“Спорт – адзін з найлепшых шляхоў для пераадолення ўсіх межаў” (Ян Павел II)
Паводле Божага Провіду ў гэтым годзе 20-21 лістапада горад Слонім прымаў удзельнікаў V турніру па футболу, прысвечанага памяці аб Божым слузе Яне Паўле II. Каля 80 удзельнікаў з 7 рыма-каталіцкіх і адной праваслаўнай парафій прыбылі на турнір, каб супольнай малітвай і спортам аддаць даніну пашаны Папу Яну Паўлу II.
Як і штогод цэнтральная падзея кожнага дня – Эўхарыстыя. У першы дзень турніру галоўным цэлебрантам св. Імшы быў і абвясціў казанне на тэму: “Бог – у жыцці чалавека” а. Андрэй Букштан OFMCap, пробашч мясцовай парафіі імя св. Андрэя. Затым удзельнікі турніру праслухалі канферэнцыю на тэму: “Моладзь – у навучанні Яна Паўла II”. Пасля смачнага абеду, падрыхтаванага ў кухні айцоў-капуцынаў, 8 камандаў прыняло ўдзел у групавых розыгрышах.
Другі дзень пачаўся Эўхарыстыяй, галоўным цэлебрантам якой быў кс. Артур Малафей, арганізатар турніру. Пасля св. Імшы прайшлі фінальныя спаборніцтвы. А потым – уручэнне ўзнагародаў пераможцам і супольны абед.
†