца таму, што у нас ёсць пакліканні. Мы ведаем, што было б добра, калі б такіх пакліканняў было больш, бо адчуваем, што іх не хапае. Аднак вельмі істотнае значэнне набывае выхаванне і адукацыя святароў, каб яны былі больш адказныя і адпаведна адукаваныя. Не трэба звяртаць увагі на колькасць, але - на якасць і духоўнасць. Духоўнасць павінна быць на першым месцы.

    Аб чым Вы размаўлялі ў іншых кангрэгацыях?
Ля магілы Яна Паўла ІІС кардыналам Грахалеўскім    У Папскай радзе па справах СМІ было падкрэслена, што самым важным з’яўляецца пазітыўны кантакт святароў з вернікамі. Ішла размова і пра тое, што неабходны новыя сродкі для перадачы Добрай Навіны, але ніхто не заменіць святара – жывога чалавека.
    У Папскай радзе па справах падтрымкі адзінства хрысціянаў яе старшыня кардынал Вальтэр Каспер нагадаў, што ён быў некалькі разоў у Гродне. Кардынал радаваўся, што адносіны з праваслаўнай Царквой развіваюцца даволі добра. Хрыстус маліўся, каб Яго вучні былі адзінствам, і сёння такая малітва нам неабходна.
    У Найвышэйшым Трыбунале Апостальскай Сігнатуры я гавараў пра справы, звязаныя з дзейнасцю нашага касцёльнага суда. Я нагадаў пра цяжкія пачаткі гэтай працы, калі не хапала ўласных юрыстаў. У заключэнні я пачуў словы пахвалы: “Добра было б, калі б і ў іншых краінах касцёльныя суды дзейнічалі аналагічным чынам”.

    Згодна з планам побыту ў Рыме біскупы наведалі 4 самыя большыя рымскія базылікі. Калі ласка, падзяліцеся з намі сваімі ўражаннямі.
    Сваю вандроўку мы пачалі з базылікі імя св. Пятра. У нядзелю ў 8.00 гадзінаў раніцы мы цэлебравалі св. Імшу ў базыліцы імя Большай Божай Маці, падчас якой я ўспамінаў пра нашую гродзенскую катэдру, дзе знаходзіцца копія абраза Снежнай Божай Маці. Я маліўся і аддаваў Божай Маці ў апеку наш гродзенскі Касцёл. У наступны дзень я меў гонар быць галоўным цэлебрантам св. Імшы ў базыліцы імя св. Паўла за Мурамі. На заканчэнне нашага побыту мы ажыццявілі св. Імшу ў базыліцы імя св. Яна на Лятэране, а яе галоўным цэлебрантам быў арцыбіскуп Т. Кандрусевіч.

    Ці адбылася св. Імша ў тытулярным касцёле кардынала Казіміра Свёнтка?
    У 10.00 гадзінаў кардынал запрасіў нас у свой тытулярны касцёл імя св. Герарда. Гэты святы паходзіў з супольнасці аа. рэдэмптарыстаў. Гэта – новы касцёл, які пабудаваны на ўскрайку горада. Кардынал наведаў свой касцёл ужо трэці раз. Нас прыемна здзівіла вялікая радасць і спантаннасць вернікаў парафіі і ксяндза-пробашча, якія сустрэлі кардынала апладысментамі. Разам з біскупамі мы канцэлебравалі св. Імшу, падчас якой кардынал прамовіў гамілію.

    Ці ёсць шанс для падпісання дамоўленасці, якая рэгулюе адносіны “Касцёл – дзяржава”?
    Зараз вядзецца работа над зместам гэтай дамоўленасці. Прадстаўнікі нашага Касцёла ўдзельнічаюць таксама ў яе падрыхтоўцы.

    Раскажыце, калі ласка, пра аўдыенцыю ў Папы?
Праца ў кангрэгацыях    У панядзелак 18 снежня ў 11.45 адбылася асабістая аўдыенцыя ў Папы. Святы Айцец вельмі добра ведае пра ўсіх, хто яго наведвае. Я бачыў раскладзеную перад ім карту Беларусі. Ён паказаў мне на ёй Гродна – і тады яго твар засвяціўся радасцю. Я расказаў пра сітуацыю Касцёла на Гродзеншчыне. Святы Айцец вельмі цікавіўся, як Касцёл развіваецца і пытаў пра нашую моладзь. Бэнэдыкт XVI выказаў вялікае задавальненне, што ў нас ёсць пакліканні, што семінарыі выхоўваюць дбайных святароў. Мы размаўлялі пра тое, што наш Касцёл быў пераследаваны і на нашых землях панаваў атэізм. Сёння Касцёл Беларусі адраджаецца. На заканчэнне я сказаў Святому Айцу, што ўвесь Касцёл моліцца разам са Святым Айцом. Мы хочам, каб Бэнэдыкт XVI наведаў Беларусь, ступіў на нашую зямлю, якая так жадае бачыць Пятра нашых часоў.

    Ці Святы Айцец прыняў нашае запрашэнне?
    Божы слуга Ян Павел II гаварыў заўжды: “Як Бог дазволіць”, а Бэнэдыкт XVI заўважыў: “Як Бог дасць сілы” і радасна ўсміхнуўся, даючы зразумець, што ён вельмі хоча прыехаць да нас. Я папрасіў Святога Айца паблагаславіць мяне і святароў, клерыкаў, сёстраў і ўвесь Касцёл на Гродзеншчыне. Ён вельмі ахвотна зрабіў гэта. Падчас агульнай аўдыенцыі Папа сказаў, што гэта ёсць яго апостальскае благаславенне, якое мы павінны перадаць усім нашым вернікам.

    Вы сустракаліся са Святым Айцом. Якое ён робіць уражанне падчас сустрэчаў з людзьмі?
    Святы Айцец – радасны чалавек, які не глядзіць на іншых зверху і вельмі цёпла іх прымае. Ён – такі просты, пакорны і калі сустракаешся з ім, то зусім не хвалюешся.

    Чым закончыўся візіт Ad Limina Apostolorum біскупаў з Беларусі?
    У чацвер пасля візітаў ва ўсе кангрэгацыі прайшла агульная сустрэча са Святым Айцом, падчас якой я як старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звярнуўся да Папы з прамовай. Пазней Бэнэдыкт XVI зачытаў нам сваё папскае пасланне. На заканчэнне я хацеў бы падзякаваць усім Вам, мае дарагія, што Вы маліліся за мяне. У сваю чаргу я памятаю ў сваіх малітвах пра кожнага з Вас, дарагія дыяцэзіяне.

Вялікі дзякуй за размову.
Фота L'Osservatore Romano і кс. А. Амяльчэні