Што злучае Фаціму з Фаустынай Кавальскай?

Юбілей

Да 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме
Фацімскае аб’яўленне і аб’яўленне Божай міласэрнасці маюць шмат супольных рыс. Прыгадваюць, што адзіным ратункам з’яўляецца рэанімацыя веруючага сэрца. Сутнасць абодвух аб’яўленняў – скіраваны да людзей заклік, каб паклапаціліся аб збаўленні сваім і цэлага свету. Бо чалавек, адварочваючыся ад Стварыцеля, набліжаецца да катастрофы, скіроўваючы самога сябе на асуджэнне.
Скажы збалеламу чалавецтву, няхай прытуліцца да Майго міласэрнага сэрца, а Я напоўню яго спакоем”, – гаворыць Езус с. Фаустыне. “Сэрцы Езуса і Марыі хочуць праз вас аказаць свету веліч міласэрнасці”, – кажа Анёл дзецям з Фацімы. У абодвух пасланнях бачым заклік, каб свет звярнуўся да Бога. Ратунак – у адкрыцці сэрца наноў. І фацімскае пасланне, і “Дзённік” с. Фаустыны – гэта зварот да людзей, каб у Сэрцы Езуса і Сэрцы Марыі адшукалі самы дасканалы ўзор і ў той жа час сілу да абавязковай перамены, да навяртання.
    Як пастушкі, так і манахіня мелі бачанне пекла. Св. Фаустына ў “Дзённіку” запісвае: “Сёння я была ў глыбінях пекла, заведзеная туды Анёлам”, – пасля чаго пералічвае, у чым заключаюцца пякельныя мукі. Усё апісанне заканчвае словамі: “Пішу аб гэтым згодна з Божым наказам, каб ніводная душа не сцвярджала, што пекла няма, альбо што ніхто там не быў і не ведае, як у ім. Я, сястра Фаустына, па Божым загадзе была ў бездані пекла для таго, каб расказваць душам і сведчыць, што пекла існуе”. Яе асабістым адказам на гэтае бачанне было павелічэнне стараннасці: “Калі я апамяталася, не магла супакоіцца ад спалоху, як страшна там пакутуюць душы. Таму яшчэ больш горача малюся аб навяртанні грэшнікаў, пастаянна прашу Божай міласэрнасці для іх”.
На старонках “Дзённіка” манахіня шматразова паўтарае, што прагне ратаваць канаючыя душы, якія знаходзяцца над безданню, бо не паядналіся з Усемагутным. Піша: “Ужо перад самай пагібеллю міласэрны Бог дае душы тое яснае ўнутранае імгненне, што, калі хоча, яна мае магчымасць вярнуцца да Бога”. І дадае: “Але няраз душы настолькі ўпартыя, што свядома выбіраюць пекла; робяць дарэмнымі ўсе малітвы, якія іншыя душы ўзносяць за іх да Пана, і нават усе Божыя намаганні”.
    Фацімскія дзеці ўбачылі пекла 13 ліпеня 1917 года.
    З успамінаў: “Здавалася, што бляск пранікае праз зямлю, і мы ўбачылі нібы мора агню. У гэтым агні былі паглынуты дэманы і душы, як празрыстыя распаленыя да чырвані вуглі, чорныя ці карычневыя, падобныя да людзей, захопленыя пажарышчам, узнесеныя полымем, якое выпаўзае з іх саміх разам з клубамі дыму, што валяць ва ўсе бакі...”. Дзеці моцна спалохаліся. Але страх хутка змяніўся гарачым жаданнем ратаваць душы ад асуджэння. Пастушкі, як і с. Фаустына, прагнулі пакутаваць, прымаць цярпенні, у пэўным сэнсе браць на сябе кару за грахі іншых, каб ратаваць іх ад пекла.
   
Як пастушкі з Фацімы, так і св. Фаустына паходзілі з бедных сялянскіх сем’яў. Што праўда, святая з Польшчы падчас аб’яўленняў ужо не была дзіцём – належала да бяднейшай групы манахінь, якія займаліся фізічнай працай. Завіхалася на кухні, у садзе, у шпіталі, на прахадной.

    Пасля таго, як Марыя паказала дзецям з Фацімы пекла, навучыла іх малітве, якую да сёння прамаўляем пасля кожнай таямніцы ружанца: “О, мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць”. Гэта, па сутнасці, малітва аб Божай міласэрнасці. Яна з’яўляецца даверлівым далучэннем да жадання Стварыцеля, каб усе душы трапілі ў Неба.
    Так на пачатку ХХ стагоддзя з Партугаліі і Польшчы – 2-юх супрацьлеглых старон Еўропы – плыло тое самае пасланне Божай міласэрнай любові. З аднаго боку Езус указваў на сваё Сэрца як крыніцу сакрамантаў, а з іншага – Марыя скіроўвала позірк на сваё Беззаганнае Сэрца як прыклад абсалютнага з’яднання з Богам, з Хрыстом.