Аб святарстве...

З жыцця Касцёла

Aрцыбіскуп Т. Кандрусевіч
Цяпер у нас – год Святарства. Пра гэта шмат гавораць і пішуць. Ці Вы памятаеце свае гады святарства?
    Я памятаю свае першыя св. Імшы. Гэта было ў Літве ў адной літоўскай парафіі. Ксёндз, які там быў, убачыў, як я паказваў кансэкраваную Гостыю людзям – тады ў мяне дрыжалі рукі. Пазней ён нагадаў мне, што я трымаю ў руках самога Бога, самога Езуса Хрыста. Я жадаю гэтага кожнаму ксяндзу, каб з дрыжачымі рукамі, з павагай ён паказваў вернікам Хрыста.


   Кім ёсць святар?

    Простым чалавекам, які можа захварэць, які патрабуе адпачынку, даху над галавой і павінен жыць так, як і іншыя людзі. Але ён дакранаецца да самога Бога і дае Яго іншым людзям. Я быў вельмі ўсхваляваны і моцна перажываў у хвіліны святарскіх пасвячэнняў, а пазней – біскупскай кансэкрацыі. Цяпер я яшчэ больш адказны за тых святароў, якіх пасылаю: каб яны не заплямілі гэтае святарства, каб былі вернымі святарскаму прызванню, Таму цяперашні год – гэта Божая ласка. Бо сёння святарства перажывае крызіс. Многія святары адракаюцца ад свайго святарства і замяняюць яго на штосьці іншае. Патрэбна маліцца за іх і за прызванні. Святы Ян Марыя Віянэй з’яўляецца такім прыкладам для ксяндзоў і патрэбна шукаць узоры для пераймання сярод нас. У нас былі святарскія рэкалекцыі і падчас іх у трапезнай чыталі кніжачку пра кс. Станіслава Жука. Ксёндз, які вёў рэкалекцыі, сказаў, што можна было б замест усяго рэкалекцыйнага навучання прачытаць толькі гэтую кніжку. Прыклад гэтага святара такі пераканаўчы, што тут няма чаго дадаць ці адняць. У тыя часы ён імкнуўся быць той “свечкай”, якая спальваецца да канца на алтары. Так і ён згараў для людзей – менавіта такі павінен быць ксёндз.

    Як праходзіць год Святарства ў Беларусі?
    Касцёл у Беларусі ўключыўся ў святкаванне года Святарства. Адразу ж я напісаў пастырскі ліст да святароў і вернікаў. Пазней у Мінску мы арганізавалі сустрэчу святароў. Цяпер наша архідыяцэзія плануе выезд на Святую Зямлю. У самым канцы бягучага году мы плануем арганізаваць яшчэ адну канферэнцыю для святароў у Мінску.


Ці Папа прыезде ў Беларусь?
Спачатку Беларусь наведаў кардынал В. Каспер, пазней – кардынал Т. Бэртонэ і праз некалькі тыдняў – ізноў кардынал В. Каспер. Ці будзе наступным прыезд Папы?
    На самай справе, сёння многія біскупы і кардыналы з-за мяжы прыязджаюць у Мінск, у Беларусь. Толькі ў гэтым годзе было досыць многа гасцей, а апошні раз у нас гасцявалі кардынал В. Каспер з Рыму, старшыня Папскай рады па справах экуменічнага дыялогу, старшыня камісіі па справах хрысціянска-юдаістычнага дыялогу, а таксама кардынал Тэадор Мак Каррык, арцыбіскуп з Вашынгтону на пенсіі – чалавек, які займае ў грамадскай навуцы Касцёла вельмі высокае становішча і якога паважаюць ва ўсім свеце. Я памятаю ягоз таго часу, калі працаваў у Маскве: колькі разоў ён ні прыязджаў, то гэтую асобу прымалі на вельмі высокіх дзяржаўных узроўнях. З думкай такога чалавека лічацца. Гэта гаворыць пра тое, што Беларуссю ўсё больш цікавяцца ў свеце.
    А што датычыць прыезду Папы, то толькі Бог гэта ведае. Я магу сказаць, што людзі вельмі чакаюць прыезду Папы. Мы ўсе молімся за гэта. Прэзідэнт запрасіў Папу і ён сказаў мне пра гэта сам: “Як Бог адкрые мне дзверы, то я ўвайду ў іх”. Я пытаўся некалькі разоў пра гэта Святога Айца. Трэба маліцца. Чым больш пра гэта гаворыцца, чым больш мы молімся, тым бліжэй – прыезд. Я заахвочваю ўсіх да малітвы і цярплівасці. А тое, што беларускі народ заслужыў, каб Папа быў тут – гэта праўда.

   9 снежня б.г. пачынаецца візіт Ad Limina Apostolorum канферэнцыі біскупаў Беларусі. Ці Вы думалі ўжо пра тое, пра што будзеце гаварыць з Папам?
    Спачатку трэба сказаць, што гэта будзе першы візіт Ad Limina біскупаў Беларусі да новага Папы. Перш за ўсё я павінен зачытаць кароткую справаздачу. У мяне ўсё ўжо падрыхтавана, нават мы выслалі паўгода таму назад у Рым дакументы, каб у Ватыкане іх ужо разгледзелі. Напэўна, будуць пытаць у мяне, якая склалася ў нас сітуацыя, што робіцца ў нашай краіне. У кожнай кангрэгацыі трэба будзе штосьці сказаць: пра моладзь і пра ажыццёўленую літургію, пра выхаваўчую працу са святарамі і г.д.
    А для Папы коратка патрэбна апісаць сітуацыю Касцёла Беларусі. Мой вопыт з Расіі падказвае мне, што недастаткова гаварыць толькі пра нашыя дасягненні, але трэба таксама сказаць і пра праблемы, не трэба гэтага баяцца. Можа мы чаго-небудзь не зрабілі ці дапусцілі памылкі, тады магчыма, што яны нас павучаць і зробяць заўвагі – гэта таксама неабходна. Але патрэбна павучыцца вопыту ад тых людзей, якія працуюць у кангрэгацыях і збіраюць інфармацыю з усяго свету. Можа яны дапамогуць нам выйсці з якой-небудзь складанай сітуацыі або дапамогуць вырашыць якую-небудзь нашую праблему. Таму я буду гаварыць больш не пра тое, што мы зрабілі, а пра набалелае. Папа будзе задаваць пытанні, а ў кангрэгацыях будуць таксама ставіць нам пытанні.

    Ці Вы будзеце запрашаць Папу?
    Напэўна, канферэнцыя біскупаў будзе запрашаць Святога Айца.