Рух Марыі ў м-не Вішнявец г. Гродна

Карані нашай веры

Культ Марыі пачаў развівацца яшчэ падчас зямнога жыцця нашай нябеснай Маці. Існуе шмат розных груп, рухаў, якія праслаўляюць Божую Маці і служаць Ёй. Рух Марыі (РМ) з’яўляецца адным з іх. Каб больш даведацца пра гэты рух, мы паразмаўлялі з яго кіраўніком Алегам Горбачам.
    Спачатку варта сказаць некалькі слоў пра кіраўніка руху. Пан Алег, як яго называюць дзеці, кіруе таксама рухам Яна Паўла II, якому 2 кастрычніка споўніцца ўжо 2 гады. Нядаўна гэты чалавек арганізаваў Цэнтр дапамогі жыццю, дзе яго ўдзельнікі моляцца за забарону абортаў. Акрамя гэтага ў сваёй парафіі ў м-не Вішнявец ён праводзіць індывідуальныя заняткі па падрыхтоўцы дзяцей да Першай Камуні. Таксама спадар Алег уваходзіць у склад Катэхетычнага аддзела нашай Гродзенскай дыяцэзіі.
- Як і калі з’явілася ідэя стварэння такога руху?
    - РМ існуе ўжо 3 гады. Ён быў створаны 1 верасня 2008г. Чаму я вырашыў арганізаваць такі рух? Мне хацелася, каб у нашай парафіі дзеці хадзілі не толькі на катэхезу, але каб крыху больш - у касцёл, каб дзеці былі бліжэй да Божай Маці.

    - У чым сутнасць РМ? Чым тут займаюцца дзеці?
    - Можна сказаць, што РМ – гэта рух, члены якога хочуць належаць да Божай Маці, хочуць няспынна Яе праслаўляць. Шлях кожнага чалавека павінен ісці да Бога і не інакш, як толькі праз Марыю.
    Наш рух мае свае мэты, запісаныя, скажам так, у яго рэгламенце. Першая – гэта дапамагаць Марыі выратоўваць душы. Другая – жадаць людзям Бога: сваім прыкладам, сваімі словамі. Трэцяя – няспынна благаслаўляць Матчыным Сэрцам Марыі.
    Божая Маці, аб’яўляючыся ў Меджугорыі, прасіла нас, людзей, каб мы благаслаўлялі цераз Яе Матчынае Сэрца, прамаўляючы словы: “Няхай Бог-Айцец вас благаславіць і Марыя возьме вашае жыццё ў свае рукі і няспынна аберагае сваім Матчыным Сэрцам”. Мы ўсюды можам гэта рабіць: і ў тралейбусе, і на вуліцы, і на прыпынках.
    Малітва - галоўнае на нашых занятках. Мы сустракаемся кожную нядзелю а палове першай, за паўгадзіны да святой Імшы. Мы пачынаем нашае спатканне малітвай, потым абавязкова ідзем на Імшу, а пасля заняткі працягваюцца да 16 гадзін 10 хвілін. Мы заканчваем нашую сустрэчу малітвай “са свечкай”, падчас якой кожны мае магчымасць падзякаваць Богу, папрасіць у Яго прабачэння, прадставіць Яму свае просьбы. Акрамя малітвы мы з дзецьмі размаўляем на розныя тэмы, асабліва ідзе размова наконт Марыі, таксама я расказваю ім пра жыццё святога Францішка з Асыжа. Мы размаўляем і аб дабрыні, міласэрнасці. Я расказваю дзецям аб душах з чысца, за якія мы заўсёды молімся. На сваіх сустрэчах мы арганізоўваем розныя гульні, у якіх удзельнічае кожны. Хто за намі назіраў збоку, называў нас адной вялікай сям’ёй менавіта таму, што ніхто з дзетак не сядзіць у куточку, а прымае ўдзел у гульні і ў ва ўсіх мерапрыемствах увогуле, ніхто не застаецца без увагі.

    - Хто можа стаць удзельнікам РМ?
    - Нашым удзельнікам могуць быць дзеці і моладзь ад 7 і да 18 гадоў. Нашая поўная назва – дзіцячая каталіцкая група (ДКГ) “Рух Марыі” у м-не Вішнявец. Хацелася б таксама дадаць, што большасць нашых удзельнікаў – гэта дзеці з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных, а часам нават і няўдачных сем’яў.
    Пазней я хацеў бы зрабіць, каб гэта была не толькі дзіцячая група, бо дзеці растуць, становяцца старэйшымі, а каб гэта была каталіцкая садружнасць “Рух Марыі”.

    - Вы прымаеце ўдзел у парафіяльных і дыяцэзіяльных мерапрыемствах?
    - Так, безумоўна. Мы ўдзельнічаем у пілігрымках: у Капцёўку, Тракелі, таксама прымаем удзел у дыяцэзіяльным Крыжовым шляху. Пазнаць нас можна па нашым сцягу. Яго колеры – гэта колеры нашай нябеснай Маці: белы і блакітны. На сцягу знаходзіцца таксама наш знак – гэта “Т” (TAU) з сэрцам у сярэдзіне. А нашым дэвізам з’яўляюцца наступныя словы: “За Хрыстом і Марыяй шляхам святога Францішка з Асыжа”. Менавіта святога Францішка, таму што гэта быў святы, які любіў усё жывое і асабліва ўшаноўваў Бога. Мне вельмі падабаецца яго жыццё. Акрамя гэтага у нас ёсць e-mail. Дарэчы, на наш электронны адрас прыходзяць лісты ад нашых сяброў і знаёмых з просьбай аб малітве, якую мы з задавальненнем выконваем. Кожны, каму патрэбна малітва, можа напісаць да нас. На кожным спатканні мы молімся ў інтэнцыі гэтых просьбаў.
     Што датычыцца парафіі, то кожны год мы арганізоўваем выступленні. У 2008 годзе, калі наш рух толькі з’явіўся, мы праводзілі канцэрт пад назвай “Табе, Езус, хвала!” На другі год мы арганізоўвалі невялікі сцэнічны мюзікл на тэму Божага Нараджэння. У гэтым годзе хацелі б зрабіць у канцы лістапада выступленне, маленькі мюзікл, сумесна з Цэнтрам дапамогі жыццю. Хочам закрануць тэму абортаў. Ужо ёсць ідэі. З кастрычніка мы хочам пачаць рэпетыцыі. Таму запрашаем.

    - Ці плануеце выйсці на дыяцэзіяльны ўзровень?
    - Бясспрэчна, хацелася б выйсці на дыяцэзіяльны ўзровень. Для гэтага нам трэба яшчэ працаваць, каб мець моцную базу: як духоўную, так і матэрыяльную. У нас даволі складаная сітуацыя з дапамогай, у першую чаргу з матэрыяльнай. Гэта, безумоўна, не галоўнае, але тым не менш дае магчымасць зрабіць больш для развіцця руху. Але нягледзячы на гэта наш РМ існуе толькі дзякуючы апецы Божай Маці, да якой мы няспынна молімся.

Выказванні ўдзельнікаў РМ:
Вадзім Алешчык, 11 год:
    “Падабаецца прыходзіць на пасяджэнні РМ, таму што тут весела і цікава. Шмат добрых людзей.”

    Івона Касінская, 14 год:
    “Для мяне РМ – гэта вельмі цікава. Цікава даведвацца штосьці новае пра Бога. Пан Алег дапамагае нам паглыбіць нашыя рэлігійныя веды. Навучае нас новым малітвам. ”

    Яна Мілюк, 13 год:
    “Я з самага пачатку ў РМ. Мне гэта вельмі падабаецца. Можа, калі некаторым здаецца, што РМ – гэта можна прыйсці, а можна і не прыйсці, то для мяне - гэта абавязкова. Я даведалася шмат чаго новага наконт рэлігіі. Ды і адчуваю, што сама змянілася ў лепшы бок.”

    Наталля Грынашкевіч, 12 год:
    “Я знаходжуся ў РМ ужо 2 гады. Тут вельмі цікава і весела. Калі ты тут, то не адчуваеш нейкіх сваіх недахопаў. Калі ты плачаш, то табе заўсёды дапамогуць, супакояць, скажуць: “Не плач, Бог блізка”. З моманту, як я пачала наведваць РМ, адчуваю ў сабе перамены: стала больш сур’ёзна ставіцца да ўсяго, стала неабыякавай да іншых”.